Надбаўка павінна быць стымулам. 21.by

Надбаўка павінна быць стымулам

01.11.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Новы парадак атэстацыі педагогаў стаў у кастрычніку тэмай нумар адзін для беларускіх настаўнікаў. Сваім меркаваннем па гэтым пытанні, а таксама па перспектывах увядзення падушавога механізму фінансавання ўстаноў адукацыі падзяліліся з чытачамі "Звязды" міністр адукацыі Сяргей Маскевіч ("Настаўнік — прафесія ад Бога", нумар за 6 кастрычніка), старшыня ЦК Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Аляксандр Бойка ("Кваліфікацыйная катэгорыя — не проста частка іміджу педагога", нумар за 6 кастрычніка), а таксама намеснік старшыні галіновага прафсаюза Раман Дапіра ("Педагогаў адправяць на пераэкзаменоўку", нумар за 27 кастрычніка). А што думаюць наконт прапанаваных Міністэрствам адукацыі навацый самі педагогі?

Друкуем некаторыя водгукі з нашага сайта www.zvіаzdа.bу.

@

Марына, настаўнік: 

...Калі надбаўка за высокія паказчыкі не кампенсуе маральныя і матэрыяльныя выдаткі, то ў педагога знікае жаданне дадаткова нагружаць сябе алімпіядамі або навукова-даследчай работай. Надбаўка часта пераўтвараецца ў дадатковыя выплаты для пэўнай часткі педагагічнага калектыву. Хацелася б, каб яна стымулявала і падштурхоўвала настаўніка працаваць творча і выконваць свае абавязкі на самым высокім прафесійным узроўні. Частка маіх калег згодная з тым, што трэба ўстанавіць крытэрыі з указаннем працэнта даплаты за пэўныя дасягненні ў рабоце настаўнікаў. Напрыклад, выплачваць дзве базавыя велічыні за перамогу вучня ў раённай прадметнай алімпіядзе, паколькі настаўніку трэба працаваць з такім вучнем у напружаным рэжыме ўвесь навучальны год. Часта выплаты такога характару моцна адрозніваюцца ў розных школах, а ў некаторых школах іх увогуле няма.

@

Святлана:

Незразумела, чаму мы збіраемся наступаць на тыя ж граблі, на якія да нас ужо наступілі расіяне. Падушавая сістэма фінансавання ўстаноў адукацыі — самыя сапраўдныя граблі. Няўжо якасць адукацыі можа залежыць ад падушавой сістэмы фінансавання? У класе можа быць і 15, і 20, і 25 вучняў. Але ж забеспячэнне вучэбнага працэсу патрабуе вялікіх грошай, прычым незалежна ад колькасці дзяцей у класе. Якасць адукацыі — зусім не арыфметычная праблема. І залежнасць усіх, хто забяспечвае вучэбны працэс, ад колькасці вучняў у класе — матэматычная ўтопія (гэта, да слова, меркаванне расійскіх калег). Хто ж будзе спрачацца з тым, што ўзровень заробкаў педагогаў павінен адпавядаць значнасці той работы, якую яны робяць для падрастаючага пакалення, да і ўвогуле для ўсяго грамадства? Але толькі наўрад ці прафесійнае майстэрства настаўніка будзе залежаць ад узроўню яго заробку... Калі педагог — Настаўнік ад Бога — гэта адно. Такія педагогі і сёння, як правіла, не халтураць, калі, вядома, яшчэ не пайшлі са школы. А калі да дзяцей прыходзіць проста чалавек з дыпломам педагагічнай ВНУ, то такіх і сапраўды трэба мятлой гнаць са школы. А яшчэ лепш — туды не дапускаць. Ідэя з інтэрнатурай для выпускнікоў педагагічных спецыяльнасцяў — вельмі слушная. Цікава, а як бы мог выглядаць экзамен па допуску да прафесіі?

@

Дасведчаны:

Дзіўна: калі пра настаўнікаў разважае міністр адукацыі, усё так прыгожа атрымліваецца. А ў школах — усё зусім не так. А чаму міністр не сказаў пра тое, што пад новую катэгорыю "настаўнік-метадыст" грошай у бюджэце не прадугледжана? Сорамна было? Кіраўнік прафсаюза кажа, што кваліфікацыйная катэгорыя не павінна быць проста часткай іміджу педагога, але насамрэч так і атрымліваецца. Скажыце, навошта настаўніку абараняць свае аўтарскія методыкі, атрымліваць новую кваліфікацыю, калі на яго заробках гэта ніяк не адаб'ецца? А навошта кожныя пяць гадоў пацвярджаць вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, калі розніца ў даплаце — зусім неістотная? Толькі дырэктар у школе будзе Богам? Будзе вырашаць, як заахвоціць таго ці іншага настаўніка? Пры кантрактнай сістэме настаўнікі сталі зусім неабароненымі, таму толькі паспрабуй паспрачацца...

@

Педагог:

А ў Расіі, між іншым, новая геніяльная ідэя нарадзілася — увесці прафесійныя педагагічныя ступені. Выкладчыкаў плануецца падзяліць на некалькі катэгорый: настаўнік-наватар (настаўнік, які займаецца доследна-эксперыментальнай работай і ўкараняе новыя дысцыпліны і методыкі ў школах), настаўнік-метадыст ("выкладчык-аратар", які масава перадае інфармацыю), настаўнік-даследчык (настаўнік, які займаецца навукова-даследчай работай) і педагог-настаўнік (ажыццяўляе работу па навучанні і перадачы досведу маладым спецыялістам). Мы ж усё за расіянамі паўтараем. Значыць, у нас усё наперадзе?

@

Анатоль Сафонаў:

Да вышэйшай катэгорыі настаўнікі ідуць дзесяцігоддзямі, некаторыя кладуць на гэта усё свае жыццё. Для іх гэта вынік усёй іх педагагічнай дзейнасці. І раптам ад настаўніка, які ўсё жыццё імкнуўся да мэты і дасягнуў яе, напрыканцы кар'еры патрабуюць яшчэ нейкага дадатковага пацвярджэння. Можа, у нас зноў якія-небудзь чыноўнікі сядзяць без работы і жадаюць стварыць чарговы цэнтр па выдачы "пуцёвак у жыццё"? Няправільна ўсё гэта. Не мае права на існаванне. Гэта фактычна манаполія на права рухацца наперад. Нават тэхагляд аўтамабіляў праводзяць больш дэмакратычна. А гэта ж жывыя людзі! Лічу, што ў новай інтэрпрэтацыі атэстацыі работнікаў адукацыі дапушчана памылка. Штосьці паспяшаліся зрабіць. Можа быць, камусьці падалося, што вышэйшая катэгорыя настаўнікам далася лёгка? А палічыце час, колькі настаўнік ішоў да вышэйшай катэгорыі, і параўнайце яго з тым перыядам, праз які яму давядзецца яе абараняць (ад каго?). Некаторыя на пенсію сыходзяць з другой ці першай катэгорыяй. Было б правільна ўвесці проста кваліфікацыю "настаўнік-метадыст" і не варушыць "педагагічны вулей" яшчэ адным новаўвядзеннем. Настаўнікі і так ад заробку да заробку перабіваюцца, а калі хто і зарабляе, то працуе пры гэтым на тры стаўкі, пры ўмове што ў школе аплачваюцца максімум дзве.

@

Vlаdіmіr:

Калі не будуць істотна павялічаны надбаўкі за кваліфікацыйныя катэгорыі, то значная частка педагогаў адмовіцца ад пацвярджэння вышэйшай катэгорыі.

@

Яўген:

Навошта атрымліваць кваліфікацыю? Надбаўкі адрозніваюцца нязначна. А для кваліфікацыі трэба столькі папер напісаць, што гэта таго не варта!

@

Я:

З такімі падыходамі сапраўдных настаўнікаў праз пару гадоў зусім не застанецца ў школе... Шкада! На месца НАСТАЎНІКАЎ прыйдуць тыя, хто меў пры паступленні 60-70 балаў. Вось такія і будуць пацвярджаць і атрымліваць катэгорыі, або прыйдуць працаваць у міністэрства.

@

Лена:

Усё гэта было зроблена для таго, каб загрузіць Акадэмію паслядыпломнай адукацыі і інстытуты развіцця адукацыі работай. А тое, што псуюць усім нервы — гэта нікога не хвалюе.

@

Таццяна: 

Цытата: "Канкрэтных, абсалютна празрыстых і зразумелых усім крытэрыяў зніжэння вынікаў педагагічнай дзейнасці сёння няма". пытанне аб даплатах не вырашана, а інструкцыю прынялі.

Ад рэдакцыі:<І> як бачым, пытанні атэстацыі — вельмі хвалюючая тэма для педагогаў. Тэма — злабадзённая, бо ад наяўнасці той ці іншай кваліфікацыйнай катэгорыі напрамую залежаць іх заробкі. Напэўна, таму і бачанне гэтай праблемы ў звычайных педагогаў не супадае з меркаваннем аўтараў новай інструкцыі. "Звязда", па традыцыі, дае магчымасць выказацца ўсім зацікаўленым бакам. Запрашаем да дыскусіі ўсіх, каму ёсць што сказаць па ўзнятай тэме. Ісціна, як вядома, нараджаецца ў спрэчках.

Падрыхтавала Надзея НІКАЛАЕВА

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Новы парадак атэстацыі педагогаў стаў у кастрычніку тэмай нумар адзін для беларускіх настаўнікаў. Сваім меркаваннем па гэтым пытанні, а таксама па перспектывах...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика