Абарона нацыянальных інтарэсаў — гарантыя парадку і дабрабыту на нашай зямлі
08.09.2012
—
Новости Общества
|
Праграма кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі БЕЛАРУСЬ пятага склікання па Фрунзенскай выбарчай акрузе № 101 Лявы Арцёма Партыя БНФ паслядоўна абараняе беларускія нацыянальныя інтарэсы. Мы хочам, каб беларусы жылі годна і заможна на сваёй зямлі. Каб кожны меў упэўненасць у заўтрашнім дні. Каб нацыя мела будучыню.
Скажу вам дзіўную для кандыдата рэч: прашу не вашай падтрымкі на выбарах, а толькі ўважлівага прачытання гэтага майго паслання! У склад выбарчых камісій па ўсёй краіне трапіла толькі 12 прадстаўнікоў Партыі БНФ пры тым, што было пададзена 230 заявак. Таму мы не можам гарантаваць, што ваш голас будзе ўлічаны. Да таго ж да гэтай пары за кратамі знаходзяцца палітвязні. У такіх варунках Партыя БНФ прыняла папярэдняе рашэнне пра зняццё сваіх кандыдатаў за шэсць дзён да асноўнага дня галасавання. Прачытайце артыкул да канца — і я буду лічыць сваю задачу выкананай. Эканамічны крызіс, які ахапіў Беларусь, уяўляе сабой істотную пагрозу краіне. Існуючы рэжым не робіць неабходных крокаў па мадэрнізацыі і рэфармаванні сістэмы, бо гэта небяспечна для яго з палітычнага пункту гледжання. Узровень карупцыі ў Беларусі за апошнія паўтара года вырас да маштабаў, якія наўпрост пагражаюць нацыянальнай бяспецы краіны. Краіна рухаецца ў тупік: кошт расійскай падтрымкі зрабіўся занадта высокім і пагражае стратай эканамічнай і палітычнай незалежнасці, але пры гэтым здабытыя такім высокім коштам рэсурсы расходуюцца неэфектыўна, накіроўваюцца на кансервацыю існуючай бесперспектыўнай мадэлі. Для аздараўлення эканомікі Партыя БНФ у якасці першачарговых крокаў прапануе: змяншэнне колькасці падаткаў, спрашчэнне сістэмы іх сплаты; гарантаванне недатыкальнасці прыватнай уласнасці; дзяржаўную падтрымку малому і сярэдняму бізнэсу; амністыю капіталаў для фізічных і юрыдычных асоб; скасаванне мытаў на сацыяльна важныя для нашых грамадзян тавары, у тым ліку мытаў на аўтамабілі. Для ўмацавання сацыяльнай абароненасці насельніцтва праграмай Партыі БНФ прадугледжана: адрасная сацыяльная падтрымка неабароненых катэгорый насельніцтва; адмена прымусовага размеркавання выпускнікоў ВНУ; стварэнне "фонду будучых пакаленняў", праз які дзяржава павінна забяспечыць падтрымку маладых сем'яў з дзецьмі. Годна вытрымаць выпрабаванні, якія паставіла жыццё перад беларускім народам, немагчыма без адзінага духоўнага апірышча. Менавіта для гэтага важна звярнуцца да нашых каранёў, вярнуць у падручнікі нашу слаўную гісторыю, якая сягае ў стагоддзі. Памятаць пра нашых мужных продкаў, якія заўсёды з годнасцю змагаліся за свабоду і незалежнасць сваёй Айчыны. Партыя БНФ выступае за вяртанне беларускай мове рэальнага статусу дзяржаўнай разам з аднаўленнем беларускамоўнай сістэмы адукацыі і выхавання, што кансалідуе нацыю, за вяртанне гістарычнай сімволікі — бела-чырвона-белага сцяга і герба "Пагоня". Каб зрабіць супрацьвагу празмернаму расійскаму ўплыву, партыя БНФ прапануе ўзмацненне сувязяў з найбліжэйшымі суседзямі Беларусі — Украінай, Польшчай, Літвой, Латвіяй. Даць рады ў захаванні Беларусі, а таксама ў рэфармаванні і мадэрнізацыі краіны можа Аб'яднаная Еўропа. Партыя БНФ падтрымлівае распрацоўку групай выбітных экспертаў пры падтрымцы руху "За Свабоду" так званай "Народнай праграмы". Задуманая ў адпаведнасці з еўрапейскімі каштоўнасцямі праграма рэформаў уключае комплекс дзеянняў у палітычнай, эканамічнай, сацыяльнай ды іншых сферах для паляпшэння якасці жыцця нашых людзей (больш падрабязна пра гэта на сайце рrаhrаmа.bу). "Народная праграма" — не проста прыгожая назва. Да яе стварэння можа далучыцца кожны, прапановы неабыякавых людзей будуць разглядацца спецыялістамі і па магчымасці ўлічвацца. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Праграма кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі БЕЛАРУСЬ пятага склікання па Фрунзенскай выбарчай акрузе № 101 Лявы Арцёма |
|