Сітуацыя была крытычнай. 21.by

Сітуацыя была крытычнай

20.12.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Падрабязнасці

Наступствы аварыі на трубаправодзе ў Гродне, пра якую "Звязда" паведамляла ва ўчарашнім нумары, ліквідаваны ў той жа дзень да 23 гадзін. Калі дакладней, то для аднаўлення падачы цяпла ў жыллё (аварыя датычылася прыкладна 70 % кватэр у абласным цэнтры) і іншыя аб'екты спатрэбілася 20 гадзін. Мажліва, учора яшчэ заставаліся лакальныя праблемныя ўчасткі, але там прымаліся аператыўныя захады. Пра гэта паведаміў журналістам на прэс-канферэнцыі старшыня Гродзенскага аблвыканкама Сямён ШАПІРА.

— Хочацца выказаць словы ўдзячнасці доблесным супрацоўнікам МНС, якія выратавалі людзей. Калі б выратавальнікі прыбылі на месца аварыі хвілін на 10-15 пазней, то мы б страцілі нашых жыхароў. Бо сітуацыя была крытычнай: дзеці залезлі на падаконнікі, а пад нагамі ў іх быў кіпень — яны плакалі, крычалі ад жаху. 21-гадовы супрацоўнік МНС упаў у яму з гарачай вадой, атрымаў моцныя апёкі, але дзіця, якое ён нёс на сваіх руках, не пацярпела. І няпраўда, калі кажуць, што, маўляў, моладзь у нас не тая, як калісьці ... У нас цудоўная моладзь, што даказвае вось гэты ўзор мужнасці, сапраўднага гераізму, — зазначыў Сямён Шапіра.

Начальнік Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС Пётр КОРЖЫК паведаміў, што траўмы пры ліквідацыі наступстваў аварыі атрымалі сяржант унутранай службы Павел ЯНУШКЕВІЧ (1991 г.н.) і старшы сяржант Сяргей КОНЧЫК (1990 г.н.). Павел, у якога асабліва моцныя апёкі, ужо пераведзены з рэанімацыі ў агульнае аддзяленне бальніцы. Урачы цвёрда заявілі, што яго жыццю нішто не пагражае, хоць балявыя наступствы, безумоўна, вельмі сур'ёзныя.

Намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір ДЗЯШКО, які ўзначальваў штаб па ліквідацыі наступстваў аварыі, расказвае:

— Я ў Гродне працую 34 гады, і такой аварыі на цеплатрасах у горадзе яшчэ не было. Работнікі МНС спрацавалі вельмі аператыўна. Кожная хвіліна была сапраўды на вагу золата. Такі прыклад. Жыхар аднаго з прыватных дамоў у раёне аварыі выскачыў яшчэ па сухой падлозе свайго будынка, каб разбудзіць суседа, а ўжо праз некалькі хвілін, калі вяртаўся, вада паднялася сантыметраў на 20. Добра яшчэ, што тэмпература першай вады, якая растапляла снег, была параўнальна невысокай. Аднак наступныя патокі вышынёй да метра, калі зямля прагрэлася, ужо дасягалі тэмпературы 90 градусаў.

Сямён Шапіра дае высокую ацэнку дзеянням штаба па ліквідацыі наступстваў гэтай аварыі, але разам з тым абяцае разабрацца, чаму яна здарылася:

— Прыношу жыхарам Гродна прабачэнні за нязручнасці ў сувязі з паніжэннем тэмпературы ў іх кватэрах. Мы сур'ёзна прааналізуем гэтую сітуацыю і зробім усе захады, каб больш такое не паўтарылася. Дзеянні некаторых службаў у нас сёння выклікаюць пэўныя сумненні.

У прыватнасці, старшыня аблвыканкама лічыць неабходным больш уважліва паглядзець на сістэму летняй падрыхтоўкі цеплавых сетак да зімовага ацяпляльнага сезона. Летам праходзілі гідраўлічныя выпрабаванні гэтага ўчастка магістральнай цеплатрасы, за якую адказвае прадпрыемства "Гроднаэнерга", пад ціскам вады ў 2,5 раза вышэй, чым у звычайным рэжыме, і праблем выяўлена не было.

— Вывучым, як праходзілі гэтыя выпрабаванні. Па-другое, чаму так доўга праходзіла лакалізацыя аварыйнага ўчастка цеплатрасы? Чаму, убачыўшы падзенне ціску ў сістэме, дыспетчарскія службы імгненна не перакрылі гэты ўчастак? У выніку сістэма ацяплення страціла вялізную колькасць вады, і самая галоўная праблема была не ў ліквідацыі разрыву трубаправода, ад чаго фактычна залежалі 19 будынкаў, а ў запаўненні гэтай сістэмы нанова, ад чаго залежала нармалізацыя цеплазабеспячэння ўсяго горада. Калі б аварыйны ўчастак перакрылі аператыўна, то мелі бы праблему цеплазабеспячэння толькі 19 дамоў. А фактычна атрымалі праблему амаль усяго горада, — зазначае Сямён Шапіра.

Старшыня аблвыканкама таксама лічыць, што трэба больш рашуча заняцца заменай зношаных цепласетак (аварыйны ўчастак адпрацаваў каля 40 гадоў), і асабліва магістральных, за якія адказвае Мінэнерга. Што датычыцца маёмасці жыхароў дамоў, якія пацярпелі ад разрыву цеплатрасы, то, як запэўніў Сямён Шапіра, усе страты ім будуць кампенсаваны — галоўным чынам за кошт вінаватых у гэтай аварыі.

Барыс ПРАКОПЧЫК.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Наступствы аварыі на трубаправодзе ў Гродне, пра якую "Звязда" паведамляла ва ўчарашнім нумары, ліквідаваны ў той жа дзень да 23 гадзін. Калі дакладней, то для...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика