Светлая цукровая будучыня?. 21.by

Светлая цукровая будучыня?

08.09.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Кааперацыя беларускіх і расійскіх прамысловых прадпрыемстваў нарошчвае тэмпы. Агульны рынак і агульная мяжа нараджаюць агульныя эканамічныя інтарэсы. Адным з іх з'яўляецца ўзбуйненне бізнэсу, што дае адчувальны эфект як па эканоміі на кіраўніцкіх кадрах, так і па паляпшэнні ўмоў канкурэнцыі на знешніх рынках. Цукровая прамысловасць Беларусі і Расіі не хоча заставацца ўбаку. Як нядаўна адзначыў старшыня канцэрна "Белдзярхарчпрам" Іван Данчанка, нашы краіны здольныя не толькі цалкам забяспечыць сябе цукрам, але і экспартаваць лішкі — каля 300 тыс. т.

Вядома, частка беларускага і расійскага цукру традыцыйна спажываецца Казахстанам (ён вырабляе недастаткова цукру для ўласных патрэб), але ўсё ж застаецца даволі вялікая колькасць лішняй прадукцыі. Найбольш перспектыўныя рынкі збыту для яе — іншыя краіны Цэнтральнай Азіі і Каўказ. Без каардынацыі намаганняў расійскіх і беларускіх вытворцаў цукру па збыце лішкаў яны пачынаюць канкурыраваць паміж сабой на гэтых рынках, збіваючы цэны адзін аднаму. У выніку мала зарабляюць і расійскія, і беларускія прадпрыемствы. Пры стварэнні сумеснай кампаніі па збыце цукру за межы Мытнага саюза гэтая праблема знікае.

Больш за тое, сумесная кампанія дазволіць больш паспяхова канкурыраваць з магутнымі замежнымі прадпрыемствамі, якія штогод прадаюць на сусветных рынках мільёны тон гэтай прадукцыі. Самым магутным цукровым экспарцёрам свету з'яўляецца Еўрасаюз. Хоць у ЕС і спажываецца штогод амаль 25 млн тон цукру, больш як 10 млн тон цукру адны прадпрыемствы Еўрасаюза пастаўляюць на экспарт, і амаль палову ад гэтай колькасці іншыя прадпрыемствы ЕС імпартуюць. Імкненне буйнога бізнэсу ў ЕС вырабляць цукар і для ўнутранага рынку, і на экспарт, дарэчы, гаворыць і пра існуючую рэнтабельнасць цукровага бізнэсу.

Вядома, цяпер не часы ХVІІ—ХІХ стагоддзяў, калі цукар быў фактычна эквівалентам цяперашняй нафты па важнасці ў гандлі і даходах. У ХVІІІ—ХІХ стагоддзях цукровы бізнэс быў цесна звязаны з гандлем рабамі. Мільёны жыхароў Афрыкі былі зняволены і вывезены за межы кантынента з канкрэтнай мэтай выкарыстання для працы на плантацыях цукровага трыснягу. Даходы ад выкарыстання рабскай працы на цукровых плантацыях зрабілі багатымі многіх іспанцаў і партугальцаў, брытанцаў і амерыканцаў.

Забаронена была рабская праца толькі ў другой палове ХІХ стагоддзя, але даходы ўладальнікаў цукровых плантацый усё роўна нарасталі з-за ўсё большай звычкі да спажывання цукру ў Еўропе і росту вытворчасці. Зайздрасць урада ЗША да велізарных прыбыткаў іспанскіх каланізатараў на цукровых плантацыях на Кубе, Філіпінах і ў Пуэрта-Рыка стала галоўнай прычынай так званай вайны за іспанскую спадчыну, у выніку якой ЗША ўпершыню афіцыйна сталі імперыяй — атрымаўшы ў каланіяльнае валоданне Філіпіны, Пуэрта-Рыка і Гуам.

Фактычна ў выніку вайны і Куба стала нефармальнай калоніяй ЗША. Адначасова на парадку дня паўстала пытанне аб буйных цукровых плантацыях на Гавайскіх астравах. Сквапнасць амерыканскіх бізнэсменаў прывяла да далучэння амерыканскай арміяй і гэтай тэрыторыі да новай магутнай імперыі ЗША.

Часы, калі цукар дазваляў атрымаць вялізнае багацце, даўно мінулі, і з-за цукровых плантацый людзей больш не ператвараюць у рабоў і не захопліваюць новыя тэрыторыі. Цяпер гэта сфера бізнэсу з умеранай рэнтабельнасцю, у якой прысутнічае мноства канкурэнтаў. І для выжывання ў ёй неабходна не толькі ўзбуйняцца, але і ўдасканальваць асартымент прадукцыі. Стаўка беларускай дзяржавы на захаванне буйных цукровых прадпрыемстваў у дзяржаўнай уласнасці і мадэрнізацыю вытворчасці апраўдала сябе. Доказам таму з'яўляецца перамога двух беларускіх цукровых прадпрыемстваў, Слуцкага цукрарафінаднага і Гарадзейскага цукровага камбінатаў, у конкурсе "Лепшы цукровы завод Мытнага саюза", у якім у маі 2012 года ўдзельнічалі 83 цукровыя заводы Мытнага саюза ўсіх формаў уласнасці. А крытэрыем для перамогі была эфектыўнасць вытворчасці прадукцыі.

У папярэднія гады беларуская цукровая прамысловасць спраўна забяспечвала і беларускі рынак, і была крыніцай каштоўнай замежнай валюты. У апошнія гады беларусы бачылі і шмат навінак ад айчынных прадпрыемстваў цукровай прамысловасці — у прыватнасці, фігурны цукар і цукар з рознымі дадаткамі, канфіцюры і фруктовыя начынкі. Але беларускім вытворцам цукру неабходна і далей удасканальваць сваю дзейнасць. Менавіта пра гэта гаварылася падчас нарады прэм'ер-міністра Беларусі Міхаіла Мясніковіча на базе Слуцкага цукрарафінаднага камбіната сёлета 29 жніўня.

У прыватнасці, неабходна вырабляць новую прадукцыю з больш высокай дабаўленай вартасцю на аснове цукру, які ўжо вырабляецца, у чым у Беларусі асабліва вызначыўся Гарадзейскі цукровы камбінат. Перад цукровай галіной стаіць задача па выхадзе да 2015 года на сумарную магутнасць перапрацоўкі амаль у 42 тыс. т. буракоў у суткі, у параўнанні з 30,6 тыс. т. у бягучым годзе.

Сяргей КІЗІМА, загадчык кафедры міжнародных адносін

Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь,

доктар палітычных навук

 

 
Теги: Курсы валют
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Кааперацыя беларускіх і расійскіх прамысловых прадпрыемстваў нарошчвае тэмпы. Агульны рынак і агульная мяжа нараджаюць агульныя эканамічныя інтарэсы. Адным з іх...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика