Канец свету і іншыя, больш дробныя непрыемнасці. 21.by

Канец свету і іншыя, больш дробныя непрыемнасці

15.12.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Хто першы запусціў інфармацыйную «качку» пра тое, што быццам бы згодна з календаром старажытных майя сёлета, 21 снежня, мае адбыцца канец свету, цяпер ужо дакладна і не вызначыш. Пагалоска пайшла гуляць па сусветных сродках камунікацый, стала топавай тэмай, ніводная медыя яе не абмінула, ва ўсіх сацыяльных сетках абмяркоўвалі і каментавалі. Але астраномія — навука дакладная, таму абвергнуць гэтыя псеўданавуковыя трызненні цяжкасці не склала: ніякага парада планет, падзення астэроіда ў гэты час не прадбачыцца. Спіце спакойна, зямляне...

Між тым цяжка падлічыць, колькі разоў у гісторыі называліся даты канца свету. Яны праходзілі. Свет заставаўся нязменным. Ці ўсё ж крыху змяняўся?

Пра тое, што будзе канец свету і мне тады мала не пакажацца, я ўпершыню даведаўся ад бабулі Агапы пры дастаткова пікантных абставінах: старая застала мяне ў садзе, дзе я датэрмінова «дапамагаў» гаспадарам збіраць ураджай яблыкаў. Але перспектыва трапіць у пекла і лізаць там патэльню мяне ў той час палохала менш, чым атрымаць бацькавай папружкі.

Ды і сам антураж гэтага мерапрыемства, апісаны бабуляй, ну, там, вершнік на кані, гукі труб іерыхонскіх, не ўразіў: чаму архангел перамяшчаецца на такім архаічным транспарце, быццам калгасны брыгадзір, калі ёсць больш сучасныя і хуткія сродкі? Напрыклад, тыя ж самалёты. Не было, здаецца, дня, каб яны нізка не праляталі над намі, або набіраючы вышыню, або заходзячы на пасадку. Можна было разгледзець усе дэталі фюзеляжа, чырвоныя зоркі на крылах, падвешаныя ракеты.

І толькі праз шмат гадоў даведаўся, што гэтыя імклівыя срэбныя ракетаносцы маглі гарантавана забяспечыць Армагедон усяму чалавецтву. Бо іх прызначэнне — данесці ядзерную зброю да берагоў далёкай Амерыкі праз Паўночны полюс, праўда, з адной дазапраўкай у паветры. А гэта самая спецзброя захоўвалася за дзесяць кіламетраў ад нас пад зямлёй у бетонным бункеры, закрытым варотамі з таўшчэзнай бронепліты. Якія, калі б здарылася, крый Божа, якая аварыя, выпарыліся б у імгненне разам з намі.

Так, думкі пра канечнасць усяго існага з’явіліся ў чалавецтва даўным-даўно, але толькі ў наш час яно атрымала магчымасць рэалізаваць гэты сцэнар на практыцы. Так бы мовіць, падвесці рысу пад сваім існаваннем уласнымі высілкамі, не спадзеючыся ў гэтай справе на нейкія звышмагутныя касмічныя сілы. І ядзерная зброя — толькі найбольш хуткі спосаб дасягнуць такога выніку. Увогуле ёсць і іншыя спосабы, праўда, больш марудныя і якiя не гарантуюць яго. Напрыклад, змяненне клімату, так званае глабальнае пацяпленне, у якое літаральна кожны зямлянін уносіць свой унёсак. Але гэтыя небяспекі чалавецтва ўсведамляе і нават робіць выгляд, што з імі неяк спрабуе справіцца. Калі з нераспаўсюджваннем ядзернай зброі справы ідуць не вельмі: яна распаўзаецца, быццам цеста з дзежкі, у так званы ядзерны клуб ужо дэ-факта ўліліся новыя члены, то з кантролем над выкідамі парніковых газаў у рамках Кіёцкага пратакола ўвогуле дрэнна. На мінулым тыдні на канферэнцыі ў Дохе, прысвечанай гэтаму пытанню, прыняты неадназначныя рашэнні, рэалізаваць якія будзе вельмі няпроста. Гэта значыць, міна пад існаваннем зямлян працягвае цікаць, і калі аб’ём парніковых газаў пяройдзе ў якасць атмасферных з’яў, колькасць і разбуральную моц тых жа смерчаў і тарнада, летнюю невытрымную спякоту там, дзе прывыклі да прахалоды, можна толькі гадаць.

А вось з пагрозай пандэмій чалавецтва больш-менш навучылася спраўляцца. Ды і не было ў навейшай гісторыі амаль нічога новага, з чым людзі не сутыкаліся б раней. Чума, якая выкашвала сярэднявечныя гарады і паселішчы, утаймавана, грып «іспанка» нават пасля ўсіх мутацый віруса тым не менш і блізка не паўтарае ўласныя «дасягненні» пачатку ХХ стагоддзя. СНІД распаўсюджваецца больш марудна, чым прадказвалі медыкі на пачатку яго з’яўлення, да таго ж хворых на яго пачалі калі не вылечваць, то значна замаруджваць цячэнне хваробы.

Дык што, страшылкі пра канец свету можна пакінуць Галівуду? Там ужо не ведаюць, чым і як палохаць гледачоў, бо жанр фільма-катастрофы перастаў збіраць поўныя залы і прыносіць прыбыткі. Не, не ўсё так проста. Чым больш навуковых і тэхнічных дасягненняў ставіць сабе на службу чалавецтва, тым больш «слабых звенняў» у ланцугу атрымлівае.

Няма нічога больш безабароннага перад тэхналагічнай катастрофай, чым буйны мегаполіс, які залежыць ад падачы літаральна ўсяго: энергіі, вады, ежы, лекаў, вывазу смецця і г.д. А збой у сістэме можа пачацца з адмовы капеечнай дэталі ў якім-небудзь кампутары. Ці доследы з геномам, лекамі пры самым неверагодным збегу акалічнасцей могуць выйсці з-пад кантролю і нарабiць бяды. Але не будзем адбіраць хлеб у сцэнарыстаў, а таксама ў гумарыстаў, якія кпілі наконт канца свету. Толькі яшчэ раз падкрэслім: у гісторыі чалавецтва асобныя цывілізацыі не аднойчы гінулі і раней па прычынах, аб якіх мы сёння можам толькі здагадвацца. Але ўпершыню чалавецтва дасягнула такой магутнасці, што мае магчымасць знішчыць сябе. І з гэтай акалічнасцю трэба лічыцца ўсім нам.

Таму застаецца спадзявацца на адказнасць і здаровы сэнс палітыкаў, разважлівасць навукоўцаў. А яшчэ — на дакладнасць і ўзважнасць журналістаў, якія не стануць раздзімаць сваімі публікацыямі тлеючыя канфлікты, а, наадварот, будуць рабіць усё, каб яны затухлі. І памятаць пра тое, што баланс добрых і дрэнных думак і ўчынкаў усяго чалавецтва залежыць ад кожнага з нас.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Баланс добра і зла на гэтай планеце залежыць ад кожнага з нас
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика