Свята — для ўсіх, узнагароды — лепшым!. 21.by

Свята — для ўсіх, узнагароды — лепшым!

20.09.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Горкі гатовы прыняць удзельнікаў і гасцей "Дажынак-2012"!

У Магілёўскім аблвыканкаме напярэдадні "Дажынак" правялі вялікую прэс-канферэнцыю. Гасцям і ўдзельнікам абяцаюць: вялікае свята, урачыстасці з густам і размахам, унікальнае шэсце лепшых працаўнікоў вёскі краіны, мноства мерапрыемстваў на любы густ, канцэртныя пляцоўкі ў розных стылях, гандлёвую разнастайнасць, камфортны адпачынак.

Восеньскія рытмы

Кіраўніцтва Магілёўскай вобласці і Горацкага раёна відавочна задаволена пераўтварэннямі, якія адбыліся ў межах падрыхтоўкі да "Дажынак-2012". Зроблена ўсё, каб добра падрыхтавацца да фестывалю-кірмашу. Усе 246 аб'ектаў, якія планавалася ўзвесці, адрамантаваць і ўвогуле прывесці ў парадак, здадзены. Да іх нават дадалося некалькі дзясяткаў новых.

Намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Чорны яшчэ раз падкрэсліў: горацкія новабудоўлі не проста для ўпрыгажэння горада і "Дажынак", а для людзей.

— Мы прывялі горад у парадак, далі магчымасць яму развівацца далей для будучых пакаленняў, — гаворыць ён.

У моладзевым культурна-забаўляльным цэнтры з амфітэатрам у нядзелю адбылася першая дыскатэка пад назвай "Восеньскія рытмы". Прычым сюды прыйшлі не толькі студэнты акадэміі, але і выкладчыкі. Людзі розных пакаленняў сабраліся, каб палюбавацца ўнікальным збудаваннем і пераўтварэннямі навокал.

У амфітэатры ў пятніцу а 16-й гадзіне ўрачыста адкрыецца Рэспубліканскі фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі "Дажынкі-2012". Там адбудзецца цырымонія ўручэння першых прэмій пераможцам спаборніцтва па ўборцы ўраджаю, дзяржаўных узнагарод. Не ўсе здолеюць трапіць на галоўную пляцоўку, але трансляцыя галоўнай дзеі "Дажынак" будзе ісці па ўсім святочным горадзе.

Еўрапейскі ўзровень

Унікальная канцэртная пляцоўка на беразе Ніжняга возера будзе і далей запатрабавана — для правядзення фестываляў. Шоу над воднай гладдзю, з падсветкай, глядзіцца грандыёзна.

Спартыўныя аб'екты патрэбны студэнцкай моладзі ды і ўсім горацкім жыхарам. І не толькі ім: сваё жаданне карыстацца (натуральна, за грошы) Лядовым палацам, стадыёнам і спартыўнымі заламі выказалі расійскія спартсмены і каманды.

Будынкі і фасады на цэнтральных вуліцах у Горках аздоблены ў еўрапейскім стылі. У гатэлі "Проня" ў старыя сцены "ўпісалі" новыя інтэр'еры. Цэнтральная плошча — гонар архітэктараў і будаўнікоў. Яна вытрымана ў адзіным стылі. Рэканструкцыя помніка архітэктуры, дзе месціцца сучасная стаматалагічная паліклініка, — гэта нібыта спалучэнне (а не сутыкненне) мінулага і сучаснага, выйгрышнае для ўсіх.

Сустрэча з Бельмандо

Напярэдадні "Дажынак" у Горках адкрыўся абноўлены краязнаўчы музей. Намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка назваў будынак, узведзены ў канцы ХІХ стагоддзя, "эталонам сучаснай рэстаўрацыі". У ім калісьці была аптэка Казіміра Падзерскага, вынаходніка крэму ад рабаціння і маршчын — падчас рамонту рабочыя знайшлі на гарышчы скрутак са старадаўнімі рэцэптамі. Ён стаў часткай музейнага аптэкарскага кутка.

— Некаторыя гістарычныя будынкі ў Горках закансерваваныя, чакаюць свайго гаспадара і вызначэння будучыні, — сказаў на прэс-канферэнцыі Валерый Малашка.

Цяпер жа ў музеі адкрылася выстава твораў беларускай мастачкі Ларысы Журавовіч, і арганізатары настойліва раяць гасцям "Дажынак" не прапусціць гэтую культурную падзею. Як і прэм'ерны паказ у абноўленым кінатэатры "Крыніца" новай беларускай камедыі "Скрасці Бельмандо". Сустрэча з творчай групай і паказ намечаны на 21 верасня а 18-й гадзіне.

Нанова народжаны

"Горад нарадзіўся нанова", — так проста і ясна гаворыць пра Горкі старшыня Горацкага райвыканкама Ігар Макар. Цяпер у ім шмат такога, чаму могуць пазайздросціць.

Сярод значных аб'ектаў раённага цэнтра называюць і дзіцячы парк. Там, на новых атракцыёнах і пляцоўках, забаўляюцца дзеці з мамамі і татамі, бабулямі і дзядулямі.

Адна з важных сучасных адметнасцяў Горак — гэта безбар'ернае асяроддзе. Пакуль, праўда, не на 100%, але тратуары, прыпынкі, уваходы ў розныя будынкі і крамы — усё гэта зменена такім чынам, каб не было перашкод для вольнага руху людзей з абмежаванымі магчымасцямі, састарэлых, бацькоў з каляскамі.

Кіраўнік раённай улады Ігар Макар асаблівую ўвагу звяртае на аблічча не толькі горада, але і вёсак. прыходзяць новыя тэхналогіі, адкрываюцца новыя перадавыя комплексы, і праца ў гэтай сферы становіцца запатрабаванай, дае людзям задавальненне і даход. Невыпадкова ў школе № 2 пасля яе рэканструкцыі запрацавала яшчэ і новая праграма "Школьная акадэмія", якая ўключае ў сябе супрацоўніцтва сярэдняй навучальнай установы, Горацкай сельгасакадэміі і двух сельгаспрадпрыемстваў: вучгаса акадэміі і "Аўсянкі".

Сучасны інтэрнат у акадэміі на 680 месцаў выклікае прыступ добрай зайздрасці ў тых, хто вучыўся ў савецкі час: сённяшнім горацкім студэнтам прапануюць "норму" ў 6 квадратных метраў на чалавека, а кухня і ўсе выгоды ёсць у кожным блоку. Цяпер у яго засяляюцца дэлегацыі "Дажынак".

Цікава, што са святам працаўнікоў вёскі, якое адбудзецца ў выхадныя дні, не завершацца пераўтварэнні ў Горках. Будаўнікі ўсё яшчэ тут, і яны будуць асвойваць грошы, якія яшчэ засталіся, на добраўпарадкаванне вуліц і прыватнага сектара.

Мільярды на карысць

Фінансавы ўклад у "Дажынкі" акрэслілі на прэс-канферэнцыі ў аблвыканкаме: гэта амаль трыльён рублёў. 993 мільярды рублёў — столькі каштавала пабудова і рамонт аб'ектаў, запланаваных паводле праграмы падрыхтоўкі.

Праўда, падлічыць усе грошы пакуль не ўяўляецца магчымым. Таму што шмат сродкаў выдаткавалі на горацкія будоўлі і абнаўленні розныя ведамствы: напрыклад, у раённай бальніцы на 10 мільярдаў набылі новага медыцынскага абсталявання. На станцыю "Пагодзіна" беларуская чыгунка выдаткавала 42 мільярды рублёў.

Сёлета, як ніколі, у падрыхтоўцы да свята вялікі фінансавы ўдзел прынялі спонсары. За грошы буйных беларускіх прадпрыемстваў, рэспубліканскіх банкаў пабудавалі амфітэатр — а гэта амаль 70 мільярдаў рублёў. Цяпер сталі паступаць сродкі і ад магілёўскіх прадпрыемстваў, у тым ліку і прыватных.

— Так, удзел спонсараў вельмі значны, — пацвярджаюць Анатоль Чорны і Ігар Макар. Яны кажуць, што вялікую ролю адыграў і аўтарытэт арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы да "Дажынак", які ўзначаліў кіраўнік беларускага ўрада Міхаіл Мясніковіч.

"Я цябе кахаю!"

У пятніцу а 11-й гадзіне на тэрыторыі акадэмгарадка адбудзецца афіцыйнае адкрыццё скульптурнай кампазіцыі "Студэнты". Правільная назва — "Вечная студэнцкая вясна": дзяўчына і хлопец на лаве чытаюць кнігу, побач — кветка і бутэрброд. На лаве нібыта выразана сардэчка з адвечным "Я кахаю цябе". Ёсць і верабей — як прывітанне ад аўтара, магілёўскага скульптара Андрэя Вараб'ёва.

— Цяпер у Горках народ не адыходзіць ад гэтай скульптуры, — парадаваўся за рэалізацыю добрай ідэі і стаўленне да яе людзей Анатоль Малашка. — Усе фатаграфуюцца — няспынна!

Гэта, несумненна, стане любімым месцам студэнтаў акадэміі і асабліва закаханых. Гавораць, у справу ўжо пайшлі новыя горацкія прыкметы: пагладзіць кнігу — на ўдачу ў вучобе, сэрца і каленку — у каханні, вераб'я — да шчасця.

Што датычыцца іншых скульптур, то каля Лядовага палаца ўсталяваны алімпійскія кольцы, а апошнімі днямі перад "Дажынкамі" у Горкі прыбыла скульптурная кампазіцыя, якая ўвасабляе сабой сімвал дабрабыту зямлі Горацкай. У цэнтры кампазіцыі — герб Горак, адзін з самых старажытных у Беларусі, буслы, калоссе.

Ад Афанасьевай да Газманава

Працаўнікі сферы культуры зрабілі ўсё магчымае і немагчымае для таго, каб паказаць, на што здатная творчая Магілёўшчына. Напярэдадні свята інтэнсіўна ідуць рэпетыцыі: усе гавораць, што на свяце дакладна не будзе сумна. На кожнай канцэртнай пляцоўцы ўздоўж святочнага маршруту — свая "тэма", каб было добра і старым, і малым, і ўсім адразу. Моладзевая праграма будзе прадстаўлена каля палаца культуры акадэміі і на фестывалі піва, дзе выступяць рок-гурты і модныя дыджэі.

Увогуле ў "Дажынках" бяруць удзел 3600 артыстаў, якія прыехалі з усіх рэгіёнаў краіны. Аднак пераважаная большасць з іх — магілёўскія, мясцовыя. Усе чакаюць пралогу свята пад назвай "Ода хлебу", якую зрабілі творчыя сілы Магілёўшчыны.

На канцэртных пляцоўках "Дажынак" будуць выступаць і папулярныя "зоркі": беларусы — Ірына Афанасьева, Іскуі Абалян, Руслан Аляхно, а таксама прыедуць Рэнат Ібрагімаў і Вера Брэжнева, дасць вялікі канцэрт у амфітэатры народны артыст Расіі Алег Газманаў. Бяруць удзел у беларускім свяце артысты з Малдовы, Санкт-Пецярбурга, суседняга Смаленска.

Частуйцеся беларускім

Гандаль і грамадскае харчаванне абяцаюць неверагодныя сюрпрызы. Рэстарацыя пад адкрытым небам працягнецца амаль на 3 кіламетры, будзе камфортнай і задаволіць любыя густы. Агульнае запаўненне — 12 тысяч месцаў. Працаваць будзе ў пятніцу і суботу ад раніцы да поўначы, да апошняга кліента — такі графік працы ўстаноўлены на горацкіх "Дажынках". У гандлёвым абслугоўванні "Дажынак" бяруць удзел 220 гандлёвых арганізацый, працаваць будуць 3 тысячы прадаўцоў!

Безумоўна, бачыць і смакаваць трэба самім, але назавём хоць некаторыя адметнасці. Кірмашы рыбы і мёду. Дзіцячы салодкі кірмаш (магілёўскія кандытары, дарэчы, вырабілі торт даўжынёй у 30 метраў — у выглядзе цягніка з вагонамі, з сімволікай "Дажынак"). Бісквітна-крэмавы ласунак прадставяць на Свяце хлеба.

Адзін з самых цікавых момантаў — свята піва. У фестывалі бяруць удзел буйныя беларускія броварныя кампаніі, кожная з якіх рыхтуе свой сюрпрыз — гэта, па ідэі, павінны быць элітныя гатункі піва.

— Піва на свяце будзе толькі разліўное, у брэндаваных стаканах, — паведаміў начальнік упраўлення гандлю Магілёўскага аблвыканкама Алег Буянаў. — Потым, па заканчэнні, палічаць, якое ж піва карысталася найбольшай папулярнасцю.

Можна ехаць!

Дарогі, якія вядуць у Горкі, прыведзены ў парадак: толькі на мясцовыя трасы выдаткавана больш за 100 мільярдаў рублёў. Яны адрамантаваны, пашыраны да дзесяці метраў. Узведзены дзве заправачныя станцыі, якія прапануюць увесь комплекс паслуг для вандроўнікаў. Ёсць стаянкі для адпачынку, абсталяваныя ў прыдарожным лесе.

Што датычыцца трасы М4 "Мінск — Магілёў", то яна прынята ў эксплуатацыю і на частцы яе гэтымі днямі павінны быць уведзены хуткасны рэжым да 120 кіламетраў за гадзіну.

— Мы чакаем у Горках у выхадныя дні не меней за 20 тысяч адзінак транспартных сродкаў, — паведаміў намеснік начальніка Магілёўскай ДАІ Віктар Каралёў.

Вызначаны месцы парковак, а інспектары ДАІ дапамогуць усім гасцям зарыентавацца ў горадзе. Ад парковак будзе хадзіць грамадскі транспарт, ды і, калі шчыра, у Горках да любога месца можна дабрацца пешшу. І ўсё ж гасцей загадзя просяць цярпліва ставіцца да просьбаў інспектараў ДАІ: на "Дажынкі" прыедуць дзясяткі тысяч людзей, мноства транспарту, і таму варта быць уважлівымі і ветлівымі адно да аднаго.

Памяць пра Горкі

Начальнік упраўлення ідэалогіі Магілёўскага аблвыканкама Андрэй Кунцэвіч прадставіў сувенірную і друкаваную прадукцыю — на памяць пра "Дажынкі-2012" у Горках.

Найперш — кніжная трылогія, якая расказвае пра Магілёўскую вобласць, Горацкі раён і Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію. Даведнік госця фестывалю змяшчае схемы і ўсе неабходныя кантакты. На дыску — прэзентацыйны фільм пра Магілёўшчыну. І калі спецыяльны медаль выпушчаны колькасцю толькі ў сто штук і ў будучыні абяцае стаць нумізматычнай рэдкасцю, то значок "Дажынкі-2012" атрымаць будзе лягчэй.

Што было і што ёсць — такія паштоўкі зрабілі ў Горках сувенірам да "Дажынак". Якімі былі старыя будынкі і якімі сталі. Адчуйце розніцу!

Самае галоўнае — гэта ўсё ж уласныя ўражанні. Напрыклад, абяцае ўразіць вялікая выстава інавацый і дасягненняў у прамысловай і сельскагаспадарчай вытворчасці, якая разгорнецца на тэрыторыі акадэмгарадка. Каля Ніжняга возера закладуць алею заслужаных працаўнікоў сельскай гаспадаркі Беларусі. Заходзьце на выставу кніг і часопісаў беларускіх выдавецтваў, перыядычных выданняў. Папрысутнічайце на спецыяльным памятным гашэнні мастацкага канверта, прысвечанага "Дажынкам-2012". Свята беларускай моды адбудзецца на Цэнтральнай плошчы. Упершыню на "Дажынках" можна будзе пакатацца на паветраных шарах і агледзець фестывальны горад з вышыні птушынага палёту. Праграма свята — вялікая, і кожны знойдзе, чым парадаваць сябе.

Ілона Іванова.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Горкі гатовы прыняць удзельнікаў і гасцей "Дажынак-2012"! У Магілёўскім аблвыканкаме напярэдадні "Дажынак" правялі вялікую прэс-канферэнцыю. Гасцям і...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика