Лёгкай уборкі не бывае
21.09.2012
—
Новости Общества
|
— Калі яно прайшло-праляцела? Ужо, лічы, сорак гадоў, як уладкаваўся на працу ў "Астрамечава", — пачаў размову Леанід Сцяпанавіч. — Тады толькі пачыналі будоўлю пасёлка. А сёння наш аграгарадок адзін з самых прыгожых, дагледжаных, зручных, мабыць, не толькі ў Брэсцкім раёне. Дом у свой час атрымаў ад гаспадаркі, даўно ўжо яго выкупілі ва ўласнасць. Работа ёсць, свая гаспадарка немалая, — толькі працуй, не лянуйся.
Сам старшы аператар збожжасушыльнай устаноўкі расказаў, што іх СЗК-8 вытворчасці брэсцкага завода паспяхова працуе ў гаспадарцы "Астрамечава" ўжо амаль 15 гадоў. Праўда, яго мясцовыя інжынеры трошачкі мадэрнізавалі, дабавілі аўтаматыкі, паднавілі асобныя дэталі. І машына працавала ўсю ўборку фактычна без перапынкаў на рамонт. 3394 тоны збожжа даведзена да кандыцыі на гэтым комплексе. Як аказалася, гэта самы высокі вынік у вобласці. Пытаюся, ці была сёлетняя ўборка крыху лягчэйшай за іншыя — надвор'е ж спрыяла? Леанід Сцяпанавіч згаджаецца, што гэтым разам нябесная канцылярыя праявіла лагоднасць, але лёгкай уборкі, на яго думку, наогул не бывае: "Пачынаецца ўборка, і адразу з'яўляецца ўнутраная напруга: гэта ж адказнасць. Ніколі не ведаеш, як тэхніка сябе павядзе, колькі сонечных дзён падорыць прырода". Звычку працаваць, як ён лічыць сам, Леанід Сцяпанавіч пераняў ад бацькоў. Яны ўсё жыццё здабывалі нялёгкі кавалак хлеба на зямлі, як і жончыны бацькі. Таму і яны з Надзеяй Міхайлаўнай выгадавалі траіх добрых дзяцей, усім далі адукацыю. Сыны зараз пры сваіх сем'ях, жывуць асобна. З бацькамі засталася малодшая дачка Наталля, яна стала педагогам, працуе завучам у школе суседняй вёскі. І ўсе дапамагаюць бацькам апрацоўваць тры гектары зямлі, якія на сямейнай нарадзе вырашылі ўзяць для вядзення падсобнай гаспадаркі. На сваім полі вырошчваюць збожжавыя, буракі, агародніну, каб мець корм для шматлікай жыўнасці. Бо ў гэтай сям'і даўно засвоілі галоўнае правіла: хто добра працуе, той добра жыве. ...За дзень да ад'езду на "Дажынкі" жонка з дачкой Леаніда Сцяпанавіча былі занятыя апошнімі "штрыхамі" святочнага гарнітура героя-дажыначніка. "Спачатку думалі, падбярэм нейкі са сваіх касцюмаў, вунь іх поўная шафа, — смяецца Надзея Міхайлаўна. — Але ж, мусіць, такі парадак, што ўсёй дэлегацыі купілі аднолькавую форму, нібы алімпійцам. Дык хай будзе і гэты". Насамрэч яны хвалююцца, каб усё было добра, каб дарагі чалавек выглядаў бездакорна: гэта ж уся краіна будзе глядзець на яго па тэлевізары! Святлана ЯСКЕВІЧ. Брэсцкі раён. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
— Калі яно прайшло-праляцела? Ужо, лічы, сорак гадоў, як уладкаваўся на працу ў "Астрамечава", — пачаў размову Леанід Сцяпанавіч. — Тады толькі пачыналі...
|
|