У чаканні "Дажынак". 21.by

У чаканні "Дажынак"

19.09.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

— Вы бывалі ў Горках? — спыталіся ў нас у ідэалагічным аддзеле Горацкага райвыканкама.

— Даводзілася.

— У такім разе глядзіце і параўноўвайце, — сказалі нам, арганізоўваючы экскурсію па горадзе...

Шчыра кажучы, неяк не запомніліся нам нечым асабліва адметным ранейшыя Горкі. Хіба, можа, не зусім утульнай гасцініцай з аднаго боку ды сваім сонечным гадзіннікам, устаноўленым на адной з цэнтральных вуліц горада, з другога. Апошні, як па-філасофску выказаўся кіраўнік Горацкага райвыканкама Ігар Макар, павінен нагадваць пра хуткацечнасць нашага часу, а за гэты час належыць (і можна) зрабіць вельмі многае...

Калі сказаць, што сённяшнія Горкі нас здзівілі — гэта будзе не зусім дакладна: яны нас проста ўразілі. У адной з інфармацыйных крыніц, якія нам прадаставілі, давялося прачытаць, што ўвод у Горках пэўных аб'ектаў (тут жа даецца іх вельмі шырокі пералік) дазволіць выйсці на еўрапейскі ўзровень абслугоўвання грамадзян. Гэтыя аб'екты ўжо дзейнічаюць. Яны і ў цэлым увесь горад з яго прыгожымі вуліцамі, плошчамі, скверамі і жыллёвымі кварталамі добра нагадваюць пра гэты самы, як прынята лічыць, найвышэйшы ўзровень. А можа, узровень Горак нават і яшчэ вышэйшы, бо Горкі да ўсяго — вельмі чысты горад.

Зразумела ўжо: у Горках вельмі добра пастараліся падрыхтавацца да галоўнага свята хлебаробаў краіны ды і ўвогуле — свята ўсіх сельскіх працаўнікоў — да рэспубліканскіх "Дажынак". І ў першую чаргу найвыдатным чынам абсталявалі свой галоўны аб'ект, прызначаны для сустрэчы высокіх гасцей і лепшых хлебаробаў краіны — амфітэатр, дзе і пройдуць усе адпаведныя ўрачыстасці. Дакладней, гэта моладзевы культурна-забаўляльны цэнтр з амфітэатрам. Увогуле, гэта ўнікальны аб'ект, падобнага да гэтага часу яшчэ не было. На ўваходзе ў цэнтр вас сустракае сімпатычная ратонда з каланадай, пад якой (пад зямлёй) знаходзяцца яшчэ тры паверхі з абсталяванымі там памяшканнямі пад кавярню, боўлінг, більярд, інтэрнэт-кавярню, танцавальную залу. А ад ратонды ідзе плаўны спуск у сам амфітэатр, на яго галоўныя пляцоўкі — трыбуны на 2500 месцаў і на сцэнічную пляцоўку ўнізе — пад авальным ажурным навесам. Прычым уся гэтая ўнікальная канструкцыя размешчана на беразе прыгожага вадаёма з узятым у камень бліжэйшым берагам і беластвольным і яшчэ зусім зялёным бярозавым гаем на другім беразе. А ўвогуле, гэта вельмі складаная задача — апісаць усю прыгажосць і ўнікальнасць названага аб'екта; ды яшчэ можна было б назваць і іншыя адметнасці, выкананыя тут у адзіным архітэктурным комплексе... Адным словам, тут якраз той выпадак, пра які кажуць: лепей адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць.

І няхай чытач імкнецца ўбачыць менавіта сам, а мы смела зробім тут такую выснову: гэта — архітэктурны шэдэўр, які, безумоўна, знойдзе самую высокую ацэнку ў спецыялістаў. У цэлым гэта цудоўны падарунак для жыхароў Горак, а ў першую чаргу — для студэнтаў славутай Горацкай сельгасакадэміі. Дарэчы, да гэтага ўнікальнага па архітэктуры аб'екта ад цэнтра горада, ад інтэрната сельгасакадэміі, вядзе пешаходная вуліца Студэнцкая — прамая, прыгожая, густа абсаджаная галінастымі таполямі, ліпамі і вербамі (увогуле, вербы, якія з'яўляюцца пэўнага роду сімвалам беларускай зямлі, даволі частыя ў прыродным ландшафце Горак).

Аднак працягнем нашу экскурсію па перадсвяточных Горках. І тут ужо адразу скажам пра наступную, больш сімвалічную адметнасць горада — пра яго герб, які ўтвараюць тры збожжавыя каласы, што так падкрэслівае чыста стваральныя памкненні насельнікаў горацкага краю. Гэтая адметнасць знайшла сваё адлюстраванне і ў святочным афармленні горада: велічная кампазіцыя з трох каласоў, увасобленая ў метале, будзе сустракаць гасцей "Дажынак" на ўездзе ў Горкі з магілёўскага кірунку. Гэтая кампазіцыя створана менавіта напярэдадні "Дажынак".

Сёння гаспадары рэспубліканскіх "Дажынак" могуць з гонарам паказаць сваім гасцям і велічны, нядаўна ўзведзены, лядовы палац з рэканструяваным гарадскім стадыёнам (з модным цяпер штучным пакрыццём), што прымыкае да яго; і амаль што нанава пабудаваны чыгуначны вакзал з самым сучасным абсталяваннем, пры гэтым з Горак да Оршы наладжаны рух новага цягніка еўрапейскага класа (мы мелі магчымасць скарыстацца гэтым цягніком і засталіся задаволенымі — усё было далёка не падобна на звычныя для нас даволі жорсткія і марудныя электрычкі і нават на міжнародныя вагоны — як правіла, заўсёды душныя). Але працягнем пералік: гэта і сучасны 3D-кінатэатр; і рэканструяваны гарадскі дзіцячы парк з мноствам раней не бачаных у Горках атракцыёнаў, і новы інтэрнат для студэнтаў сельгасакадэміі на 860 месцаў з умовамі пражывання ў ім па самых высокіх стандартах, прычым забяспечанасць студэнтаў будзе складаць цяпер, з уводам новага інтэрната, 90 працэнтаў ("Ні ў адной з вышэйшых навучальных устаноў рэспублікі не знойдзеце такой забяспечанасці", — падкрэсліваў наш гід па горадзе галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы Аляксандр Саковіч). Капітальна змяніла як свой вонкавы выгляд, так і ўнутранае ўбранне тая ж зусім непрэзентабельная раней гасцініца ("цягне на тры зоркі", — падкрэслівалі ў Горках); абнавіўся, адзеўся ў прыгожыя вітражы непасрэдна сам будынак райвыканкама (увогуле, гэты будынак разам з жылымі дамамі вакол плошчы ствараюць адзіны гарманічны архітэктурны ансамбль. І такая даволі цікавая адметнасць (ці Горак, ці самога часу?): з плошчы перад будынкам знікла (як правіла, абавязковая для такіх плошчаў) фігура правадыра ("Перавезлі ў іншае месца, куды і належыць — на вуліцу Леніна", — патлумачылі ў горадзе)...

— Мы рыхтуем серыю паштовак, якая будзе называцца "Міг паміж мінулым і будучым", і ў іх адлюструем тое, што было ў Горках раней і што ёсць цяпер. А паміж цяперашнімі і ранейшымі Горкамі — бездань у 100 гадоў", — казаў наш гід.

Немагчыма прадставіць усе аб'екты Горак, узведзеныя або карэнным чынам рэканструяваныя да Дажынак, бо гэта быў бы, яшчэ раз зазначым, вельмі доўгі пералік. Як падкрэслівалі ў Горацкім райвыканкаме, у ходзе падрыхтоўкі да рэспубліканскага фестывалю працаўнікоў вёскі рэканструяваны практычна ўсе аб'екты гарадской сацыяльнай сферы, не кажучы пра новае будаўніцтва. У Горках набылі зусім іншы, новы выгляд каля 90 шматпавярховых дамоў, у горадзе цяпер практычна нельга знайсці ніводнай незаасфальтаванай вуліцы... Выдатна падрыхтаваліся Горкі да рэспубліканскіх "Дажынак", прычым, як падкрэслівалі ў ідэалагічным аддзеле райвыканкама, многае па добраўпарадкаванні горада зроблена падчас суботнікаў, на якія (на "свае" аб'екты) выходзілі практычна ўсе. Дарэчы, яшчэ адна цікавая адметнасць часу: такім аб'ектам для работнікаў самога ідэалагічнага аддзела стала тэрыторыя вакол царквы, што стаіць побач з тым жа моладзевым культурна-забаўляльным цэнтрам. Вельмі сімвалічна...


Горкі не толькі карэнным чынам змянілі свой вонкавы выгляд — тут апошнім часам, кажучы мовай афіцыйнага дакумента, "створаны новыя тыпы ўстаноў — дзіцячыя школа мастацтваў і мастацкіх рамёстваў, цэнтры культуры і вольнага часу, цэнтры фальклорнай і народнай творчасці"; ва ўсіх школах горада з'явіліся лінгвістычныя класы, а ў СШ № 2 сумесна з Горацкай сельгасакадэміяй будзе праводзіцца эксперымент па сельскагаспадарчай спецыялізацыі вучняў з мэтай далейшага прыцягнення іх у шэрагі студэнтаў гэтай навучальнай установы.

* * *

Аднак калі Горкі прызначаны быць цэнтрам рэспубліканскага фестывалю сельскіх працаўнікоў, яны павінны былі сказаць і сваё новае, больш важкае, чым раней, слова і ў сельскагаспадарчай справе. І гэтае слова таксама сказана.

Увогуле, раней раённая сельскагаспадарчая вытворчасць не вызначалася тут асаблівымі поспехамі. І так, у прыватнасці, было недзе каля 2 гадоў таму. Зразумела, такая сітуацыя не магла не непакоіць кіраўніцтва краіны: у Горках жа, нагадаем, знаходзіцца найвышэйшая аграрная навука... А ў выніку ў Горкі быў "кінуты" новы старшыня райвыканкама Ігар Макар, які да гэтага зарэкамендаваў сябе як ініцыятыўны, напорысты кіраўнік на пасадзе старшыні Нясвіжскага райвыканкама. Змена ўлады аказалася даволі ўдалай. Зрэшты, адразу ж зазначым: як справядліва заўважае сам Ігар Макар, адзін у полі — не воін, і яго галоўнай задачай было стварыць добрую каманду, згуртаваць яе вакол сябе. Вось менавіта гэта яму і ўдалося. Паціху з'явіліся і першыя станоўчыя зрухі, вынікі. Самы галоўны з іх — у раёне ўдалося спыніць спад сельскагаспадарчай вытворчасці, які быў у апошнія гады. Пры гэтым тут была складзена праграма яго аграрнага развіцця на 2012—2015 гады, якая, у прыватнасці, прадугледжвае павялічэнне аб'ёмаў сельскагаспадарчай вытворчасці за гэты час у 1,57 раза. Асноўны ўхіл у гэтай праграме зроблены на развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы сельгаспрадпрыемстваў, на істотныя пазітыўныя змяненні ў забеспячэнні жывёлы кармамі. Ухіл таксама менавіта на развіццё жывёлагадоўлі і ў першую чаргу — на нарошчванне вытворчасці малака. Варта падкрэсліць: да практычных праблем сельскіх працаўнікоў была павернута навука — прычым не толькі "свая", з сельгасакадэміі, але і з іншых навукова-практычных цэнтраў рэспублікі.

Якія вынікі сёння маюць у раёне? Яго гаспадаркі істотна абнавілі парк сваёй тэхнікі (так, сёлета набыта яе каля 180 адзінак), мадэрнізаваны многія зернесушыльныя комплексы, прычым з пераводам іх на выкарыстанне ў якасці паліва саломы; пабудаваны новыя комплексы. У раёне звярнулі пільную ўвагу на павышэнне ўрадлівасці зямлі, увогуле на культуру земляробства, правялі (і праводзяць) значную работу па добраўпарадкаванні земляў, па іх меліярацыі. А зямля тут пераўвільготненая, што, напрыклад, сёлета негатыўна адбілася на стане пасеваў. І тым не меней (тут жа падкрэслім), сельскія працаўнікі раёна знялі сёлета неблагі для гэтых месцаў ураджай збожжавых — па 45 цэнтнераў з гектара (праўда, разлічвалі на большае).

У раёне летась упершыню пасеялі цукровыя буракі (Макар не быў бы Макарам, каб не "прывёз" іх з сабой з Нясвіжа), і ўжо адразу дасягнулі адносна неблагой іх ураджайнасці — 425 цэнтнераў з гектара. А цукровыя буракі, варта нагадаць, прыносяць нядрэнны фінансавы даход.

У раёне значна нарасцілі (і працягваюць нарошчваць) свой малочны статак. Пры гэтым у 2011—2012 гадах намечана было пабудаваць 8 новых малочнатаварных фермаў. Дарэчы, літаральна на днях у сельгасакадэміі ўведзена свайго роду вучэбная МТФ, на якой задзейнічаны ўсе самыя сучасныя тэхналогіі па ўтрыманні і даенні жывёлы — адпаведна, для вывучэння і асваення іх студэнтамі. На базе гэтай МТФ мяркуецца таксама наладзіць перападрыхтоўку сельскагаспадарчых кадраў вобласці і краіны ў малочнай галіне.

Вынікі ўсёй гэтай работы ўжо няблага бачны сёння: за 8 месяцаў года вытворчасць малака павялічылася на 6,1 працэнта, прычым (асабліва падкрэслім) 71,1 працэнта малака рэалізавана сортам "Экстра" і 21,7 працэнта — вышэйшым сортам. Гэта — найлепшае дасягненне ў малочнай галіне рэспублікі.

І яшчэ некалькі лічбаў: за 8 месяцаў гаспадаркі раёна нарасцілі на 13,1 працэнта вытворчасць мяса; у цэлым рост аб'ёмаў сельскагаспадарчай прадукцыі склаў па раёне 110,4 працэнта (ды ў папярэднім годзе гэты рост склаў 108,1 працэнта).

Сёлета выручка ад рэалізацыі сельскагаспадарчай прадукцыі павялічылася ў раёне ў 2,6 раза і склала каля 260 мільярдаў рублёў; на аднаго працаўніка аграрнага сектара рэалізавана прадукцыі на суму 101,8 мільёна рублёў, што ў 2,7 раза больш у параўнанні з папярэднім годам.

А гэты кірунак, пра які будзе зазначана цяпер, стаіць крыху асобна ад тэмы нашай размовы, тым не меней, пра яго таксама варта сказаць колькі слоў. Сёлета ў Горках уведзены ў строй рыбаводчы індустрыяльны комплекс, на якім тут пачалі вырошчваць малявак ласасёвых для далейшай рэалізацыі іх рыбаводчым гаспадаркам краіны. Прадукцыйнасць комплексу павінна скласці да 3 мільёнаў малявак за год; такія комплексы існуюць толькі ў асобных заходнееўрапейскіх краінах, а ў СНД няма аналагаў. Карацей, ужо недзе праз год-два мы павінны пакаштаваць сваіх ласасёвых, якіх цяпер (пакуль што малявак) клапатліва гадуюць у Горках. Застаецца дадаць: гэты комплекс узяла пад сваё навуковае крыло кафедра іхтыялогіі Горацкай сельгасакадэміі...

— Ужо вядома: наш раён вызначаны як базавы сельскагаспадарчы раён краіны, — зазначае кіраўнік Горацкага райвыканкама Ігар Макар. — У Горках знаходзіцца, па сутнасці, галоўны навуковы аграрны штаб краіны. І ўсё гэта, вядома ж, накладвае на нас вялікую адказнасць. Мы, вобразна кажучы, знаходзімся на пярэднім краі аграрнай справы. Але ж выцягнем, інакш нельга.

Іван БАРАНОЎСКІ. Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
— Вы бывалі ў Горках? — спыталіся ў нас у ідэалагічным аддзеле Горацкага райвыканкама. — Даводзілася. — У такім разе глядзіце і параўноўвайце, — сказалі нам,...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика