Адкрыцці і расчараванні "Белай вежы",або Музыка цела і не-Маргарыта
19.09.2012
—
Новости Общества
|
Вось і скончыўся 17-ы Міжнародны тэатральны фестываль "Белая вежа" пад назвай "Класіка РLUS". Тэатральны тыдзень праляцеў хутка: здараліся адкрыцці, нямала і расчараванняў. Пераможцы абвешчаныя, намінанты ўшанаваныя. Гран-пры фэсту павёз у Польшчу тэатр з Познані за вулічны спектакль "Макбет, хто той акрываўлены чалавек?" Плошчавыя прадстаўленні традыцыйна карыстаюцца поспехам у брэсцкага гледача. А калі гэта сапраўдны тэатр, то ён здольны, як бачым, заваяваць і сэрцы журы. Хоць большасць тэатральнай грамадскасці, крытыкі, журналісты чакалі ўбачыць на п'едэстале гонару Ровенскі тэатр з Украіны за пастаноўку "Калігулы". Трагедыя самага жорсткага ў свеце правіцеля Гая Юлія Цэзара загучала вельмі сучасна. Зло не мае эпохі, нацыянальнасці і апраўдання. Гора таму, хто лічыць сябе нароўні з Богам — вышэйшы суд будзе бязлітасным. Усё гэта гучала ў спектаклі пры дапамозе майстэрскай акцёрскай ігры і цікавай рэжысуры. Некаторыя крытыкі нават сказалі, што на шосты дзень — менавіта ў сераду давалі "Калігулу" — фестываль быў адкрыты. Думаю, што на самую высокую ўзнагароду заслужана мог прэтэндаваць і спектакль "Гульцы" Рускага тэатра Эстоніі, парадаваў аматараў вытанчанага мастацтва і тэатр "Зеро" з Ізраіля творам "Жанчына ў пясках" — сцэнічным увасабленнем культавага рамана Коба Абэ. Цудоўныя водгукі крытыкаў атрымалі гаспадары фестывалю за работу Цімафея Ільеўскага "Над безданню ў жыце" па Сэлінджэру. І ўсё ж вердыкт вынесены, а суддзяў, як вядома, не судзяць. А інакш і не было б ніякай інтрыгі фестывалю. І не так цікава было б чакаць самай значнай культурнай падзеі горада над Бугам праз год. Калі ж на закрыцці фэсту кіраўнік вобласці Канстанцін Сумар абвясціў, што фестываль працягнецца, то ўсе ўздыхнулі з палёгкай, бо зразумелі: грошы будуць і налета. *** Чаго мы дакладна раней не бачылі, дык гэта калектыву, падобнага Санкт-Пецярбургскаму мужчынскаму балету Валерыя Міхайлоўскага. А яго і няма, гэта адзіны такога кшталту балет у свеце. Так, прынамсі, гаворыцца ў анатацыі. Прызнаюся, розныя думкі ўзнікалі пры праглядзе ў інтэрнэце здымкаў мужчын у пачках і на пуантах. Але сумненні развеяліся, калі хлопцы з кароткімі стрыжкамі і трэніраванымі торсамі (амаль што байцы спецназа!) выконвалі ў першым аддзяленні складаныя мужчынскія партыі, а ў другім — у парыках і макіяжы — з бляскам, з тонкім гумарам і густам танцавалі жаночыя партыі ў фрагментах класічных балетаў. А вось мастацтва самога Валерыя Міхайлоўскага апісваць словамі — вельмі няўдзячная справа. Калі ён самазабыўна танцуе, стварае вобраз і знаходзіцца ў гэтым вобразе, застаецца толькі глядзець і здзіўляцца. У нейкі момант ён нагадвае анёла, які ёсць бясполая і бесцялесная істота, у іншы — проста вобраз свайго героя, цела без касцей, паслухмянае толькі духу музыкі. Так было, калі маэстра танцаваў партыю лебедзя. З адзення на ім былі белыя штаны і белы парык, усё астатняе — музыка цела. Потым нехта ў кулуарах сказаў, што Міхайлоўскаму пад шэсцьдзесят. Тым большага ён заслугоўвае захаплення. Акцёр Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы Анатоль БАРАННІК атрымаў прыз за лепшы дэбют. І балет, і "Калігула" сталі, здаецца, заслужанай узнагародай таму, хто паглядзеў "Майстра і Маргарыту" ў выкананні артыстаў з Кішынёва. У сваім анонсе яны паведамілі аб узнагародах і прэміях, якія атрымаў гэты спектакль. Не ведаю, хто тыя прэміі прысуджаў, цалкам магчыма, той, хто твор Булгакава ў вочы не бачыў. Колькі разоў гаварылася, што не варта брацца экранізаваць альбо ставіць гэты булгакаўскі твор, калі ты не гатовы. Пра здарэнні на мяжы містыкі ў працэсе здымак пісалася не раз. Да гэтага твора трэба падыходзіць, калі атрымаеш нейкі своеасаблівы код. І не інакш. Нават чытанне яго даецца не ўсім. А тут... ну проста з віламі на паравоз. Хоць да пачатку ўсё выглядала цікава, незвычайнай падалася сцэнаграфія: сцэна ўваходзіла ў залу трыма подыумамі. Містыкі дадавалі людзі ў белым са свечкамі і нейкія невядомыя істоты з ліхтарамі. Ружы па краях подыумаў свяціліся пагражальна-цьмяным святлом. Каб на гэтым усё і скончылася, засталася б нейкая загадка. А так — лепей бы не бачыць Маргарыты, якая... разважае пра выбары! Ды напляваць было булгакаўскай Маргарыце на вашы грамадска-палітычныя кампаніі. Яна душу аддаць д'яблу магла толькі за найвялікшае ў свеце каханне. А тут ні Майстра, ні Маргарыты, якіх змог палюбіць нават злы дух. Нейкія іншыя героі іншых раманаў. А ўжо Берліёз і паэт Бяздомны — дзядзькі з заводскай самадзейнасці. Як і галоўны ўрач псіхіятрычнай бальніцы, у спектаклі чамусьці мажная і вульгарная кабета, што закідвае тоўстую нагу на калені паэту Івану Бяздомнаму... Відаць, галоўная рэжысёрская стаўка была зроблена на баль у месіра, які прапанавалі "сыграць у гэтым горадзе". Модны зараз прыём — прыцягнуць да дзеі глядзельную залу — справа вельмі адказная, тут надзвычай важна не страціць пачуццё меры. Махляроў, прайдзісветаў, зладзеяў і забойцаў давялося іграць брэсцкай публіцы. Іх паднімалі з месцаў і давалі прыгубіць віна. А калі сімпатычную кабету назвалі забойцай свайго дзіцяці Фрыдай, і далі ёй насоўку, якой яна задушыла немаўлятка, захацелася крыкнуць булгакаўскае: "Такія балі, каралева, трэба выкідваць на сметнік!" Фестывальная афіша — заўсёды загадка. Ніколі не ведаеш, за якой назвай чакае сапраўдны тэатр. Адна справа, скажам, калі халтуру ты вымушаны глядзець у ролі акрэдытаванага журналіста, і зусім іншая, калі чалавек з цяжкасцямі купіў білет. Нятанны. Апрануў спецыяльна куплены новы касцюм і пайшоў на сустрэчу з Мельпаменай, якую чакаў цэлы год. А табе — насоўку Фрыды і порцыю нетактоўнасці. На жаль, згаданы спектакль — не адзінае расчараванне сёлетняй "Вежы". Немаскоўскі ўзровень паказалі і асобныя трупы з расійскай сталіцы. Што ж, будзем чакаць "Вежу" наступную — з надзеяй на адкрыцці. Святлана ЯСКЕВІЧ Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Вось і скончыўся 17-ы Міжнародны тэатральны фестываль "Белая вежа" пад назвай "Класіка РLUS". Тэатральны тыдзень праляцеў хутка: здараліся адкрыцці, нямала... |
|