Веласіпедыст збіў пешахода. 21.by

Веласіпедыст збіў пешахода

12.09.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Даследуем праблему

Незвычайны інцыдэнт адбыўся гэтай зімой у сталічным скверы імя 60-годдзя ўтварэння СССР. Падчас трэніроўкі адзін з навучэнцаў Мінскай СДЮШАР №2 БФСТ "Дынама" наехаў на мінчаніна К., які ішоў па пешаходнай дарожцы. У выніку вечаровая прагулка скончылася для пешахода пераломам рукі.

Са слоў пацярпелага:

<І>"Калі я ішоў па пешаходнай дарожцы, група веласіпедыстаў на вялікай хуткасці абганяла мяне, і адзін з іх мяне збіў, ад чаго я ўпаў. Адразу ж я звярнуўся да трэнера са скаргай, але ён у грубай форме паведаміў, што нічога не парушаў, і трэніроўкі будуць працягвацца ў парку, дзе ходзяць пешаходы. Я папрасіў яго назваць імя і прозвішча хлопца, які мяне збіў, але ён адмовіўся гэта зрабіць. Ні трэнер, ні веласіпедыст, які мяне збіў, не аказалі мне першую медыцынскую дапамогу. З моцным болем я звярнуўся ў паліклініку, дзе мне паставілі дыягназ "пералом рукі".


Паколькі ніхто з веласіпедыстаў не прызнаў сваю віну, міліцыя прыняла рашэнне аб адмове ў распачынанні крымінальнай справы. І хутчэй за ўсё, пра гэтае здарэнне так ніхто і не даведаўся б, калі б пацярпелы не пачаў скардзіцца ў Міністэрства спорту і турызму ды Генеральную пракуратуру.

Аб выніках разгляду звароту пешахода паведаміла пракурор аддзела па наглядзе за выкананнем правоў і свабод грамадзян Генеральнай пракуратуры Беларусі Наталля ЧЫЖЫК:

— Цяпер у рэспубліцы ў нас дзейнічае 39 школ, прызначаных для трэніровак па веласпорце. Пры гэтым маецца толькі адно спецыялізаванае спартыўнае збудаванне "Веладром" у Мінску для падрыхтоўкі веласіпедыстаў-трэкавікоў. Спецыялізаваныя трасы для падрыхтоўкі веласіпедыстаў-шашэйнікаў практычна адсутнічаюць. Таму на практыцы трэніроўкі па шашэйным веласпорце праходзяць у неўстаноўленых месцах: на веладарожках, тратуарах, на пешаходных дарожках у парках, на шашы. У выніку ўзнікаюць непаразуменні з пешаходамі, кіроўцамі, супрацоўнікамі ДАІ.

Правілы бяспекі правядзення заняткаў фізічнай культуры і спортам дапускаюць праводзіць спартыўныя мерапрыемствы па-за фізкультурна-спартыўнымі збудаваннямі. Разам з тым, пытанні гарантыі бяспекі жыцця і здароўя пешаходаў, якія гуляюць па парку, нідзе не рэгламентаваны і адпаведна не забяспечваюцца. Яскравым прыкладам гэтага з'явіўся выпадак, які здарыўся з пешаходам К.

"Калі б для спартсменаў велашкол былі вызначаны канкрэтныя месцы для правядзення трэніроўкі, а маршрут руху да іх быў бы агароджаны, то, лічаць у Генпракуратуры, няшчаснага здарэння ўдалося б пазбегчы. Трэба абавязаць спартыўныя школы несці адказнасць не толькі за бяспеку навучэнцаў і работнікаў, але і за бяспеку пешаходаў і гледачоў пры правядзенні трэніровак па-за фізкультурна-спартыўнымі збудаваннямі".

Неналежная арганізацыя інфраструктуры для веласіпедыстаў таксама стварае пагрозу бяспецы дарожнага руху. У Генпракуратуры лічаць, што прыйшоў час распрацаваць праграму развіцця веласіпеднага спорту ў рэспубліцы, якая прадугледзела б будаўніцтва і рэканструкцыю спартыўных збудаванняў і трас для аматарскага і прафесійнага веласпорту, распрацоўку сеткі веласіпедных дарожак, маршрутаў і трас, выкарыстоўваючы пры гэтым у тым ліку вопыт еўрапейскіх дзяржаў, у прыватнасці, Германіі, Галандыі, Бельгіі.

Па выніках праведзенай праверкі Генпракуратура накіравала на адрас Міністэрства спорту і турызму прадстаўленне з прапановай удасканаліць інфраструктуру па веласпорце, а таксама ўнесці змяненні і дапаўненні ў шэраг нарматыўных прававых актаў, якія б гарантавалі бяспеку, у тым ліку пешаходаў.

Дзяржаўны трэнер Міністэрства спорту і турызму Беларусі па веласпорце Анатоль МІКЛАШЭВІЧ пацвердзіў, што становішча веласіпедыстаў сапраўды незайздроснае:

— Фактычна аматары гэтага транспарту знаходзяцца між двух агнёў. На жаль, у горадзе бракуе спецыяльных дарожак. У той жа час перамяшчэнне веласіпедыстаў жорстка рэгламентавана Правіламі дарожнага руху. Згодна з артыкулам 148 ПДР, веласіпедысты павінны рухацца па спецыяльнай дарожцы, а калі яе няма, то па ўзбочыне альбо тратуары. Пры гэтым ім забаронена ствараць перашкоды для пешаходаў. А па праезнай частцы ім дазволена рухацца толькі тады, калі няма іншых варыянтаў! Ды і то не далей за адзін метр ад яе правага краю. І куды ж ім падзецца пры такіх умовах? Хоць гэта таксама ўдзельнікі дарожнага руху. І ў гэтым плане мы вельмі адстаём ад краін Заходняй Еўропы.

— Як рэгламентуецца парадак абароны жыцця і здароўя пешаходаў?

— Сёння гэта адбываецца згодна з Крымінальным кодэксам. Калі веласіпедыст збіў чалавека — ён будзе несці адказнасць. Але калі разглядаць няшчасны выпадак, які адбыўся ў парку 60-годдзя ўтварэння СССР у лютым, то даць адназначны адказ цяжка. Трэнер кажа адно, пацярпелы — зусім іншае. Што там было насамрэч — пакуль невядома. Але лічу, што аказаць першую дапамогу было неабходна.

— Які працяг будзе ў гэтай непрыемнай гісторыі?

— У першай палове верасня будзе склікана спецыяльная нарада. Гэта прадпісана прадстаўленнем Генеральнай пракуратуры. Мабыць, пасля гэтага ў адпаведныя дакументы будуць унесены некаторыя змены. Бо выпадак гэты, мякка кажучы, на карысць веласіпедыстам не пайшоў.

***

Паводле слоў начальніка аддзела арганізацыі дарожнага руху УДАІ ГУУС Мінгарвыканкама Андрэя ЗЫРАНАВА, сталічныя веласіпедысты з цягам часу будуць пачуваць сябе прасцей:

— У Мінску на праспекце Незалежнасці нанесена спецыяльная разметка для веласіпедыстаў. Яна існуе ўжо амаль год. За гэты час мы атрымлівалі толькі станоўчыя водгукі. Участак для двухколавага транспарту дагэтуль дарабляецца. Неўзабаве там з'явяцца спецыяльныя святлафоры для веласіпедыстаў. Высокія дарожныя барты паступова замяняюцца на больш нізкія, каб не ствараць перашкод.

Нядаўна давялося пабываць у Вільнюсе. Там разметка для веласіпедыстаў нанесена як на тратуары, так і непасрэдна на дарогах. Больш за тое, веласіпед у літоўскай сталіцы — гэта транспарт з асобнай паласой руху. Напрыклад, на цэнтральнай вуліцы, якая вядзе да магістрату, для веласіпедыстаў адведзены метр праезнай часткі. Там усталяваны спецыяльны дарожны знак.

— А ці магчыма такое ў Мінску?

— Толькі там, дзе ёсць месца. На галоўнай магістралі сталіцы гэта ўдалося зрабіць з-за шырокага тратуара. Але асобная паласа пад гэта адведзена не будзе. Бо палосы на праспекце Незалежнасці вельмі вузкія. І калі меркаваць з пункту погляду арганізацыі дарожнага руху, то гэты крок будзе выглядаць няправільна. Аўтамабілістаў больш — і таму перавага дастаецца менавіта ім.

— Што чакае веласіпедны рух у беларускай сталіцы?

— Лічу, што за двухколавым транспартам — будучыня. Распрацавана спецыяльная канцэпцыя развіцця веласіпеднага руху ў сталіцы. Штогод будзе з'яўляцца па сто кіламетраў дарожак. З'явяцца і велапаркоўкі. Безумоўна, ідэальны варыянт — гэта пракладка велатрас кшталту той, што ідзе ўздоўж Свіслачы. Але ж гэты спосаб найбольш затратны. Таму ў сталіцы будуць пераважаць сумешчаныя веласіпедна-пешаходныя дарожкі.

Надзея ДРЫЛА, Валяр'ян ШКЛЕННІК

Крыху статыстыкі

Па словах старшага інспектара па асаблівых даручэннях упраўлення ДАІ МУС Ганны БАНАДЫК, у параўнанні з мінулым годам статыстыка ДТЗ з удзелам веласіпедыстаў выглядае больш аптымістычна:

— За 8 месяцаў 2012 года ў Беларусі па віне веласіпедыстаў адбылося 90 дарожна-транспартных здарэнняў. У іх 18 чалавек загінула і 74 атрымалі раненні рознай ступені цяжару. Сумнае лідарства па колькасці загінулых утрымлівае Гомельская вобласць — пяць трагічных выпадкаў. Калі параўноўваць з адпаведным перыядам мінулага года, то агульная колькасць здарэнняў зменшылася на чвэрць.

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Незвычайны інцыдэнт адбыўся гэтай зімой у сталічным скверы імя 60-годдзя ўтварэння СССР. Падчас трэніроўкі адзін з навучэнцаў Мінскай СДЮШАР №2 БФСТ "Дынама"...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика