Мадам "МіГ". 21.by

Мадам "МіГ"

12.09.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Такіх жанчын бяруць у касманаўты

Герой Сацыялістычнай Працы, інжынер-палкоўнік ваенна-паветраных сіл у запасе, лётчыца-выпрабавальніца Марына Паповіч — легендарная жанчына, якая налятала каля 6 тысяч гадзін. Яна асвоіла ўпраўленне больш чым 40 тыпамі самалётаў і верталётаў. "Апрабавала" як звышгукавыя, так і звышцяжкія транспартныя самалёты, устанавіла больш за 100 сусветных рэкордаў. І пакуль што ніхто з лётчыкаў не "падабраўся" да яе вынікаў.

Менавіта яна першай з жанчын-лётчыц пераадолела гукавы бар'ер на рэактыўным знішчальніку "МіГ-21", за што атрымала мянушку "мадам "МіГ". Журналісты пісалі, што рэкорды сталі для яе "звычайнай працай". Дзесяць сусветных рэкордаў пастаўлена ёю ў якасці камандзіра паветранага карабля-гіганта "Антэй" (АН-22). У апошнім рэкордным палёце экіпаж пад яе кіраўніцтвам пераадолеў адлегласць у 1000 кіламетраў з хуткасцю, якая перавышае 600 кіламетраў за гадзіну, і з грузам вагой 50 тон.

Акрамя ўсяго іншага, Марына Паповіч — пісьменніца — аўтарка некалькіх кніг, энтузіястка і даследчыца ў сферы анамальных з'яў... Напэўна, мала хто ведае, што Марына Паповіч шмат займаецца дапамогай ў пратэзаванні дзяцей у ЗША. Там ставяць пратэзы, зробленыя з біялагічнай масы, якія не адразу адрозніш ад сапраўдных рук ці ног. Каб прыцягнуць увагу да дапамогі людзям з абмежаванымі магчымасцямі, спецыяльна ўзяла ўдзел у спаборніцтвах сярод авіятараў. Пра гэта напісалі амерыканскія СМІ, і яна ў чарговы раз стала славутасцю.

Легендарная лётчыца вельмі любіць бываць у Беларусі і лічыць нас землякамі, бо маці яе — беларуска. А сама Марына нарадзілася на хутары на тэрыторыі цяперашняга Вяліжскага раёна Смаленскай вобласці. Вельмі прыемна было чуць, калі Марына Лаўрэнцьеўна, расказваючы пра сваю маму, паўтарала яе словы на беларускай мове. Чыста і без акцэнту!

Нарадзілася легендарная лётчыца 20 ліпеня 1931 года. Не верыцца, калі бачыш гэтую цудоўную, энергічную жанчыну. Вясёлая, эмацыянальная, з гумарам расказвае пра тое, чаму паляцела ў космас не яна, а Валянціна Церашкова, а таксама пра знакамітых людзей: пра Каралёва, Хрушчова і іншых. У сваіх кнігах яна напісала шмат цікавага аб сваім жыцці. Кажа пра свой узрост: раней, калі марыла хутчэй стаць лётчыцай, гады прыбаўляла, цяпер адымае... І яе рост — метр з кепкай — яшчэ адна нагода для шчырага гумару падчас размоў.

Варашылаў даў пуцёўку ў "вялікія нябёсы"

— Нідзе ў свеце мяне не прымаюць так, як у Беларусі, адчуваю ў вашай краіне непаўторную аўру дабрыні і гасціннасці, — кажа Марына Лаўрэнцьеўна Паповіч. — Часта на сустрэчах мне задаюць пытанне: чаму вы, дзяўчына "з хутара", сталі ваенным лётчыкам? Бо вырашыла адпомсціць фашыстам, якія забівалі людзей. Аднойчы на маіх вачах шмат фашысцкіх самалётаў кінуліся атакаваць наш ваенны самалёт і падбілі яго. Потым расстралялі лётчыка, які спускаўся на парашуце. Вось тады я і дала сабе клятву: вырасту і абавязкова буду лётаць на самалётах!.. Фашысты бесперапынна бамбілі і нашу вёсачку. Калі яны прыехалі на матацыклах, то стралялі з кулямётаў па ўсіх, хто на вочы трапляў. Людзей спальвалі ў хляве. Нашу сям'ю таксама павінны былі спаліць. Але пашанцавала — уначы партызаны вывезлі, выратавалі. У канцы 1940-х паступіла ў авіяцыйны тэхнікум, запісалася ў аэраклуб. Але пасля вайны была катэгарычная забарона браць жанчын у прафесійныя лётчыкі. Мне параілі паехаць у Маскву, да Варашылава асабіста. Маўляў, калі дазволіць, будзеш лётчыцай. Варашылаў у падвале прымаў, дзе і Калінін — у доме насупраць бібліятэкі Леніна.

Марына Лаўрэнцьеўна з гумарам успамінае, што, каб трапіць на прыём да Варашылава, начавала ў парку Горкага. І што дзіўна, на тым месцы, дзе яна спала на лаўцы, потым паставілі знакаміты "Буран" — аналаг амерыканскага "Шатла".

— Варашылаў быў самавіты мужчына, прыгожы, форма яму пасавала, — узгадвае легендарная лётчыца. — Была сведкай яго размовы з адной жанчынай, як цяпер памятаю, з Еўдакіяй Пятроўнай, якая паскардзілася, што муж яе загінуў і яна не мае свайго жылля. Ён паабяцаў дапамагчы. Жанчына спытала: а які дах будзе? Варашылаў пацікавіўся ў памочнікаў і сказаў, што будзе з дахоўкі. А яна: "Ой, дзякуй, інакш старшыня гаспадаркі паставіў бы саламяную!" І ўсе засмяяліся. Потым Варашылаў выслухаў мяне — дзяўчыну ростам метр з кепкай. Я расказала, што хачу стаць прафесійнай лётчыцай-знішчальніцай. Варашылаў за галаву ўзяўся, але напісаў на паперы, каб дапусцілі, калі ёсць адпаведныя даныя. Падстрахаваўся...

Потым будучая вядомая лётчыца з поспехам здала ўсе экзамены ў лётна-тэхнічную школу ў Саранску, якую скончыла на "выдатна". Але не стала ваенным лётчыкам, а толькі грамадзянскім...

Каб лётаць, вырасла

Для паступлення ў авіяцыйнае вучылішча адной з галоўных перашкод быў менавіта малы рост (1,50 метра).

— Мае ногі проста не даставалі да педаляў. Тады я паставіла сабе мэту — вырасці. Знайшла альпінісцкае прыстасаванне і прасіла, каб мяне падвешвалі ўніз галавой, — расказвае лётчыца. — У выніку, калі мне было 16 гадоў, мой рост павялічыўся да 1 метра 61 сантыметра, і шлях у вялікія нябёсы быў адкрыты. Спачатку скакала з парашутам, а потым стала лётаць. Гэта адбылося ў 1948 годзе.

У 1951-м яна скончыла авіяцыйны тэхнікум у Новасібірску, пасля чаго працавала інжынерам-канструктарам на заводзе ім. Камінтэрна (да 1953 года). Па заканчэнні Цэнтральнай лётна-тэхнічнай школы ДТСААФ у Саранску яна некаторы час працавала інструктарам, з 1958 года стала лётчыкам-інструктарам у Цэнтральным аэраклубе імя Чкалава. Каб атрымаць права кіраваць знішчальнікам, яна дамаглася прыёму на ваенную службу, а пазней скончыла Ленінградскую акадэмію грамадзянскай авіяцыі.

З 1960 года Марына Паповіч стала авалодваць тэхнікай пілатавання на рэактыўных самалётах, а пазней стала адзінай у СССР ваеннай лётчыцай-выпрабавальніцай 1-га класа. У 1962 годзе яна была запрошана ў якасці кандыдата ў касманаўты, праходзіла медыцынскае абследаванне ў складзе другой групы касманаўтаў, але ў касмічны атрад узятая не была...

— Спачатку набралі кандыдаткамі ў касманаўты жанчын дваццаць. Потым адсейвалі. Засталося іх няшмат. Выпрабаванні былі цяжкімі. І зараз не магу дакладна адказаць, чаму ў космас не пусцілі, — гаворыць жанчына. — Можа, з-за таго, што шмат заўсёды гавару. Чула яшчэ, што рашэнне адлічыць мяне з каманды прынята было з-за таго, што выхоўваю маленькае дзіця... А Церашкова злятала вельмі дрэнна. Без рэўнасці да космасу гавару. Калі яна прыляцела, Каралёў сказаў (я сама чула), што, пакуль ён жывы, ніколі больш... далей ішло нецэнзурна... карацей, не паляціць жанчына. І доўгі час савецкія жанчыны ў космас не ляталі — у адрозненне ад ЗША, дзе сорак жанчын пабывалі ў космасе. Сёння — скажу вам па сакрэце — расійская кандыдатка "у космас" праходзіць камісію і рыхтуецца паляцець.

Пра талеркі і снежнага чалавека

Мадам "МіГ" расказала, што яе імем названа зорка ў сузор'і Рака. Космас пачынаецца на вышыні 100 кіламетраў, а над Антарктыдай — і ўвогуле на вышыні ўсяго 20 кіламетраў. Лётчыца падымалася мінімум на 40 кіламетраў. І такім чынам, лічыце, "пабывала ў космасе".

Марына Паповіч была ў розных навуковых экспедыцыях. Некалькі разоў удзельнічала ў экспедыцыях па пошуку снежнага чалавека: у двух экспедыцыях на Паміры і ў адной — на Кольскім паўвостраве... Шмат пра іх, як і пра свае палёты, расказвала падчас лекцый. У прыватнасці, у Японіі. Японцы, між іншым, знайшлі на руцэ жанчыны лінію Буды. Гэта значыць, яна "адзначаная нябёсамі". Таму падчас знаходжання ў Японіі яе вельмі апякалі. Праўда, прызналася, што трохі "падвяла" японцаў: расказала пра японскую жанчыну, якая збіралася ў космас. Адпаведную плёнку, атрыманую ад яе, перадала на тэлебачанне. А ў выніку... паляцеў мужчына. А ўсё з-за таго, што ў апошні момант тая японка захварэла... На грошы, заробленыя ў Японіі, мадам "МіГ" купіла касцюм, японцы падарылі ёй дзве машыны. Маўляў, Буда сказаў, што трэба ўзнагародзіць.

А яшчэ легендарная лётчыца расказала, што бачыла тое, што называюць лятаючымі талеркамі, на свае вочы.

— Многія лётчыкі і касманаўты іх бачылі, проста баяліся пра гэта расказваць. Кавалёнак, бадай, адзіны, хто прызнаваўся ў гэтым. Гаварыў мне, што суправаджала яго "талерка" падчас палёту амаль што да самай пасадкі. А потым раздзялілася напалам: адна палова адляцела, а другая ляцела далей побач... Быў і такі выпадак — запусцілі нашы спадарожнікі для сістэмы мабільнай сувязі. Амерыканцы гавораць: у вас пяць новых спадарожнікаў лётаюць. Нашы ў адказ: не, толькі чатыры! "Спадарожнік"-чужынец "даследаваў" промнем нашы спадарожнікі і адляцеў. І чаму не хочуць прызнацца, што ёсць вышэйшы, касмічны розум, які стукаецца да нас?

На думку Марыны Лаўрэнцьеўны, ёсць шмат чаго, што заслугоўвае больш грунтоўнага вывучэння. Тыя ж вядомыя кругі на палях.

— Ніводная травінка там не прымятая. І каля кожнага круга збіраюць вадкасць, якая, кажуць, лечыць многія хваробы, — працягвае яна. — Думаю, што кругі — след ад работы рухавікоў магутных караблёў. Англічане дзеля эксперымента ля абсерваторыі выклалі "арнамент": пасыл ім пра тое, хто мы такія. Там канструктыўная галава чалавека, спіраль ДНК і гэтак далей. Праз два тыдні яны (<І>прышэльцы . — аўт.) выклалі сваё: у іх, аказваецца, трайная ДНК, і яны на цэлую галаву вышэй за людзей. Я пісала пра ўсё гэта. Цяпер прывезла літаратуру ў дар Віцебскай абласной бібліятэцы імя Леніна...

Яшчэ ў дзяцінстве Марына Лаўрэнцьеўна сутыкнулася з "паралельным светам". Яе бабуля, калі нарадзілася ўнучка, напісала запіску: "Імя дзяўчынкі будзе на зорцы". І з гадамі высветлілася, што мела рацыю.

Аляксандр ПУКШАНСКІ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Такіх жанчын бяруць у касманаўты Герой Сацыялістычнай Працы, інжынер-палкоўнік ваенна-паветраных сіл у запасе, лётчыца-выпрабавальніца Марына Паповіч —...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика