Зімовая "класіка"
12.02.2013
—
Новости Общества
|
Шмат падстаў любіць зіму: канькі, цюбінг, санкі і, безумоўна, лыжы. Памятаеце, як настаўнік фізкультуры казаў: "Апранайце футры, сёння займаемся на вуліцы!" і вёў нас да "агароджы" з лыжаў? "Дошкі" той "агароджы" былі рознакаляровымі, мелі розную велічыню, некаторыя з іх былі нават паламанымі, але на ўсіх чытаўся аднолькавы надпіс — "Це-ля-ха-ны". Гісторыя "Целяханаў" У 1944 годзе, пасля вызвалення Беларусі, у невялікім мястэчку нашай краіны Целяханы пабудавалі лесазавод, мэтай якога быў выраб піламатэрыялаў, неабходных у пасляваенны час для аднаўлення народнай гаспадаркі. Праз некалькі гадоў на гэтым прадпрыемстве пачалі вырабляць лыжы. У першы год эксперыменту было выпушчана 500 пар спартыўна-бегавых лыжаў. Яны былі цяжкімі, таму што вырабляліся з цэльнай драўніны, і прымітыўнымі. Паступова якасць спартыўнага інвентару паляпшалася: на фабрыцы наладзілі выпуск спачатку двухслаёвых, а потым шматслаёвых лыжаў. Беларусь "стала на лыжы": зімовыя заняткі фізічнай культурай у школах пачалі праводзіць на вуліцы, дзе вучні наразалі кругі вакол школы, нават спартыўны нарматыў для школьнікаў з'явіўся — бег на лыжах. Амаль у кожнай беларускай сям'і дома былі лыжы, для дзяцей і для дарослых — "Целяханы" выраблялі на любы ўзрост. Мацаванне на дзіцячых лыжах уяўляла сабой скураны абадок, у які ўстаўлялася нага ў абутку, а каб пятка не з'язджала, да лыжаў прыклейвалі невялікія гафрыраваныя кавалачкі гумы. Для дарослых існавала паўцвёрдае мацаванне: дзве алюмініевыя скобы, якія прыкручваліся да лыжы, злучаныя брызентавым раменьчыкам. Пазней з'явілася мацаванне са спецыяльнымі скуранымі чаравікамі, яно было самым зручным, а галоўнае — абараняла зімовыя боты (тады яны купляліся адны на некалькі сезонаў) ад хуткага зносу. Для лепшага слізгання "Целяханы" адзін раз на сезон прасмольвалі, а непасрэдна перад паездкай мазалі спецыяльнай лыжнай маззю. У савецкія часы гэта была "Вісці", форма і каляровая ўпакоўка якой нагадвалі шакаладны батончык. На экраны выходзілі фільмы пра лыжны спорт, — "Вялікі трамплін", "Міг удачы", "Ход белай каралевы"... Маці Дзядзькі Фёдара ў навагоднюю ноч з горада прыехала ў Прастаквашына таксама на лыжах... Усё гэта ўплывала на папулярызацыю захаплення лыжамі ў краіне. "Целяханы" сталі вядомымі за межамі Беларусі, лыжная фабрыка вырабляла каля паловы мільёна пар за год. У горадзе людзі захоўвалі лыжы на балконах і лоджыях, у вёсцы — адводзілі ім месца ў сенцах або ў кладоўках. Паступова на змену айчынным драўляным "Целяханам" пачалі прыходзіць замежныя пластыкавыя лыжы. "Нашы" саступалі замежным у слізганні і трываласці. У канцы 1980-х беларускае прадпрыемства засвоіла тэхналогію вырабу драўляна-пластыкавых лыж. Гэта было ўсё тое ж дрэва, але абабітае звонку пластыкам. З распадам СССР, а разам з ім і эканамічных сувязяў, выраб лыжаў быў зведзены да мінімуму, і "Целяханы" на нейкі час амаль зніклі з продажу ў крамах. Сёння, напрыклад, у спартыўных аддзелах крам пераважаюць лыжы айчыннага вырабу. Дарэчы, драўляныя лыжы зараз вырабляюць толькі ў краінах былога СССР, дзе яны і карыстаюцца попытам. "Чаму не ездзіць часцей?" У маладосці ліфцёр Вячаслава Ермаловіч вельмі любіла "навастрыць лыжы" ў парк каля дома. Новенькія "Целяханы" яна з мужам купіла за 10 савецкіх рублёў яшчэ ў 1967 годзе: — Так атрымлівалася, што мы заўсёды жылі каля лесу. І на Харкаўскай, і тут, на Захадзе. Зараз гэты лес называюць "Мядзведжына". Тады лесапаркавай зоны тут не было, але лыжня існавала. Вось мы і каталіся. А лыжы мы купілі, як толькі пажаніліся. Па словах Вячаславы, катанне на лыжах, пераважна "Целяханах", было дастаткова папулярным заняткам сярод савецкай моладзі, сябры і сяброўкі жанчыны любілі ў свой выхадны выбрацца ў лес на лыжную прагулку: — Адзенемся цёпла-цёпла, крыху праедзем — ужо горача. Курткі паздымаем, павесім на галіны дрэў, і далей кругі наразаем, — успамінае Вячаслава. — У мяне лыжныя чаравікі былі чэшскія — раскоша ў той час. Ногі ніколі не замярзалі. У сям'і Вячаславы Ермаловіч не абышлося і без паломак лыж. Жанчына ўзгадвае, як у адзін з першых выездаў у лес яе муж зламаў адну лыжу. Рамантаваць спортінвентар мужчына не стаў, проста... вырашыў больш не катацца. Таму Вячаслава наведвала лыжню ў Мядзведжына з сяброўкамі: — Мае лыжы да гэтага часу цэлыя. Не так даўно я яшчэ на іх каталася. Праўда, цяпер мне няма з кім: дзеці не хочуць, а кампанію знайсці ў маім узросце ўжо цяжка. Успамінаў у Вячаславы шмат: як з самаробных трамплінаў з'язджала, як радавалася "лыжнаму" надвор'ю. Таму і стаяць яе любімыя "дровы" на балконе, чакаюць свайго часу. — Катацца яшчэ буду, вось толькі завязу іх на нашу дачу. Здаралася, спачатку лянуешся ехаць, потым пераадольваеш сябе — і не можаш нарадавацца лыжнай прагулцы. Задаеш сабе пытанне: "Ну чаму не ездзіць часцей?". Цікава ведаць!Дзе ў сталіцы можна пакатацца на бегавых лыжах (у большасці з гэтых месцаў ёсць пункты пракату спортінвентару): — лыжаролерная траса на пр. Пераможцаў, 22, м-н "Вяснянка"; — Лошыцкі парк; — парк Чалюскінцаў; — Севастопальскі парк; — лясныя масівы ў м-не "Зялёны луг"; — лесапаркавая зона "Мядзведжына", м-н "Захад"; — парк 60-годдзя Кастрычніка; — лыжаролерная траса на вул. Сталетава; — гарналыжны цэнтр "Сонечная даліна", м-н "Курасоўшчына"; — м-н "Дражня" з боку вул. Ілімскай. Любоў Бяляева. Фота аўтара
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Шмат падстаў любіць зіму: канькі, цюбінг, санкі і, безумоўна, лыжы. Памятаеце, як настаўнік фізкультуры казаў: "Апранайце футры, сёння займаемся на вуліцы!" і вёў... |
|