Горацкія перспектывы. 21.by

Горацкія перспектывы

25.09.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У Горках адбыўся рэспубліканскі фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі "Дажынкі-2012": арганізатары і госці свята засталіся задаволеныя і абноўленым горадам, і святочнай праграмай

Другі фестывальны дзень быў таксама вельмі насычаным. Ён пачаўся са знакавай падзеі: на тэрыторыі Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі ў падмурак будучай бібліятэкі заклалі капсулу з пасланнем нашчадкам. Зрабіў гэта прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч.

Храм сучасных ведаў

Кіраўнік урада выступіў перад студэнтамі і выкладчыкамі, кіраўніцтвам Горацкага раёна і Магілёўскай вобласці. Міхаіл Мясніковіч адзначыў, што Горкі змянілі аблічча, сельскагаспадарчая акадэмія папрыгажэла. На гэта дзяржава выдаткавала значныя сродкі, але пачынаецца будаўніцтва новага аб'екта, і гэта знамянальная падзея для Горак і краіны ўвогуле. Тым больш што адбываецца яна ў Год кнігі і сведчыць пра ўвагу да адукацыі.

— Гэта будзе цэнтр інтэлектуальнага развіцця, — сказаў прысутным прэм'ер-міністр. — Яшчэ на стадыі праектавання тут прадугледзелі самыя высокія тэхналогіі, каб гэта быў не проста збор кніг.


Асноўная будоўля цэнтра разгорнецца ў наступным годзе. У 4-павярховым будынку будуць захоўвацца 1,5 мільёна кніг.

Карыстальнікі новай акадэмічнай бібліятэкі будуць мець магчымасць атрымаць інфармацыйныя рэсурсы з усёй бібліятэчнай сеткі нашай краіны і замежжа. Маюцца на ўвазе бібліятэкі не толькі Саюзнай дзяржавы, а і розных краін свету. Міхаіл Мясніковіч яшчэ раз падкрэсліў: для такога цэнтра важны не столькі самі сцены і пабудова, колькі перадавая "начынка".

Ад ліцэя да вытворчасці

Кіраўнік урада расказаў, што патрабаванні Прэзідэнта да падрыхтоўкі кадраў, прынамсі, у сельскай гаспадарцы павінны быць распаўсюджаны на ўсе галіны. Высакакласны спецыяліст — гэта не проста прафесійна падрыхтаваны чалавек, які адпавядае патрабаванням сённяшняга дня. Міхаіл Мясніковіч упэўнены, што такія крытэрыі, як веды, дапытлівасць і крэатыўнасць, павінны быць арыентаваны на доўгатэрміновую перспектыву. Свет мяняецца вельмі хутка, і маладыя людзі, якія выходзяць з ВНУ, павінны ўмець вучыцца і павышаць свой узровень. Такім чынам, спецыяліст новага тыпу — гэта прагрэсіўнае мысленне і моцная грамадзянская пазіцыя.

— Толькі ў такім разе мы можам казаць пра канкурэнтаздольнасць нашай эканомікі, — падвёў вынік кіраўнік урада.

Міхаіл Мясніковіч таксама паведаміў пра новыя формы падрыхтоўкі спецыялістаў. Адна з іх — навукова-вытворчае аб'яднанне. У яго склад павінны ўвайсці: спецыялізаваны ліцэй, каледж для падрыхтоўкі рабочых высокай кваліфікацыі, універсітэт для спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй і, нарэшце, чацвёртая прыступка — вытворчасць, базавыя гаспадаркі і прадпрыемствы.

Практыка — гэта добра, але недастаткова, тут патрэбна непасрэднае дачыненне да вытворчасці. Усе чатыры складнікі, ад ліцэя да прадпрыемства, трэба аб'яднаць у адну арганізацыю, з адзіным кіраўніком і бюджэтам, з пэўнымі задачамі. "Гэта можа стаць сучаснай базай для падрыхтоўкі кадраў для нашай эканомікі", — лічыць Міхаіл Мясніковіч. Ён таксама адзначыў, што калі ідэя будзе падтрымана, то ўжо сёлета створаць першае такое аб'яднанне.

Тона хлеба на жыхара

Міхаіл Мясніковіч прайшоў па вуліцы Студэнцкай, агледзеў на шляху выставачныя і гандлёвыя павільёны. Кіраўніка ўрада сустракалі шчырымі прывітаннямі, спявалі і частавалі, увогуле імкнуліся прадэманстраваць самае лепшае, што ёсць на фестывалі-кірмашу.

— У прынцыпе, я задаволены, — коратка адказаў Міхаіл Мясніковіч, як старшыня арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы да "Дажынак-2012", пра свае горацкія ўражанні.

Прэм'ер-міністр браў удзел у цырымоніі ўручэння дзяржаўных узнагарод, другіх і трэціх прэмій пераможцам рэспубліканскага спаборніцтва па ўборцы збожжавых культур. У моладзевым культурна-забаўляльным цэнтры з амфітэатрам адбылася прыгожая дзея пад назвай "Славім хлеб і рукі залатыя" з удзелам творчых калектываў абласцей Беларусі.

— Нашы людзі, хлебаробы вельмі шчыравалі, — сказаў Міхаіл Мясніковіч журналістам. — І мы блізкія сёлета да таго, што называецца ўстойлівым развіццём эканомікі: тона хлеба на жыхара. Мяркую, што мы паправім становішча і ў машынабудаванні, каб нарасціць аб'ёмы, і паказчыкі па выпрацоўцы электрычнай энергіі. Усё тое, што класіфікуюць як устойлівае развіццё.

Адкрыты горад

У Горках адбылося шмат важных падзей. Напрыклад, у раёне Ніжняга возера каля набярэжнай пасадзілі Алею заслужаных працаўнікоў сельскай гаспадаркі Беларусі. 20 чырвоных дубоў, сімвалаў мудрасці і любові да працы, сталі працягам алеі Герояў Сацыялістычнай працы, выпускнікоў Горацкай акадэміі. Садзілі дрэвы ўдзельнікі афіцыйных дэлегацый разам са студэнцкай моладдзю. Такая памяць пра "Дажынкі" будзе доўгай.

Горкам на другі дзень урэшце пашанцавала з надвор'ем. Дождж скончыўся, і праз хмары прабівалася сонца. Таму святочныя вуліцы горада былі проста запоўнены людзьмі. У натоўпе было лёгка згубіцца: мясцовыя жыхары актыўна цікавіліся гандлёвымі палаткамі вядомых прадпрыемстваў краіны, турысты наведвалі "горад майстроў" і не шкадавалі грошы на сувеніры.

Смачна паесці і адпачыць можна было ў шматлікіх адкрытых кавярнях. "Піўны фэст" адкрыўся на цэлы дзень. Яго лозунг: "Піва роднае — самае годнае". На ім выступілі народныя калектывы, беларускія рок-гурты, увечары адбылася модная дыскатэка. Свята піва наведалі болей за 5 тысяч чалавек. Увогуле, на "Дажынках-2012" пабывалі дзясяткі тысяч людзей.

Сёлетняе свята хлеба і працы завяршылася, госці раз'ехаліся дадому. З добрымі ўражаннямі і, калі шчыра, з "белай" зайздрасцю да абноўленых Горак, якія нібыта атрымалі новае жыццё і з надзеяй глядзяць у перспектыву, дзе абавязкова будуць новыя дасягненні і добрыя святы з іх нагоды.

Ілона Іванова, г. Горкі

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Горках адбыўся рэспубліканскі фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі "Дажынкі-2012": арганізатары і госці свята засталіся задаволеныя і абноўленым горадам, і...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика