АЛЁ, Народ на провадзе
21.09.2012
—
Новости Общества
|
...Дзяліцца трэба
Зямелька наша на розных людзей багатая — на добрых і злых, старых і маладых, вернікаў і бязбожнікаў, на разумных і, мякка кажучы, не вельмі... На працавітых, сціплых, сумленных, майстравых... Як і на тых, хто не супраць на іх пад'ехаць. У нашай вёсцы, напрыклад, жыў адзін самавук. Фядот па пашпарце, а па здольнасцях — ну сапраўдны Кулібін, бо за што ні возьмецца, усё змайструе, усё зробіць, любую тэхніку адрамантуе (некалі, дарэчы, яна ў калгасах на такіх вось майстрах і трымалася. Падыдуць тыя да няспраўнага камбайна, да трактара, "дыягназ паставяць", потым скляпаюць штось, вытачаць, глядзіш — і завяліся, далей працуюць)! Таму прадбачлівае начальства гэткіх людзей шанавала, неяк заахвочвала. А вось непрадбачлівае... У нашай брыгадзе гаспадаром лічыўся брыгадзір — Пятрок. Да яго ўсе звярталіся. Ды што там — часам цугам ішлі. Асабліва вясной ды ўвосень: прасілі, каб той ласку зрабіў — даў каня (калгаснага!), камбайн, капалку... Не за так, вядома ж — свой "прэйскурант" на кожную паслугу быў (у залежнасці ад віду), свая падзяка. Пятрок іх як належнае прымаў. Пры гэтым нават у думках не меў, каб з некім дзяліцца! Карацей — крыўдзіў ён "Кулібіна", крыўдзіў пастаянна і доўга, відаць. Вось таму і збрыдзела. Вырашыў правучыць, праявіўшы кемлівасць. Аднойчы па восені ў брыгаду на службовай "Волзе" прыязджае нейкі начальнік. "Разведка" далажыла — са спіртзавода. І, вядома ж, з просьбай, бо з усімі здалёк павітаўся кіўком галавы, а з Петруком — дык нават за руку. І за рог брыгаднага дома яго павёў. Трэба разумець, каб з вока на вока канкрэтныя перамовы павесці. Кшталту — што ты мне, а што за гэта я... Фядот здалёк адчувае — добры магарыч абяцаецца. Але ж толку, калі яму і на сто грамаў разлічваць нельга. "А ўласна — чаму?" — спытаўся ў сябе Кулібін, абачліва азірнуўся вакол (ці няма паблізу лішніх вачэй) — і гайда да той "Волгі". — Слухай, браток, — нахіляецца да шафёра, — твой начальнік сказаў, каб ты аддаў тое, што прывёз. Слова начальніка для падначаленага, як вядома, закон: кіроўца тут жа вылез з машыны, моўчкі адчыніў багажнік і спакойна перадаў у рукі Фядота важкую авоську. Зразумела ж, з выпіўкай. І добрай закускай... Што далей было, здагадацца няцяжка. Як і зразумець: калі не хочаш застацца з носам, дзяліцца трэба. Н.М. Бурко, в. Капланцы, Бярэзінскі раён. Падарунак з ФерганыСтарэйшыя людзі памятаюць: у часы так званага застою што ў Мінску, што ў Пінску — цэны аднолькавыя былі. Нават на базарах. Прадаюць там "асобы каўказскай нацыянальнасці" (умоўна) агуркі па рублю, памідоры па два — значыць, нават заікацца не варта, каб хоць дзесяць капеек ды скінулі. Мусіць, таму мы і не заікаліся. Але ж па маладосці, якраз у жніўні занесла мяне ў Сярэднюю Азію. Жонка даручыла, каб дынь дадому прывёз, пажадана — бухарскіх. Падаўся на рынак, пахадзіў там, прыцаніўся. Кошты ва ўсіх (даслоўна) "тры рубл. — адын дын". Дарагавата, думаю... Не купіў... Яшчэ і таму, што са школьных гадоў памятаў: Ферганская даліна (а я туды якраз кіраваўся) — гэта суцэльны квітнеючы сад. Дык там жа танней мо будзе? І вось Фергана, базар. Яго, людцы, трэба ўбачыць! Рады там, скрынкі-прылаўкі, ёмістасці вядзёр на 5—6 — з урукам, кішмішам, разынкамі; мяхі з сухафруктамі, каларытныя гандляры (гандлярак не было тады). Мора колераў, а пахаў... Не паспяваеш слінкі глытаць. Адно дрэнна: на дыні цана тая ж самая, што ў Бухары: "тры рубл. адын дын". Праўда, тут цэлае мора іх! І кожны з гандляроў кліча да сябе — дае пакаштаваць, на сваёй мове хваліць, просіць купіць менавіта ў яго. Так што прайшоў я па тым "дынным радзе" ў адзін канец, у другі — спыніўся. Падалося, што адзін з узбекаў-гандляроў рускую мову лепш разумее. Яшчэ раз пакаштаваў яго дыні. Сама тое, трэба браць, вырашыў, хоць і дарагавата. Палез у кішэню па грошы і... У апошні момант так, на ўсякі выпадак, спытаўся, а ці можна "адын дын" за два рублі? "Можна", — раптам згаджаецца прадавец. І тут жа пытаецца, а хто я буду, адкуль? "Ды з Беларусі, — кажу, — сюды спецыяльна прыехаў, каб вашы цудоўныя мясціны пабачыць — Самарканд, Бухару..." Гандляр ад гонару, ад радасці аж засвяціўся, кажа, што... землякі мы, бо ён некалі ў Беларусі, на Брэстчыне, у войску служыў. Слова за слова — размова завязалася, а праз нейкі час нават у сход перарасла, бо я перад прылаўкам стаяў, а на тым баку яго дзясяткі са два гандляроў сабралася: пра наша жыццё-быццё пыталіся, пра цэны, парадкі... Я адказваў, "зямляк" перакладаў. Карацей — чын чынам усё. А таму напрыканцы размовы без надзей, так, на ўсялякі выпадак, я нясмела спытаў, а ці не прадалі б яны мне тры дыні за тры рублі? "Чаму ж не, — усміхаюцца мужчыны, — прададзім". Мне б адразу ж забраць іх, але я не спяшаюся — трэба ж даведацца, як гэта: то было аж тры рублі за адну дыню, то стала па адным? — Зачэм па адным? — перапытвае "зямляк". — Забірай свой тры дын! Дэнга савсем не нада! Я цібе падарка дзелаю. У мяне вочы па яблыку (ці па дыні?), бо ў нас жа цана што ў Мінску, што ў Пінску жалезная... А "зямляк" тлумачыць: — Ты куда прышол? На базар прышол. На базары, брат, таргавацца нада. ...Пасля гэтых мудрых слоў я дапяў, што рынак — гэта і сапраўды не крама, а месца, дзе можна і трэба размаўляць, кантактаваць з людзьмі, знаёміцца, жартаваць. Гэта — цікава, гэта трэба гандлярам. Ды і нам, пакупнікам... выгадна. Л.Р. Кароткін, в. Вярэнькі, Пастаўскі раён. Сорам не дымКажуць, калі Бог захоча пакараць дзяўчыну, то пашле ёй у мужы гультая ды п'яніцу. У знаёмай вось такі... А ўжо ж знаходлівы... Асабліва — калі выпіць хоча. Вось і ў той раз у яго ці не "трубы гарэлі". І здагадка была, што ў жонкі штось прыхавана. Пошукі ўсчаў. І ведаў жа, нягоднік, дзе!.. Так што патрэбнае досыць хутка знайшоў. Стаў думаць, як зрабіць, каб і выпіць, і пры гэтым самога сябе не выдаць? Пакруціўся па кухні, немаведама ў каго папытаўся: "А што ж гэта ў нас у імбрычаку? Учарашняя заварка? Дык піць жа яе — значыць здароўю шкодзіць". А таму выжлукціў ён віно, а той заваркай напоўніў пустую бутэльку і паставіў на месца — замест поўнай. Жонка анічога не заўважыла — ні ў той дзень, ні назаўтра, а потым і сам ён на той фокус забыўся. Адзінае — успомніць прыйшлося, бо праз колькі часу ў госці завітаў даўні сябра. У школе разам вучыліся... Гадоў з дзесяць не бачыліся! Мужыкі сталі абдымацца на радасцях, успамінаць былое. Гаспадыня ж давай што на стол збіраць: каўбаску "пальцам піханую", бульбу, яечню, салёныя гурочкі з свайго гародка... — У мяне ж, — пахвалілася, — нават пляшка прыхавана для такога выпадку. Мігам акруцілася: прынесла, паставіла на стол... Тую самую бутэльку — з заваркай, якая ўжо "зацвіла". Ад няёмкасці, ад сораму гаспадар скрозь падлогу хацеў праваліцца. Але ж закончыць аповед словамі: "З той пары ён у рот не бярэ" я, на жаль, не магу, бо гэта ўжо іншая будзе гісторыя — непраўдзівая. Наталля Чарнічэнка, г. Шуміліна. "А ларчик просто открывался"Гэту вясёлую гісторыю любіць распавядаць мой сябар (дарэчы, адданы падпісчык "Звязды"). Як прозвішча? Не так гэта важна. Важна, што яму цяпер 66, а тады было гадоў 12-13... То далей ужо — ад яго імя, што пачула. "Лета... Бацькі мае, калгаснікі, цэлымі днямі на працы, на дзялках. Сябрукі — у гульнях: то ў футбол, то ў вайну, то ў гарадкі, то ў пікара... Я ж з ранку да вечара па руках і нагах звязаны: двухгадовага браціка Міколку трэба глядзець. Прычым — дзень пры дні. Каб хоць трохі хутчэй яны праміналі, каб абодвум нам весялей было, хадзілі мы па вёсцы і, вядома ж, зазіралі за платы. І вось неяк у адным з двароў бачым: пасярэдзіне — вялікая куча насечаных дроў і каля яе "складальнік" завіхаецца — Віцька. Гадоў мо з дзесяць яму: у вёсцы ж змалку дзяцей да работ прывучалі, а гэта да таго ж прыемная, калі, вядома, талакой... Ці хоць бы не аднаму. Так што мы з братам да Віцькі далучыліся. Я — узяўся шчыраваць, Міколка — гуляць паблізу. Як здалёк паглядзець, дык проста ідылія. І сапраўды: колькі там часу прайшло, гаспадыня з поля вяртаецца. Нашу працу ўбачыла і аж вачам не паверыла. Кажа: — А мае ж вы хлопчыкі! А мае ж вы памочнічкі! А як жа вы хораша ўсё зрабілі! А чым жа я вам аддзячу... Хадзем, мае залаценькія, у хату — хоць пачастую вас, хоць пакармлю... Чым яна нас карміла, не ў памяці, бо анічога незвычайнага на стале, відаць, не было — апроч... самагонкі. Гаспадыня пакрысе яе нам з Віцькам налівала — і раз, і другі... Карацей — усталі мы з-за стала. Мне дадому трэба ісці ды яшчэ і малога з сабою весці. Выйшлі з ім на вуліцу, той адразу ж давай на рукі прасіцца. Бяру яго, падымаю, колькі крокаў раблю і... падаю. Ды каб толькі аднойчы! ...Тут мама нас і ўбачыла. Прычым — здалёк. Спалохалася — аж рукі заламала: — Божухна, што ж гэта з хлопцам маім зрабілася?! Мабыць, захварэў! Дома хуценька палажыла мяне ў ложак, а сама пабегла па вясковую шаптуху — трэба ж дзіця ратаваць. Тая, распавядалі, шмат што рабіла нада мной — вадзіла рукамі, шаптала малітвы, чаравала. Я ж нічога не бачыў, нічога не чуў — праваліўся ў сон. Праспаў, як цяпер гэта помню, рэшту доўгага дня і ўсю ноч. А на раніцу — устаў. Як нічога ніякага. Мама вельмі рада была. Тая шаптуха, безумоўна, таксама, бо ўсе (ведама ж, вёска!) тут жа дазналіся, што гэта яна паставіла дзіця на ногі, выратавала ці не ад смерці. Пра тое, што я быў проста п'яны, ніхто не здагадаўся. І прызнацца неяк не выпала — нават роднай маме". Запісала Ірына Рудкоўская, в. Хатынічы, Ганцавіцкі раён. Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
...Дзяліцца трэба Зямелька наша на розных людзей багатая — на добрых і злых, старых і маладых, вернікаў і бязбожнікаў, на разумных і, мякка кажучы, не вельмі... На... |
|