Галоўнае ў рыбалцы — не рыба...
21.02.2013
—
Новости Общества
|
Падымацца задоўга да світання, цягнуць грувасткія прылады і цэлы дзень сядзець на марозе — што прымушае аматараў рыбалкі ісці на такія "подзвігі"? Як высветлілася, зусім не рыба. Ператвараюся ў рыбачку Я ўстала а палове сёмай раніцы, каб праз гадзіну ўжо ехаць у камфортным "Сітраене" да Мінскага мора. Там мусілі адбыцца спаборніцтвы па зімовай рыбалцы сярод рыбаловаў-аматараў. Са мной былі мой колішні аднакласнік, заўзяты рыбалоў Арцём ды Віктар — мужчына сярэдніх гадоў, таксама аматар рыбалкі і па сумяшчальніцтве кіроўца. Ехалі цёмнымі яшчэ дарогамі, блукаючы ў прыцемку па лесе. Хлопцы разважалі пра рыбалку. "Я чакаў чаго заўгодна, толькі не Мінскага мора, — скардзіўся Арцём. — Справа ў тым, што месца рыбалкі арганізатары паведамлялі за некалькі дзён да спаборніцтваў — такія правілы. — Там рыба капрызная, яе пашукаць трэба".
А рыбак рыбака... Усе віталіся, размаўлялі — сапраўды, як заўважылі пазней арганізатары, як вялікая рыбацкая сям'я. Рэгістравалі пад нікнэймамі — мянушкамі, якімі рыбакі называюць сябе ў інтэрнэце. Бо і самі спаборніцтвы выйшлі адтуль, з сеціва: удзельнікаў сабраў тут рыбацкі інтэрнэт-форум. Адзін з арганізатараў, Сяргей Шалькевіч, узгадаў, як усё пачыналася: "Чатыры гады таму мы ўтрох — я, Андрэй Звагільскі і Юрый Астроўскі — былі на рыбалцы. І прыйшла ідэя высветліць, хто паміж нас лепей рыбу ловіць. Ёсць жа спаборніцтвы паміж спартсменаў, чаму б не паспрабаваць і нам, аматарам?" Вось так і пайшло: у першы раз сабралася дванаццаць удзельнікаў, потым — усё больш і больш. З гэтай аматарскай суполкі ўжо нават выйшлі прафесійныя спартсмены, якія ўдзельнічаюць у чэмпіянатах краіны і міжнародных спаборніцтвах. Сёлета да ўдзелу было заяўлена каля пяцідзесяці чалавек. Прыехаў трыццаць адзін. Па словах арганізатараў, для зімы гэта нармальна, а вось улетку рыбаловаў спаборнічае значна больш. А ўвогуле такія спаборніцтвы сярод "не-спартсменаў" праводзяцца чатыры разы на год — у кожную пару. Таму большасць удзельнікаў ужо знаёмыя паміж сабой. Тут збіраюцца людзі рознай адукацыі, прафесій. З часам і геаграфія удзельнікаў пашыраецца: ужо не першы год прыязджаюць рыбаловы з Віцебска. "Людзі імкнуцца сюды не па ўзнагароды, — упэўнены арганізатары. — Некаторыя ведаюць, што не атрымаюць перамогу, але ўсё адно едуць. Рыбалка — гэта хвароба. І стасункі. Бо самае цікавае пачнецца пасля спаборніцтваў: будзем гатаваць юшку, размаўляць". Лавіся, рыбка! Арганізатары нагадалі правілы: не перашкаджаць адзін аднаму, не дзяліцца ўловам, не ўжываць алкаголь. Пасля прасігналіў гудок старту... Пайшла і я, і, калі снежны наст праваліўся пада мной і я амаль па калена апынулася ў вадзе, што сабралася падчас нядаўняй адлігі, па-сапраўднаму ацаніла свае непрамакальныя боты. Як я памылялася, думаючы, што рыбалка — гэта калі шмат гадзін сядзіш на адным месцы, і баішся паварушыцца! Рыбакі забегалі па лёдзе, як спартсмены падчас эстафеты: запрацавалі буры, узрываючы лёд і выштурхоўваючы на паверхню фантаны вады. На свідраванне лунак давалася ўсяго гадзіна, і трэба было паспець зрабіць дастатковую іх колькасць, пазначыўшы кожную аранжавым сцяжком з напісаным на ім нікнэймам удзельніка. Пасля бурэння кожную лунку трэба было "прыкарміць" — закінуць па жменьцы матыля. А потым — хадзіць і правяраць паклёўку, перыядычна падкормліваючы ўяўную пакуль што рыбу. "Усё залежыць ад гульні", — тлумачыў мне Арцём, асцярожна варушачы вудай над лункай.
Так мінулі чатыры гадзіны лову, падчас якіх, бегаючы ад лункі да лункі, Арцём вывудзіў каля дзясятка маленькіх акунёў. Нарэшце прагучаў фінішны гудок, і арганізатар Юрый Астроўскі вывез на возера чорныя пластыкавыя сані. "Для майго ўлову і саней не хопіць!" — пажартаваў нехта з рыбакоў. Кожны ўдзельнік падыходзіў з мяшком, у які складваў рыбу, адзначаўся ў спісе і атрымліваў нумар, які таксама клалі ў мяшок. Рушылі на бераг. Дык вось для чаго сюды ездзяць! На паляне трэці арганізатар, Андрэй Звагільскі, ужо ва ўсю чараваў над сапраўднай рыбацкай юшкай, што булькатала і пускала густую духмяную пару ў вялікім катле на агні. Людзей на паляне значна паболела: на юшку падцягнуліся цэлыя сем'і рыбакоў з жонкамі і дзецьмі. Сяргей Шалькевіч дастаў электронные вагі і пачаў узважваць кожны пакуначак. Высветлілася, што пераможца, якім аказаўся Андрэй Герасімчук, налавіў адзін кілаграм сто дзесяць грамаў рыбы, а агульная вага здабычы склала каля пяці кілаграмаў. Пераможца раскрыў мне сакрэт паспяховай рыбалкі: каб злавіць рыбу, трэба як мага больш рухацца, шукаць яе. "Я вельмі рады, што мне ўдалося дасягнуць вяршыні, — падзяліўся ўражаннямі Андрэй. — Але гэта для мяне — хобі. Ва ўсім гэтым знаходжу азарт і яднанне з прыродай". Пасля ўзважвання — фінальнае пастраенне і ўзнагароджванне — усё, як у вялікім спорце. Пераможцы атрымлівалі ў якасці прызоў рыбацкія прылады, прыкорм для рыбы, медалі. Потым удзельнікі выстраіліся ў чаргу да катла з варывам. Пад размовы, жарты, гучанне спеваў і вершаў пачаставалі сапраўднай юшкай і мяне. І няхай яе зварылі не са свежага ўлову, але яна была такая шыкоўная — наварыстая, духмяная, апетытная, што я зразумела, дзеля чаго варта ездзіць на рыбалку. Пякучая юшка на марозе, вясёлая кампанія аднадумцаў і пачуццё задавальнення. А велічыня ўлову — гэта ўжо другаснае. Дзіяна СЕРАДЗЮК. Фота аўтара Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Падымацца задоўга да світання, цягнуць грувасткія прылады і цэлы дзень сядзець на марозе — што прымушае аматараў рыбалкі ісці на такія "подзвігі"? Як...
|
|