Магілёўскі курган хаваў сенсацыю
03.11.2012
—
Новости Общества
|
На заканчэнне археалагічнага сезона на кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. Куляшова аб'явілі аб сенсацыйнай знаходцы. Заняткі па палявой практыцы для студэнтаў-археолагаў праводзіліся літаральна на пачатку першага снегу на адным з вялікіх курганоў паблізу Магілёва. — Калі шчыра, то мы выбралі той курган, таму што на ім не раслі дрэвы, і нам шалёна пашанцавала, — не ўтойвае свайго задаволення Ігар Марзалюк, загадчык кафедры археалогіі, доктар гістарычных навук і прафесар, а цяпер яшчэ і член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу. — Мы знайшлі пахаванне жанчыны з вельмі высокім сацыяльным статусам, якое датуецца канцом Х — пачаткам ХІ стагоддзя. Перад намі — адна з першых хрысціянак Магілёва. Ігар Марзалюк расказаў пра знаходку на міжнароднай навуковай канферэнцыі "Капыцінскія чытанні", якая днямі прайшла ва ўніверсітэце, і паказаў упрыгажэнні жанчыны. Архаічная падвеска ў выглядзе мараўскага крыжа прыгожая і сёння, нягледзячы на векавы пыл. Скроневае кольца (яго насілі на абадку на галаве) выраблена з чыстага арабскага срэбра. Гэтае кольца, якое пакуль выглядае як невялікі скрутак дроту, дакладна гаворыць, паводле спецыялістаў, аб этнічнай прыналежнасці жанчыны: яна была крывічанкай. — Сам велізарны курган сведчыць аб высокім сацыяльны статусе жанчыны, якая, хутчэй за ўсё, памерла маладой, — расказвае Ігар Марзалюк пра рэдкую знаходку. — Ёсць сляды выпаленага вялікага вогнішча, падсыпанага чыстага рачнога пяску. Касцяк ляжаў у каменнай крыпце, якая, верагодна, была накрыта дамавінай, але дрэва не захавалася. Затое добра захаваўся элегантны дамскі набор. Пярсцёнак у зялёнай паціне. Некалькі лунніц — упрыгажэнняў у выглядзе паўмесяца, жаночых сімвалаў. Ад багатых караляў засталіся толькі пацеркі: сердалікавая, потым з сіняга візантыйскага шкла, у выглядзе вока, і з залатой фарбай. Гісторыкі гавораць, што такія пацеркі каштавалі як некалькі рабоў. А для нас, хоць цяпер на нітку — і на руку: мода за дзясятак стагоддзяў, падаецца, не змянілася. — Дзяўчына была жонкай альбо дачкой багатага дружынніка, прадстаўніка знаці, тагачаснай палітычнай эліты, — мяркуе гісторык. — Магчыма, таго баярына Магілы, які заснаваў Магілёў? Але ва ўсякім разе, гэта пахаванне багатае. Скроневае кольца звычайна рабілі з бронзы. Я ўпершыню сустракаю са срэбра, такое шыкоўнае. І яшчэ, у нагах мы знайшлі рэшты вядра. "Чара зелена віна" — гэта вядзерца з мёдам, якое прызначалася для высакародных нябожчыкаў. Вельмі важна для гісторыкаў, што гэтае пахаванне знойдзена на правым беразе Дняпра, блізка да гістарычнага цэнтра Магілёва. І дзякуючы гэтай знаходцы, падкрэслівае Ігар Марзалюк, цяпер дакладна вядома, што горад Магілёў заснавалі крывічы. Больш дакладную інфармацыю археолагі разлічваюць атрымаць у новым сезоне, калі пачнуцца даследаванні суседніх курганоў каля абласнога цэнтра. "Там ёсць поўны летапіс старажытнай гісторыі Магілёва", — упэўнены загадчык універсітэцкай кафедры. А ўсе знойдзеныя цяпер пры раскопках каштоўнасці, упрыгажэнні крывіцкай дзяўчыны будуць традыцыйна перададзены ў музей гісторыі Магілёва. Ілона Іванова. Фота аўтара.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На заканчэнне археалагічнага сезона на кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. Куляшова аб'явілі... |
|