Ад Канады да Аўстраліі. 21.by

Ад Канады да Аўстраліі

25.10.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Больш за 35 краін бліжняга і дальняга замежжа прадставяць свае фільмы на кінафестывалі «Лістапад-2012»

На сямі пляцоўках — у Малай зале Палаца Рэспублікі, кінатэатрах «Цэнтральны», «Перамога», «Дом кіно», «Піянер», «Мір», «Кастрычнік» — пройдуць з 2-га па 9 лістапада паказы 19-га Мінскага Міжнароднага кінафестывалю «Лістапад».

Праграма буйнейшага кінафоруму краіны будзе складацца з трох секцый: ігравога кіно (асноўны конкурс і конкурс першых фільмаў «Маладосць на маршы»), дакументальнага кіно (асноўны конкурс і конкурс нацыянальных кінашкол), конкурсу для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі «Лістападзік», які адкрыецца 3 лістапада.

Геаграфія кінафоруму — больш за 35 краін бліжняга і дальняга замежжа, ад Канады да Аўстраліі. Толькі ў конкурсных паказах гледачы ўбачаць больш за 70 карцін. Акрамя таго, запланавана шырокая праграма пазаконкурсных паказаў: панарамы беларускага, расійскага, нямецкага, японскага, славацкага кіно.

Асноўны конкурс дакументальнага кіно пройдзе ў гэтым годзе ў дзвюх залах кінатэатра «Мір». Па словах арганізатараў, фільмы для яго адбіраліся з разлікам на цікавасць перш за ўсё гледача. У праграме прадстаўлены 20 карцін з розных краін, у тым ліку дзве беларускія ленты — «Цяпло» Віктара Аслюка і «Кінааматар. Асенні сон» Вольгі Дашук.

Журы асноўнага конкурсу дакументальных фільмаў узначаліць вядомы беларускі рэжысёр Галіна Адамовіч.

На конкурс нацыянальных кінашкол, які пройдзе ў гэтым годзе ўпершыню, свае работы прадставяць маладыя кінематаграфісты Беларусі, Арменіі, Расіі, Ізраіля, Польшчы і Вялікабрытаніі. Ад нашай краіны заяўлены чатыры фільмы, знятыя выхаванцамі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Яшчэ адзін новы праект — пазаконкурсная праграма неігравых фільмаў — прызёраў буйнейшых міжнародных кінафестываляў. Адкрые гэтыя паказы нашумелая поўнаметражная карціна «Няхай жывуць антыподы!» аднаго з самых вядомых у свеце расійскіх рэжысёраў Віктара Касакоўскага.

Візітная картка «Лістапада» — асноўны конкурс ігравога кіно. Па словах арганізатараў, яго праграму імкнуліся зрабіць такой, каб маглі пазайздросціць буйнейшыя кінафестывалі. У конкурсе ўдзельнічаюць 13 карцін. Акцэнт пры падборы зроблены на работы кінематаграфістаў краін СНД, Балтыі, Грузіі, а таксама краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.

Міжнароднае журы асноўнага конкурсу ігравога кіно ўзначаліць вядомы расійскі кінарэжысёр Андрэй Звягінцаў, на рахунку якога мноства ўзнагарод, у тым ліку і «Пальмавая галіна» Канскага кінафестывалю. Дарэчы, старшынства ў журы ў кар’еры славутага рэжысёра адбудзецца ўпершыню.

У журы таксама запрошаны ўкраінскі акцёр і рэжысёр Георгій Дзяліеў, беларускі кінарэжысёр Ігар Воўчак і два кінакрытыкі — з Вялікабрытаніі і Расіі.

11 карцін заяўлены на конкурс ігравых фільмаў «Маладосць на маршы». Ацэньваць дэбютныя работы будзе міжнароднае журы на чале з амерыканскім прадзюсерам Крысцін Уокер, работы якой не раз былі адзначаны на міжнародным узроўні і якую ведаюць як прыхільніцу не галівудскага кіно.

Дзясятак карцін паспрачаюцца за пальму першынства ў конкурсе фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі «Лістападзік». У праграме — работы кінематаграфістаў Германіі, Эстоніі, Нідэрландаў, Індыі, Расіі, Нарвегіі, Францыі, Казахстана, Чэхіі.

Як адзначаюць арганізатары, конкурсныя паказы будуць цікавыя не толькі юным гледачам, але і іх бацькам.

Фільмам адкрыцця «Лістапада-2012» стане карціна Сяргея Лазніцы «У тумане», знятая па аднайменнай аповесці Васіля Быкава. Гэта міжнародны праект, у вытворчасці якога разам з кінакампаніямі Германіі, Расіі, Латвіі, Нідэрландаў удзельнічала Нацыянальная кінастудыя «Беларусьфільм».

Сусветная прэм’ера кінадрамы адбылася гэтай вясной на Канскім кінафестывалі. Фільм быў уключаны ў афіцыйную конкурсную праграму і атрымаў прэстыжны прыз Міжнароднай федэрацыі кінакрытыкі ФІПРЭССІ. Да гэтага часу карціна «У тумане» заваявала ўжо і шэраг узнагарод іншых кінафорумаў.

Беларус па паходжанні Сяргей Лазніца, які зараз жыве ў Германіі, — рэжысёр з сусветным імем. Перш чым звярнуўся да ігравога кіно, ён быў вядомы і як рэжысёр-дакументаліст, чые карціны неаднаразова адзначаліся вышэйшымі ўзнагародамі еўрапейскіх кінафорумаў. «У тумане» — яго другая па ліку ігравая лента. Першай быў мастацкі фільм «Шчасце маё», які стаў, дарэчы, уладальнікам Гран-пры кінафестывалю «Лістапад-2010».

Упершыню ў гісторыі «Лістапада» фільм адкрыцця фестывалю з’явіцца адначасова на двух экранах сталіцы — у кінатэатры «Кастрычнік» і Малай зале Палаца Рэспублікі. Акрамя таго, яшчэ адзін паказ з удзелам аўтара карціны Сяргея Лазніцы запланаваны на 7 лістапада ў Доме кіно.

Цырымонія адкрыцця «Лістапада-2012» пройдзе ў Палацы Рэспублікі 2 лістапада. Фестываль пачнецца з чырвонай дывановай дарожкі і вітання зорных гасцей. У ліку першых удзельнікаў фестывалю разам з вялікай камандай беларускіх кінематаграфістаў на чырвонай дарожцы чакаюць Андрэя Звягінцава, Карэна Шахназарава, Эмануіла Вітаргана, Лінду Нігматуліну, Гошу Куцэнка.

Вядучымі цырымоніі адкрыцця стануць расійская актрыса Кацярына Стрыжэнава і беларускі кінарэжысёр Сяргей Кацьер.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На «Лістападзе» свае фільмы прадставяць больш як 35 краін
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика