Прадаецца... "Янка"
25.09.2012
—
Новости Общества
|
Пад такім загалоўкам у нумары за 21 ліпеня быў змешчаны ліст спадарыні Пінчук з Мінска. Пачынаўся ён са старога анекдота: маўляў, адна пенсіянерка скардзіцца другой, што ім цяпер у ГУМе рабіць няма чаго... "Як гэта няма чаго? — не згаджаецца тая. — А паабурацца?" Што адметна, абурэнне нашай чытачкі выклікалі зусім не цэны, не культура абслугоўвання — у аддзеле гаспадарчых тавараў, выбіраючы сурвэткі, яна звярнула ўвагу на прыгожа ўпакаваную туалетную паперу, якая называлася... "Янка". "Вачам не паверыла, — пісала жанчына, — хто ж такое прыдумаў? І як ён мог, калі тут, у Беларусі, няма, відаць, роду, дзе хоць некага — дзеда, прадзеда, стрыечнага брата — не звалі б Іванам, Янкам; няма дзіцячага садка, дзе не было б пары-тройкі дзяўчынак з прыгожым імем Яначка, Янка, няма хаты, дзе не спявалася б песня "У суботу Янка ехаў ля ракі"... Ну і тым больш няма (хочацца ў гэта верыць) аніводнага разумнага чалавека, які на памяць не ведаў бы вершаў нашага класіка Янкі Купалы! Тады чаму менавіта гэтым імем трэба назваць паперу? Няўжо ў дзвюх дзяржаўных мовах не знайшлося іншых, больш падыходных слоў?.." Як паказала "разведка" (гэта значыць, візіт у той самы ГУМ), туалетная папера "Янка" вырабляецца ў нас, у Беларусі — у Шклове, на папяровай фабрыцы "Спартак". Таму ліст чытачкі рэдакцыя даслала ў мясцовы райвыканкам з надзеяй, што яго кіраўніцтва, зразумеўшы абурэнне патэнцыяльных пакупнікоў, зверне ўвагу на ўзгаданую ў газеце прадукцыю, больш за тое — неяк далікатна параіць вытворцам пашукаць ёй іншую назву. Аднак не... На вялікі жаль. Паводле афіцыйнага адказу, які прыйшоў у рэдакцыю (цытуем яго з захаваннем стылю і ў перакладзе, хоць, згодна з дзейным заканадаўствам, ён першапачаткова павінен быць на мове звароту), <І>"...Асноўнай задачай, якой кіравалася ААТ "Папяровая фабрыка "Спартак" пры стварэнні гандлёвага знака "Янка", з'яўлялася вывядзенне прадукцыі санітарна-гігіенічнага прызначэння на рынак Беларусі і краін СНД. Зрабіўшы яе пазнавальнай у вачах канчатковых спажыўцоў, гарантаваць якасць тавару. Зыходзілі з прынцыпу: назва гандлёвай маркі павінна быць запамінальнай, выява актуальнай, простай у кампазіцыі. Перавага ў выбары колеравага рашэння была аддадзена беларускай стылістыцы...". Тут, відаць, варта падкрэсліць, што чытачка (яна ж — патэнцыяльны пакупнік альбо "канчатковы спажывец") супраць той самай "беларускай стылістыкі", супраць "колеравага рашэння" не мела нічога. Хутчэй наадварот — падкрэслівала ў лісце, што тавар досыць прыгожа ўпакаваны. Але ж назва... Што да яе — канкрэтна — то ў афіцыйным адказе паведамляецца: "Абазначэнне "Янка" і выява адпавядаюць патрабаванням заканадаўства, што пацвярджае дакумент, выдадзены Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці Рэспублікі Беларусь ад 01.12.11 (Пасведчанне № 37390)". Вось так. Значыць, не варта, так бы мовіць, прыдзірацца, шукаць "крымінал" — усё тут правільна і так, як належыць. Чытай: на месцы, на прадпрыемстве, назву гандлёвай маркі прыдумалі; "наверсе", у Нацыянальным цэнтры інтэлектуальнай уласнасці, яе ж падтрымалі і выдалі адпаведны дакумент... А таму — у добры шлях! Няхай выходзіць наш "Янка" — "на рынак Беларусі і краін СНД"! Няхай, здавалася б... Але ж неяк няёмка (яшчэ мякка кажучы), што гэтакім нашым, гэтакім беларускім мужчынскім і жаночым, уласным імем (а тым больш — імем шаноўнага класіка!) мы, беларусы, назвалі не айчынныя, скажам, мэблевыя гарнітуры, не новую лінію касцюмаў альбо сукенак з лёну, нават не цукеркі, не хлеб, а... туалетную паперу. Згодны: выраб яе — таксама справа патрэбная і няпростая, рэгістрацыя назвы — таксама. Але ж калі яна не прываблівае пакупнікоў, а наадварот, абурае (пра што справядліва напісала наша чытачка), магчыма, ёсць сэнс прыдумаць штось іншае? Ці не так? Аддзел пісьмаў Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пад такім загалоўкам у нумары за 21 ліпеня быў змешчаны ліст спадарыні Пінчук з Мінска. Пачынаўся ён са старога анекдота: маўляў, адна пенсіянерка скардзіцца другой,...
|
|