АДНОЙ ДАРОГАЙ АБ'ЯДНАНЫЯ. 21.by

АДНОЙ ДАРОГАЙ АБ'ЯДНАНЫЯ

08.09.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Штогод раніцай аднаго з апошніх дзён жніўня ад сцен мінскага Свята-Духава сабора адпраўляецца ў шлях экспедыцыя, якую чакаюць жыхары маленькіх вёсачак і вялікіх гарадоў. Чакаюць таму, што ведаюць: навукова-асветніцкая экспедыцыя прынясе з сабой лампаду з Дабрадатным Агнём, запаленым ад Гроба Гасподняга. Гэта трапяткое полымя будзе перададзена ў мясцовыя праваслаўныя храмы і адтуль абавязкова памножыцца-патрапіць на свечкі ўсіх прыхаджан. Пасля гэтай урачыстасці будуць сустрэчы з жыхарамі, ва ўстановах адукацыі, культуры, бальніцах, інтэрнатах, дзіцячых прытулках... На завяршэнне па існуючай традыцыі паломніцкае шэсце ўрачыста ўступае ў сталіцу Дня беларускага пісьменства і друку.

Ціхай, сонечнай раніцай пачаўся сёлетні, 19-ы па ліку маршрут. Удзельнікаў экспедыцыі бласлаўляў наказ у дарогу ад Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта: "Кожны з вас — чалавек культуры. І кожны з вас закліканы сведчыць, што культура і культ — з'явы роднасныя. Менавіта таму сапраўдная культура ніколі не можа страціць сваю сувязь з рэлігійнасцю".

Сапраўды, кожны з удзельнікаў шматдзённага паломніцтва з'яўляецца рупліўцам культуры і веры — таго, што робіць нас часткай адзінага дзесяцімільённага беларускага народа. Святары, пісьменнікі, навукоўцы, артысты, музыканты, прадстаўнікі дзяржаўных устаноў, грамадскія дзеячы — усе яны ў кожным населеным пункце становяцца ўдзельнікамі сустрэч з месцічамі, спрыяюць папулярызацыі беларускага слова і нацыянальнай культуры.


Прыклад таму — адзін з першых прыпынкаў: вёска Лясная Баранавіцкага раёна. Тут 130 гадоў таму нарадзіўся Уладзіслаў Галубок — вядомы рэжысёр, драматург, тэатральны мастак, першы народны артыст БССР. Зараз на зямельным участку, дзе ў ХІХ стагоддзі стаяла хата будучай зоркі беларускага тэатра, высіцца прыгожы храм у гонар Казанскага абраза Божай Маці. Тут адбыліся хрэсны ход, малебен, перадача Дабрадатнага Агню на свечкі прыхаджан і, зразумела, найцікавейшыя выступленні такіх аўтарытэтных знаўцаў беларускай тэатральнай культуры, як народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч і член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар філалагічных навук, прафесар Сцяпан Лаўшук.

Цікавы запіс застаўся ў маім дарожным нататніку пасля чарговага прыпынку ў вёсцы Ула Бешанковіцкага раёна. Яшчэ ў Мінску перад адпраўленнем у экспедыцыю мы ведалі, што разам з кнігамі беларускіх выдавецтваў, ахвяраванымі свечкамі, апаленымі Дабрадатным Агнём, мы павязём з сабой прыгожа вышытае адзенне праваслаўнага святара. Яго вырабіла сталая ўдзельніца ўсіх паломніцтваў, майстар-залаташвачка Марыя Грыб. Пасля набажэнства на двары храма ў гонар Святой Тройцы экспедыцыя пера- дала ў падарунак вяскоўцам кнігі, а асабіста з рук майстрыхі мясцовы святар атрымаў прыгожыя рызы. Праз чвэрць гадзіны, калі ўсе ў захапленні разглядалі знешні выгляд мясцовага храма (дарэчы, ён часткова адрамантаваны, але патрабуе яшчэ большых намаганняў будаўнікоў і рэстаўратараў), высветлілася, што гэты велічны будынак ХІХ стагоддзя дагэтуль не ўнесены ў афіцыйны спіс помнікаў, якія знаходзяцца пад аховай дзяржавы. З гэтага моманту ініцыятыва размовы перайшла да ўдзельніка экспедыцыі пісьменніка Анатоля Бутэвіча — намесніка старшыні Рэспубліканскай грамадскай рады па справах культуры і мастацтва пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь. Ён, не марудзячы, звязаўся па тэлефоне з адказнымі ўстановамі, удакладніў існуючае становішча і тут жа растлумачыў, як і калі рыхтаваць дакументацыю для залічэння храма-прыгажуна ў спіс архітэктурнай спадчыны. Гэта ў будучыні дасць магчымасць не толькі абараніць старажытны будынак ад незаконнай перабудовы, але і атрымліваць з бюджэту сродкі на яго рамонт. Што і казаць, усё вышэйназванае — добрая падтрымка вясковаму храму, які некалькі дзесяцігоддзяў таму стаяў зачынены, а частку яго памяшканняў гаспадарнікі выкарыстоўвалі як склады.

Яшчэ пра адзін эпізод са шматдзённай паездкі — дадатковы штрых да калектыўнага партрэта ўдзельнікаў паломніцтва. У аўтобусе звярнуў увагу на сівую жанчыну, якая задумліва ўглядалася ў разгорнутую кнігу "Памяць" Гарадоцкага раёна. На маё пытанне, што цікавіць яе ў гэтым томе, адказала коратка: бацька. Мая суразмоўца, жыхарка Брэста Галіна Гуляева, — былы журналіст, знаўца музейнай справы. Спрычыненасць да гісторыі Гарадоцкага раёна самая прамая: у 1941 годзе яе бацька быў партызанам і загінуў тут. Зараз у цэнтры вёскі Мяжа на помніку тым, хто пахаваны ў брацкай магіле, значыцца і яго прозвішча. Здымак партызана ў кнізе "Памяць" аказаўся такім жа, як і ў музеі райцэнтра. У зале каля стэнда з дакументамі партызанскага руху ўсе наведнікі музея пачулі кранальныя ўспаміны пра бацьку-партызана, пра яго тагачасных сяброў, якім лёс даў застацца жывымі і расказаць потым пра гістарычныя падзеі мінулай вайны. На шляху экспедыцыі было некалькі прыпынкаў каля брацкіх магіл вызваліцеляў. Жалобнае набажэнства ў гэтых месцах і асвячэнне помнікаў застаюцца ў памяці як самы выразны прыклад повязі мінулага з сённяшнім днём. Да месца ўзгадаць і тое, што шмат дзе мы чулі расповеды пра святароў, якія ў час вайны, рызыкуючы жыццём, дапамагалі змагацца супраць захопнікаў. Прыклад таму — лёс а.   Савелія, святара на лёзненскай зямлі.

Асобнага месца ў расповедзе патрабуе адзін з галоўных складальнікаў сцэнарыя паломніцтва — пасадка Саду малітвы. Па словах кіраўніка экспедыцыі, лаўрэата прэміі "За духоўнае адраджэнне" пісьменніцы Ніны Загорскай, гэты сад застаецца паўсюдна, дзе праходзяць сустрэчы з месцічамі. Пасля набажэнстваў і ўрачыстых мітынгаў паломнікі разам з жыхарамі саджаюць пладовыя і лясныя дрэўцы на месцах, вызначаных мясцовымі ўладамі і святарствам. Пад кожную раслінку падсыпаецца зямля, прывезеная са Святога поля пад Баранавічамі. У кожным месцы прыпынку экспедыцыя прынародна прымае капсулу з зямлёй гэтай вёскі ці горада. Сімвалічнае адзінства зямлі з розных куткоў Беларусі — рэальная глеба, на якой будзе расці-пашырацца неўвядальны сад нашай агульнай памяці. Усяго, як сведчаць архівы мінулых экспедыцый, высаджана каля васьмісот самых розных дрэўцаў: яблынь, дубоў, клёнаў, ліп, вязаў, лістоўніц... Сёлета саджанцы новага Сада малітвы ў сталіцы свята Дня беларускага пісьменства горадзе Глыбокім пазначаны адметнымі надпісамі — на падпорках каля маленькіх дрэўцаў выведзена: яблынька Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Танка. Імёны пісьменнікаў, чый юбілей адзначае ўся Беларусь, будуць чутны і ў пошуме дрэў, пасаджаных пад агульную малітву.

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Штогод раніцай аднаго з апошніх дзён жніўня ад сцен мінскага Свята-Духава сабора адпраўляецца ў шлях экспедыцыя, якую чакаюць жыхары маленькіх вёсачак і вялікіх...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика