Нявызначанасць прафесійных абавязкаў не спрыяе прэстыжу педагагічнай прафесіі. 21.by

Нявызначанасць прафесійных абавязкаў не спрыяе прэстыжу педагагічнай прафесіі

25.09.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Расійскія педагогі, якія, як і іх беларускія калегі, літаральна стогнуць ад жудаснай бюракратызацыі школ, могуць уздыхнуць з палёгкай: міністэрства адукацыі накіравала ў рэгіёны афіцыйны ліст, згодна з якім забараняецца запытваць у школ інфармацыю ў папяровым выглядзе, калі тая ўжо размешчана на школьным сайце ў інтэрнэце.

Як паведамляе "Расійская газета", жудасная бюракратызацыя школ стала асноўнай тэмай першага пасяджэння новай грамадскай рады пры Міністэрстве адукацыі і навукі, якое прайшло напрыканцы жніўня. Прыслухаўшыся да скаргаў педагогаў, міністэрства правяло апытанне ў 30 школах, і тэндэнцыя пастаяннага росту розных запытаў на адрас школ ад вышэйшых органаў і арганізацый пацвердзілася. Большую частку (80 працэнтаў) складаюць запыты органаў кіравання ў сферы адукацыі і падведамасных ім арганізацый, якія вельмі часта дублююць статыстычную справаздачнасць і звесткі федэральных маніторынгаў. Ад школ патрабуюць справаздачы аб правядзенні розных школьных мерапрыемстваў і нават аб рэалізацыі асноўных агульнаадукацыйных праграм, уключаючы вынікі кантрольных работ і дзяржаўнай атэстацыі школьнікаў.

У афіцыйным лісце рэгіянальным органам кіравання адукацыяй рэкамендавана не запытваць інфармацыю ад школы пра яе дзейнасць, а самастойна атрымліваць звесткі з афіцыйнага школьнага сайта, а планавыя праверкі агульнаадукацыйных устаноў праводзіць адзін раз на год — падчас прыёмкі школы да новага навучальнага года. Таксама міністэрства раіць пераходзіць на электронныя журналы паспяховасці, каб інфармацыя аб узроўні паспяховасці вучняў кожнага класа была даступная ў інтэрнэце.

У лісце ёсць наступныя рэкамендацыі школам: размяшчаць як мага больш інфармацыі аб сваёй дзейнасці на афіцыйным школьным сайце, забяспечыць у выпадку неабходнасці перадачу інфармацыі ў розныя органы і арганізацыі строга праз свайго заснавальніка. І яшчэ адна важная рэкамендацыя, якая тычыцца ў большай ступені дырэктараў школ і намеснікаў па вучэбнай рабоце — збіраць інфармацыю аб выніках якасці работы настаўнікаў у рамках увядзення новай сістэмы аплаты працы не больш як 1 раз на паўгоддзе.

Крыху раней міністр адукацыі і навукі Дзмітрый Ліванаў паабяцаў пазбавіць расійскіх настаўнікаў ад залішняй папяровай работы. Па яго словах, кожны месяц школы рыхтуюць да 50 справаздач у розныя ўстановы і арганізацыі, якія не маюць ніякага дачынення да адукацыі.

Абяцанні разабрацца з "паперавытворчай вакханаліяй" у беларускіх школах гучалі неаднойчы і з боку Міністэрства адукацыі Беларусі. Аднак далей за словы справа пакуль не пайшла.

На думку старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе Уладзіміра Здановіча, умовы работы педагогаў з'яўляюцца адной з галоўных прычын зніжэння прэстыжнасці прафесіі настаўніка ў грамадстве:

— Трэба радыкальна змяніць — зменшыць, літаральна звесці да нуля дадатковую нагрузку на настаўніка, выключыць з кола іх абавязкаў неў- ласцівыя ім функцыі і скараціць залішнюю папяровую справаздачнасць. Сёння ж пералік абавязкаў настаўніка займае не адну старонку — ён павінен і карміць, і сачыць, і забаўляць, і выхоўваць бацькоў і вучняў — пералік проста бясконцы. Гэтая нявызначанасць абавязкаў работніка адмоўна ўплывае на яго статус — ён адказвае за ўсё, але атрымлівае няшмат. Як такая прафесія можа быць прывабнай?

Уладзімір Здановіч лічыць, што трэба выпрацаваць дакладныя крытэрыі ацэнкі працы настаўніка, каб педагог разумеў, чаго ён павінен дасягнуць і за што ён будзе атрымліваць грошы. Падзенне цікавасці да педагагічнай прафесіі асабліва заўважна сярод мужчын. Адна з прычын адтоку настаўнікаў-мужчын са школы — няпэўнасць прафесійных абавязкаў, паколькі мужчыны любяць канкрэтыку.

— На вялікі жаль, перагрузка дадатковымі мерапрыемствамі, якія не маюць дачынення да вучэбна-выхаваўчай работы, высокія патрабаванні да настаўнікаў прыводзяць да таго, што сярод іх назіраецца асабістая неўладкаванасць, а гэта, несумненна, адбіваецца на дзецях. Прыкладна 30% жанчын-настаўніц не маюць уласнай сям'і, — дадаў Уладзімір Здановіч.

Увогуле, на думку дэпутата, ацаніць работу настаўніка вельмі складана:

— Я не адважыўся б ацэньваць кожнага педагога канкрэтна. Сапраўды, у кагосьці — моцныя вучні, алімпіяднікі, а да кагосьці прыйшлі дзеці з нядбайных сем'яў, і намаганнямі настаўніка, які паклаў усё здароўе, гэтыя дзеці не здзейснілі ніякіх правапарушэнняў, з "чацвёрак" і "пяцёрак" падцягнуліся да "шасцёрак". Для вучня гэта каласальны поспех, і для настаўніка поспех, а па агульных нашых паказчыках — гэта нічога не значыць. Ёсць прапановы, што ацэньваць працу настаўніка павінны таксама вучні і іх бацькі, але ў гэтым выпадку настаўнік апынецца ў залежным становішчы і з працягнутай рукой, а таму аб прэстыжы прафесіі разважаць ужо дакладна не давядзецца...

Надзея НІКАЛАЕВА

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Расійскія педагогі, якія, як і іх беларускія калегі, літаральна стогнуць ад жудаснай бюракратызацыі школ, могуць уздыхнуць з палёгкай: міністэрства адукацыі...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика