Фрыланс ідзе па Беларусі
16.01.2013
—
Новости Общества
|
Больш за палову беларусаў хочуць падрабляць фрылансам, а шостая частка работнікаў збіраецца зрабіць фрыланс адзінай крыніцай заробку. Такая выснова зроблена на падставе чарговага апытання, якое правёў сайт RАBОTА.TUT.BY сярод 800 беларускіх работнікаў. Фрыланс, альбо пазаштатная праца, — даўно ўжо звыклая з'ява. І ў Беларусі таксама. Асабліва сярод работнікаў ІТ-сферы, дызайну, журналістыкі. Мала таго, даўно знаёмыя нам рэпетытары і перакладчыкі — гэта ж таксама фрылансеры. А што? Зручна ж вельмі: гнуткі графік, можна працаваць дома, рабіць толькі тое, што табе хочацца. Тым больш, што ў нашай краіне плануюць унесці змяненні ў Працоўны кодэкс, якія, сярод іншага, дазволяць заключаць тэрміновыя дамовы, што будзе спрыяць большай абароненасці тых, хто працуе дома (гл. нумар "Звязды" за 8 снежня 2012 года). Аднак у шматлікіх перавагах фрыланса ёсць і пэўная колькасць недахопаў. Па-першае, ты цалкам адказваеш за вынік сваёй працы сам. Па-другое, ты сам шукаеш сабе заказы. Па-трэцяе, няма пастаяннага заробку, ён вельмі нераўнамерны. Сюды ж можна дадаць адсутнасць сацыяльных гарантый і іншае. Пералічваць далей можна доўга. Напэўна, гэтым тлумачыцца тая сітуацыя, што беларусы баяцца займацца толькі фрылансам і разглядаюць яго як падработку. Вось самі паглядзіце. Па выніках апытання, 45% беларусаў ніколі не мелі вопыту пазаштатнай працы, але 96% з іх збіраюцца ў будучыні хаця б паспрабаваць. Толькі 14% рэспандэнтаў сказалі, што яны працуюць фрылансерамі зараз. 56% апытаных збіраюцца толькі падрабляць фрылансам, бо не хочуць губляць асноўнае месца працы. І толькі 16% хочуць наўмысна зрабіць пазаштатную працу адзінай крыніцай заробку. Яшчэ 17% (а гэта амаль пятая частка) жадаюць змяніць сваю прафесію, каб стаць фрылансерам. Апошняя пазіцыя ўласцівая ў асноўным бухгалтарам, юрыстам, адміністрацыйнаму персаналу. Відаць, сядзець на адным месцы, ды яшчэ не адзін год, цяжка. Але ці нашмат лягчэй працаваць дома і мець свабодны графік? Святлана Шапарава, дырэктар HеаdHuntеr Беларусь (праект RАBОTА.TUT.BY), лічыць, што не кожны зможа працаваць дома: "І справа не толькі ў адпаведнай для таго прафесіі. Неабходна быць больш жорсткім да сябе. Фрылансер павінен умець арганізоўваць свой дзень, сваю прастору, сваё жыццё. Гэта вельмі няпроста пабудаваць свой рэжым самастойна. І, натуральна, ніхто не гарантуе ні аплаты, ні страхоўкі, ні вывераных дамоў. Абсалютна ўсё становіцца асабістай адказнасцю фрылансера". Уладзіслаў КУЛЕЦКІ Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Больш за палову беларусаў хочуць падрабляць фрылансам, а шостая частка работнікаў збіраецца зрабіць фрыланс адзінай крыніцай заробку. Такая выснова зроблена на...
|
|