“А я іду такая ўся ў Dolce&Gabbana…”. 21.by

“А я іду такая ўся ў Dolce&Gabbana…”

17.02.2013 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


У гонцы за модай дзяўчаты і жанчыны страчваюць сваю прыгажосць і індывідуальнасць.

Дзесяць пунктаў, як беларускі самі псу­юць сваю прыгажосць

Беларусь здаўна славілася сваімі прыгожымі і мілавіднымі дзяўчатамі. І калі яшчэ 100 год таму не было амаль ніякіх сродкаў, каб гэту прыгажосць сапсаваць, то цяпер як толькі не здзекуюцца прыгажуні са сваёй знешнасці.

Вось самыя распаўсюджаныя спосабы, як дзяўчаты і жанчыны так умела псуюць самі сябе.

1. Накладныя пазногці

Адным з самых моцных сродкаў з’яўляюцца накладныя пазногці. Чамусьці большая частка жанчын лічыць іх моднымі, хаця ўсе дызайнеры свету ўжо некалькі гадоў у адзін голас крычаць, што прыгожыя дагледжаныя пазногцікі з акуратным манікюрам куды больш прывабныя, чым трохсантыметровыя кіпцюры, распісаныя рознакаляровымі кветачкамі і завітушкамі.

Тым не менш, амаль у кожнай гандляркі або работніцы банка мы можам назіраць менавіта накладныя пазногці, а таксама, як смешна яны чапляюцца за клавіятуру падчас працы.

2. Стразы

Узброіўшыся кіпцюрамі, жанчыны, нібы тыя вароны, пачынаюць скупляць у крамах усё бліскучае. Стразы мы можам убачыць і на джынсах, і на сумках, і на акулярах, і на абутку – ды ўсюды!

Чамусьці гэта ў народзе таксама лічыцца прыгожым, толькі заўсёды трэба памятаць, што, прычапіўшы бліскучыя каменьчыкі на якую-небудзь сваю рэч,  вы адразу ж робіце яе знешні выгляд у некалькі разоў таннейшым, чым ён ёсць на самой справе. Адразу кідаецца ў вочы, бо бляск дыяментаў  дужа адрозніваецца ад бляску пластмасак.

3. Макіяж

Бліскучыя і з кіпцюрамі, нашы жанчыны пачынаюць наводзіць макіяж… Вось тут сапраўды становіцца страшна, хаця б таму, што палова з іх, дзесьці саракагадовага ўзросту, малююць вочы ярка-сінімі ценямі, а вусны – ружовай памадай.

Не, яны не збіраюцца на дыскатэку 80-х, яны ідуць у такім выглядзе на вуліцу, на працу, у краму. Маладых жа дзяўчат, асабліва падлеткавага ўзросту, часта можна ўбачыць з тлуста нафарбаванымі чорным колерам вачыма. Вядома, гэта можа прыгожа глядзецца, скажам, на дыскатэцы ці арт-вечарыне, але ў паўсядзённым жыцці такі макіяж звычайна перабівае ўсю свежасць і прыгажосць маладога твару, што таксама крыўдна.

4. Прычоска

Вядома, створаны мной вобраз будзе няпоўны без адпаведнай  прычоскі.

Тут таксама кожная стараецца, як можа. Прычым кожную раніцу. Хто кожны дзень накручвае валасы на бігудзі, хто  здзекуецца са сваіх валасоў з дапамогай начосаў.

На якія толькі пакуты не ідуць нашы жанчыны, каб кожны дзень выглядаць, як калядная ялінка, а дастаткова проста правільнай стрыжкі і прыгожых дагледжаных валасоў. А калі вы жадаеце чагосьці больш цікавага, паспрабуйце заняцца косапляценнем, якое цяпер вельмі актуальнае.

5. Адзенне

Адным з самых непераможных з’яўляецца кароткая спадніца ў 30-градусны мароз. Як ні вядуць прапаганду дактары, але ўсё роўна кожную зіму можна пабачыць на вуліцы такую вось “прыгажуню” з сінімі нагамі, якія прасвечваюцца праз 20-дэнавыя калготы. Глядзіш на яе, і самому холадна робіцца. А калі  вы ўсё ж вырашылі, што не зможаце абысціся без любімай спадніцы, надзеньце дзве пары калгот: звычайныя, на 40 дэн, і карункавыя, цёплыя.

Звяртайце ўвагу на бялізну: вельмі непрыемна, калі кожны можа ўбачыць яе пры нахіленні, або калі яна выдзяляецца пад аблягаючым адзеннем.

6. “Міксаванне стыляў”

Апранаемся далей. Любяць жанчыны, асабліва ў маленькіх гарадах, займацца “міксаваннем стыляў”.

Адным з самых шкодных злучэнняў, якія пры гэтым атрымоўваюцца, з’яўляюцца спартыўныя штаны + туфлі. Сюды ж можна аднесці класічныя штаны, апранутыя пад гумовыя сланцы або красоўкі. Так звычайна жанчыны выбягаюць “на хвіліначку” з дому ў краму ці яшчэ куды.

Гэта, дарэчы, датычыцца і мужчын, якія часам выносяць смецце ў такім выглядзе, што толькі варон на агародзе пужаць.

Тут дастаткова гумовых сланцаў і шкарпэтак, якія неразлучна існуюць у гардэробе нашых мужчын.

7. Абутак

Абуваемся. Ну, тое, што нашы жанчыны ў звычайную краму па прадукты могуць пайсці на дзесяцісантыметровых шпільках – даўно не навіна. Тым больш, што падабраная раней прычоска, макіяж і манікюр таму адпавядаюць.

Мяне больш непакояць красоўкі, якія носяць амаль усе, амаль усюды, забываючы, што гэты абутак, дарэчы, пасуе толькі для заняткаў спортам  і з’яўляецца шкодным, калі яго насіць цэлы дзень.

Падбірайце абутак адпаведна сітуацыі. А галоўнае – сачыце, каб ён  быў зручны і ўтульны.

8. Вопратка

Пераходзім да вопраткі. Калі казаць пра дзяўчат, то тут “хітом” з’яўляецца кароткая зімовая куртка, якая пры нахіленні радасна дэманструе нам паўспіны сваёй гаспадыні.

Але больш за ўсё мяне ўражвае, калі сталыя жанчыны апранаюць дарагія футры, дублёнкі і шапку на галаву з якім-небудзь мядзведзікам і знаёмымі нам ужо стразікамі.

Падбірайце галаўныя ўборы адпаведна верхняму адзенню: саліднае верхняе адзенне – салідная шапка. У адваротным выпадку ваша самае дарагое і шыкоўнае футра будзе выглядаць проста недарэчна разам з танным галаўным уборам.

9. Упрыгожванні

Завяршаем вобраз упрыгожваннямі. Дзяўчаты звычайна больш забаўляюцца з біжутэрыяй, што, дарэчы, не заўсёды кепска, калі не абчэплівацца таннымі пацеркамі з галавы да ног.

Жанчыны ж надзяваюць сабе на рукі кучу залатых пярсцёнкаў, часам з брыльянцікамі, каб  проста схадзіць у тую ж краму ці на працу, пафарсіць перад сяброўкамі і калегамі. Але калегі, у адрозненне ад вас, могуць ведаць, што насіць брыльянты да пяці гадзін вечара лічыцца дурным тонам.

10. Сумачка

Ну і сумачка, куды ж без яе! Чамусьці ніяк не могуць зразумець нашы жанчыны, што падбіраць сумку і абутак ідэальна аднолькавага колеру, фактуры і матэрыялу было модна некалькі гадоў назад.

Ды толькі большасць з гэтым не пагаджаецца і дадае ў гэту кампанію яшчэ які-небудзь рэмень або гадзіннік.

І ўсё ж мы добра жывём. Чаму? А вы паглядзіце на вуліцу: кожная другая ходзіць у нас  з сумкай ад “Dolce&Gabbana”, “PRADA”, “Gucci”. І няма чаму здзіўляцца, бо ў дамы з начосам у руцэ з размаляванымі пазногцямі абавязкова павінна быць “фірмовая” сумка.

Таццяна УЛАДЫКА, школа маладога журналіста, студэнтка 4 курса, спецыяльнасць: дызайнер адзення.  

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Дзесяць пунктаў, як беларускі самі псу­юць сваю прыгажосць
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика