БЫЦЬ АФІЦЭРАМ — ГЭТА ГОНАР
18.09.2012
—
Новости Общества
|
Грамадскае аб’яднанне «Беларускі саюз афіцэраў» у верасні адзначыць 20‑годдзе. Гэтай падзеі быў прысвечаны ўрачысты сход Слуцкай раённай арганізацыі імя Маршала Савецкага Саюза Георгія Канстанцінавіча Жукава грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз афіцэраў». 24 жніўня ў Слуцкім гарадскім Доме культуры сабраліся актывісты арганізацыі і ганаровыя госці. Ветэранаў Узброеных Сіл, ваеннаслужачых павіншаваў старшыня Слуцкага раённага выканаўчага камітэта У. Даманеўскі. Ён адзначыў, што за параўнальна непрацяглы час арганізацыя набыла вялікі аўтарытэт, стала значнай і ўплывовай, пажадаў далейшых поспехаў у дзейнасці і ўручыў падзячныя лісты палкоўніку Г. Лінову, падпалкоўнікам Г. Панічу, В. Рэвінскаму, маёру А. Раманаву. Адным з адметных пунктаў святкавання юбілею стала ўскладанне кветак да помніка чатыры разы Герою Савецкага Саюза Маршалу Г. Жукаву. Ганаровую місію па даручэнні сходу выканалі падпалкоўнікі В. Рэвінскі, С. Макараў, прапаршчык П. Скрыган. Да 20‑годдзя саюза афіцэраў прымеркаваны выданне кнігі і выпуск юбілейных знакаў. Член сумеснай калегіі Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі, старшыня рэспубліканскага савета ГА «Беларускі саюз афіцэраў» генерал-лейтэнант у адстаўцы Я. Мікульчык уручыў узнагароды і ганаровыя граматы прадстаўнікам Случчыны. Ганаровай граматай узнагароджана і Слуцкая раённая арганізацыя саюза афіцэраў імя Маршала Савецкага Саюза Г. Жукава. Гісторыю станаўлення арганізацыі нагадаў яе старшыня падпалкоўнік Г. Паніч (у розны час работай арганізацыі кіравалі Б. Шкут, А. Папоў, Г. Ліноў). Зараз 11 яе пярвічак аб’ядноўваюць 447 чалавек, а сфера дзейнасці не абмяжоўваецца абаронай законных правоў і інтарэсаў афіцэраў запасу і ў адстаўцы, аказваецца садзейнічанне паляпшэнню медыцынскага абслугоўвання ветэранаў Узброеных Сіл. Асаблівая ўвага ўдзяляецца патрыятычнаму выхаванню падлеткаў і моладзі, савет арганізацыі ў гэтай рабоце выкарыстоўвае багаты вопыт ваеннаслужачых запасу і ў адстаўцы, дзеючых афіцэраў, узаемадзейнічае з многімі арганізацыямі, установамі і прадпрыемствамі Случчыны. І ў дзень святкавання пранікнёныя словы віншаванняў гучалі ад намесніка старшыні Слуцкай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Белая Русь» Ю. Бандарэнкі, першага сакратара райкама БРСМ М. А. Лабковіча, намесніка дырэктара філіяла КУП «Мінаблкінавідэапракат» Н. Караваевай, намесніка старшыні савета раённай ветэранскай арганізацыі кандыдата тэхнічных навук В. Плашчаднага і прадстаўніка ветэранскай арганізацыі СВК «Аграфірма «Лучнікі» І. Жоглы, першага сакратара раённай арганізацыі КПБ Р. Мельнікавай. З нагоды юбілейнай даты калег віталі член прэзідыума абласнога савета Беларускага саюза афіцэраў, старшыня Барысаўскай раённай арганізацыі Ю. Ігонін, выконваючы абавязкі ваеннага камісара Слуцкага ваеннага камісарыята падпалкоўнік І. Галь. Граматы, падарункі, сувеніры атрымлівалі члены саюза афіцэраў — у грамадстве іх вылучаюць актыўная жыццёвая пазіцыя, жаданне ўнесці свой уклад у развіццё раёна, дзейнасць грамадскай арганізацыі. Ну як не выказаць захапленне, калі 90‑гадовы М. Дзюба на сцэне чаканіць крок, бярэ пад казырок і гучна адзначае гатоўнасць служыць Айчыне! Нельга ўзгадаць навучальную ўстанову на Случчыне, дзе б не пабыла інфармацыйна-прапагандысцкая група раённай арганізацыі саюза афіцэраў. Работа з дапрызыўнай моладдзю прыносіць плён: многія юнакі і нават дзяўчаты выбралі прафесію абаронцаў Айчыны і папоўнілі рады афіцэрскага братэрства. Песню «Афіцэры» прысутныя ў зале слухалі стоячы… Выдатныя музычныя нумары падарылі ўдзельнікам сходу выканаўцы і творчыя калектывы гарадскога Дома культуры, цэнтра дзіцячай творчасці, салісты эстраднай студыі 30‑й асобнай чыгуначнай брыгады і іншыя. ВАЛЯНЦІНА РАЖАНЕЦ Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Грамадскае аб’яднанне «Беларускі саюз афіцэраў» у верасні адзначыць 20‑годдзе. Гэтай падзеі быў прысвечаны...
|
|