Нас чакае спатканне з Бібліяй Францыска Скарыны
26.09.2012
—
Новости Общества
|
Сёння ў Мінску пачынаюцца чарговыя, ужо дзявятыя па ліку, восеньскія Тыдні Германіі ў нашай краіне. З гэтай нагоды адбылася прэс-канферэнцыя прадстаўнікоў пасольства ФРГ у Беларусі. Бадай, самае цікавае мерапрыемства Тыдняў, на мой погляд, звязана з урачыстым адкрыццём 4 кастрычніка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі экспазіцыі Бібліі Францыска Скарыны, якую прывезлі да нас з нямецкага горад Гёрліца. Цікавая гісторыя гэтага выдання. Кажуць, што яно з'явілася ў Празе ў 1517-1519 гадах. Потым нейкім чынам трапіла ў Гёрліц і там на працягу некалькіх стагоддзяў лічылася яго ўласнасцю, захоўвалася ў багатых фондах рэдкіх кніг і выданняў навуковай бібліятэкі. І толькі ў 2003 годзе ў гэтых фондах Біблія была нібы зноў знойдзена. Яе адкрыццё выклікала вялікую цікавасць у даследчыкаў. Экспазіцыя Бібліі ў Беларусі пройдзе ў два этапы. Першы, як ужо гаварылася, у Мінску. Другі — у нацыянальным гісторыка-культурным музеі-запаведніку "Нясвіж". Увогуле Тыдні Германіі — гэта выдатная магчымасць пазнаёміцца з сучаснай нямецкай культурай, яе традыцыямі і здабыткамі. Мінчан і гасцей сталіцы чакае разнастайная праграма: тэматычныя выставы і семінары, краязнаўчая віктарына "Германія", дэманстрацыя кінастужак вядомых нямецкіх майстроў, канцэрты. Цікавай культурнай падзеяй абяцае стаць канцэрт пяці салістаў сусветна вядомага Берлінскага філарманічнага аркестра ў Белдзяржфілармоніі. Іх выступленне будзе прысвечана Дню Германскага адзінства. Гэта нацыянальнае свята народ ФРГ адзначае 3 кастрычніка. Нагадаем, традыцыя правядзення Тыдняў Германіі ў Беларусі была закладзена ў 2004 годзе. За мінулы час Тыдні, якія праводзяцца пасольствам ФРГ сумесна з нямецкімі і беларускімі партнёрамі, сталі важнай часткай работы па збліжэнні двух народаў на культурнай глебе. Звычайна кожныя Тыдні маюць сваю спецыяльную галоўную тэму. Летась, напрыклад, гэта было 200-годдзе з дня смерці вядомага нямецкага драматурга, празаіка, паэта і публіцыста Генрыха фон Клейста. Сёлета Тыдні адкрыюцца "Святам нямецкай мовы". Гэта будзе шэраг розных цікавых мерапрыемстваў. У прыватнасці, з дакладам "Вывучэнне замежных моў: мужчынская альбо жаночая справа?" выступіць доктар Барбара Шменк. Сваё майстэрства прадэманструе музычнае кабарэ "Дзіўныя ноты" з новай праграмай "Ноты, якія пасварыліся". Шэраг мерапрыемстваў Тыдняў прысвечаны студэнцкай моладзі. Напрыклад, Інстытут нямецкіх даследаванняў мяркуе наладзіць семінары на тэму "Сродкі масавай інфармацыі ў Германіі". Іх арганізатары абяцаюць даследчую вандроўку па ландшафце нямецкіх друкаваных СМІ, радыё і тэлебачання. У рамках Тыдняў сумесна з Нацыянальнай акадэміяй навук пройдзе Дзень маладога вучонага. У ім прымуць удзел маладыя беларускія і нямецкія навукоўцы. Леанід Лахманенка. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сёння ў Мінску пачынаюцца чарговыя, ужо дзявятыя па ліку, восеньскія Тыдні Германіі ў нашай краіне. З гэтай нагоды адбылася прэс-канферэнцыя прадстаўнікоў... |
|