Неапалімыя Ляцягі
21.09.2012
—
Новости Общества
|
Кожны год у верасні ў Ляцягах Слаўгарадскага раёна адбываецца вясковае свята: людзі хрэсным ходам з абразом Божай Маці "Неапалімая купіна" абходзяць вёску, каб абараніць яе ад бедаў і няшчасцяў. Гэтая традыцыя вядзе свой пачатак ад Вялікай Айчыннай вайны. Вера ў лепшае Дзень 17 верасня ў Ляцягах традыцыйна пачынаецца ў маленькай вясковай царкве. Яна знаходзіцца ў звычайным доме, але ад гэтага, здаецца, набывае яшчэ больш чароўнасці, хатняй і цёплай. На сценах вісяць абразы, упрыгожаныя ў старасавецкім стылі фольгай і кветкамі. Ажурныя фіранкі, вышытыя ручнікі і абрусы... На падлозе — мяккія вясковыя "кругі". На стале — букеты з восеньскіх кветак і традыцыйныя булкі. Усё гэта асвятляецца мяккім святлом свечак.
Пеўчыя спяваюць тонкімі кранальнымі галасамі. Бабулі ў святочных чырвоных хустках шэпчуць малітвы і хрысцяцца. Айцец Георгій, настаяцель Свята-Петра-Паўлаўскага храма ў аграгарадку Лясная вядзе службу, а потым запрашае жанчын на хрэсны ход. Крыж наперадзе нясе самая маладая жанчына, за ёй — бабулі з абразом "Неапалімая купіна", святар з крыжам у руцэ. Вядома, гэта не самая вялікая грамада, усяго крыху болей за дзясятак чалавек, але ўражанне ўсё ж робіць вялікае. Найперш сваёй шчырасцю, бо амаль 70 гадоў кожны год гэтыя людзі нясуць па вясковых вуліцах абраз з верай у лепшую будучыню. Нават вайна адступіла Абраз "Неапалімая купіна" называюць у Ляцягах сваім ахоўным. — "Неапалімая купіна" вельмі шануецца ў Беларусі і іншых краінах, — нагадвае айцец Георгій. — У народнай свядомасці абраз ратуе ад бед і, найперш, пажараў. Таму ў гады вайны людзі да яго звярталіся з малітвамі аб заступніцтве. Абраз, што носяць вакол Ляцягаў, напісаны ў ваенны час. У 1943 годзе, калі да гэтых мясцін набліжаўся фронт, мясцовыя жыхары былі ў паніцы: яны баяліся (і не дарма), што немцы пры адступленні могуць спаліць паселішча. — Жанчына з нашай вёскі, якая малілася Богу, замовіла ў Магілёве абраз "Неапалімая купіна", і дзве бабулі пешшу прынеслі яго з Чавусаў, — расказвае Таццяна Сяргееўна Сазонава. — І гэтым абразам мы тады абнеслі Ляцягі. Я, 14-гадовая дзяўчынка, пайшла ўслед за дарослымі. Мы ішлі па шляху, а адно гумно было ўбаку. Было позна, і вырашылі да яго не ісці. Дык пры адступленні немцы толькі тое гумно і спалілі. Маці Божая ночку не спала, нас ахоўвала. І мы засталіся жывыя, і хатачкі нашы цэлыя. — Лінія фронту на Проні стаяла 9 месяцаў, і Ляцягі былі ў зоне абстрэлу, — расказвае айцец Георгій. — Але, у адрозненне ад суседніх, вёска засталася цэлая. Гэта дзіўна, і нават скептыкі не могуць гэта растлумачыць. Бо вёскі ў некалькіх кіламетрах адсюль былі спалены, і людзі жылі ў зямлянках. А тут снарады трапілі толькі ў сады ды гаспадарчыя пабудовы. З тых часоў вясковы люд вырашыў, што абносіць абразом Ляцягі трэба штогод. Так і робіцца. На покуці Хрэсны ход ад царквы спачатку ідзе да хаты Сазонавых. Таццяна Сяргееўна — захавальніца ахоўнага абраза, які перадалі ёй старажылы. Жанчыне ўжо 85 гадоў, але яна, хоць і з кійком, разам з усімі ідзе хрэсным ходам і моліцца за спакой вёскі. — Гэты абраз і цяпер ахоўвае нашу вёску! — кажа бабуля. — Безумоўна, абраз дапамагае людзям, — не мае сумненняў і яе сяброўка Марыя Сяргееўна Корнева. — Часам так здараецца, што ў іншых вёсках ураган і дахі здымае, і дрэвы з каранямі павырывае навокал, а ў нас усё спакойна, без вялікіх бед, дзякуй Богу. Ля варот дома тым часам адбываецца абрад: усе цалуюць "Неапалімую купіну" і праходзяць пад абразом. Потым маладзейшыя са святаром ідуць абходзіць вёску, усе пабудовы і палеткі, а таксама і помнік ахвярам Другой сусветнай вайны, а састарэлыя людзі застаюцца ў хаце. "Неапалімая купіна" месціцца на покуці. Гэтая няяркая выява на цёмнай драўніне ўбрана ў святочныя ручнікі і кветкі, перад абразом — пірог і запаленая свечка ў ім. Людзі моляцца, проста сядзяць побач, ціха размаўляюць. Сама гаспадыня, у святочнай кашулі з карункамі і бардовай хустцы, узгадвае мінулае. Плача і ўсміхаецца. Думае пра будучыню. — Абраз я перадам малодшай дачцэ Кацярыне, і яна будзе пасля мяне клапаціцца пра абрад, — паведаміла Таццяна Сяргееўна. — Увогуле ў мяне 4 дачкі, 8 унукаў, 7 праўнукаў, зяці. І ўсе добрыя, каб усім такіх Бог даслаў. Гэта таксама ад яе, маёй Божай Матачкі. — Дзеці нашы будуць верыць у Бога, і таксама, як мы, хадзіць, — падтрымлівае аднавяскоўку Ева Арцёмаўна Брыткіна. Смачна жыць Пасля хрэснага хода захавальніца абраза запрашае аднавяскоўцаў і гасцей на абед. Гэта частка традыцыі, і людзі лічаць за гонар браць у ёй удзел. Месцаў, талерак і лыжак можа ўсім і не хапіць, але ўсе нязменна шчаслівыя і задаволеныя ежай і стасункамі. Гатуюць абед дочкі Сазонавай. Валянціна Клепчанкова працуе інжынерам у Магілёве і штогод плануе выхадны на 17 верасня, каб дапамагчы маці прыняць гасцей. — Не, не шкада ні высілкаў, ні грошай, — Валянціна не крыўдуе на прамое пытанне пра выдаткі на абед. — Маці заўсёды рабіла гэта ад душы і сэрца. Яна кажа нам, што ўсю пенсію аддасць, але гасцей смачна накорміць. І мы шчыруем. На стале няхітрая вясковая страва, але як заўсёды — цэлае адкрыццё для гараджаніна, бо ўсё з печкі. Ячны крупнік з грыбамі, тушаная капуста, бульба з мясам, пірагі, аладкі, кампот. Смаката! — Мы хочам, каб людзям было добра, — гавораць у Сазонавых. — Мы ўсё жыццё ведаем гэтую гісторыю, і нам яе працягваць. Мы сапраўды верым, што вёску ўратаваў той абраз. Нашы дзеці пра гэта ведаюць і ўнукі. Ёсць нешта вышэйшае, што зберагае нас і ахоўвае ў нашы цяжкія дні. Так што абрад будзе жыць. Божая вёска Гавораць, што кожнае паселішча мае свой характар, як і кожны чалавек. — Гэта вёска вельмі прыстойная і добрая, тут жывуць сардэчныя людзі, — так характарызуе Ляцягі старшыня Гіжэнскага сельскага Савета Тамара Мельнікава. — І тут вельмі прыгожыя мясціны: непадалёк рака Проня, поўныя грыбоў лясы. Людзі ўтрымліваюць сваю вёску ў чысціні і парадку. Ляцягі ў акрузе называюць яшчэ божай вёскай, і ўсе вельмі спадзяюцца, што яна сапраўды захаваецца і будзе жыць. Хваляванні недарэмныя, таму што ў Гіжэнскім сельсавеце (як і ў іншых) ліквідуюцца, знікаюць з картаў, нежылыя паселішчы. У Ляцягах цяпер 44 двары і 77 жыхароў. Большасць мясцовых — пенсіянеры. І трымаецца вёска на тым, што цяперашнія бабулі і дзядулі выхавалі добрых дзяцей, якія не кідаюць сваіх старых. Разам з тым Тамара Мельнікава мае і аптымістычны погляд: апошнім часам на Слаўгарадчыне развіваецца шмат сельскіх праектаў з дапамогай міжнародных арганізацый, і ў Гіжэнцы ёсць таксама некалькі, каб прыцягнуць людзей, дапамагчы ім зарабіць грошы з дапамогай уласных гаспадарак і ў выніку палепшыць жыццё ў вёсцы. Магчыма, што ў будучым Ляцягі падпадуць пад праект па малацэ, гадаванні свіней ці птушкі. Так што сітуацыя, спадзяецца старшыня, зусім не тупіковая, проста трэба жыць і працаваць. Любоў да людзей Праваслаўны прыход у Ляцягах быў адроджаны 10 гадоў таму. Усё няпроста: царква тут была разбурана яшчэ да вайны, а на яе адраджэнне не хапае сродкаў. — Але нашы бабулі думаюць жыць да ста гадоў і болей і ўпэўнены, што храм тут павінен быць, — усміхаецца айцец Георгій, які ведае ўсіх ляцягскіх вернікаў у твар і па імёнах. — Вядома ж, Ляцягі пусцеюць, і з кожным годам на хрэсны ход выходзіць усё менш людзей. Але абрад усё ж захаваўся. І маладыя таксама з гарадоў прыязджаюць: тут іх радзіма, карані і "Неапалімая купіна", якая яднае людзей. Інтарэс да традыцый, якія зусім не супярэчаць імклівай сучаснасцю, відавочны. Хрэсны ход час ад часу суправаджаюць тэле- і фотакамеры журналістаў, а сёлета ў ім з'явілася (нечакана) дзяўчынка з відэакамерай у руках. — Гэта я на памяць здымала, — расказала 10-гадовая Марыя Прачуханава. — Мне тут цікава. Маша першы раз прыехала ў Ляцягі са Слаўгарада разам са сваёй маці, якая спявае ў царкоўным хоры. — Я ведаю, што калі вёску абразом абнясуць, то ўсё будзе добра, — даверліва расказвае дзяўчынка. Прыязджайце зноў! Ларыса Негарэ нядаўна з'ехала з сям'ёй у Слаўгарад, дзе пабудавала новую кватэру. Жыве ў камфортных умовах, знайшла працу ў бальніцы, але 17 верасня — святы для яе дзень, і яна адпраўляецца ў родныя Ляцягі, каб на правах самай маладой і моцнай жанчыны ўзначаліць хрэсны ход. — Мяне сюды цягне, і пачуцці ў мяне ад гэтай падзеі самыя светлыя, мне лёгка і радасна, — кажа Ларыса. На заканчэнне ляцягскія бабулі развітваюцца, раздаюць булкі "на дарожку", і запрашаюць прыязджаць налета. Яны дакладна ведаюць, што зноў пойдуць хрэсным ходам з абразом "Неапалімая купіна", каб абараніць свой свет ад усіх бедаў. Ілона Іванова. Фота аўтара. Слаўгарадскі раён. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Кожны год у верасні ў Ляцягах Слаўгарадскага раёна адбываецца вясковае свята: людзі хрэсным ходам з абразом Божай Маці "Неапалімая купіна" абходзяць вёску,...
|
|