Інвестыцыйны вопыт Паўднёвай Карэі
26.02.2013
—
Новости Общества
|
Паўднёвая Карэя з'яўляецца адной з нямногіх краін свету, якія прадэманстравалі здольнасць дасягнуць высокага ўзроўню развіцця эканомікі за некалькі дзясяткаў гадоў з пачатковага вельмі нізкага ўзроўню. Краіна ў ХХ стагоддзі перажыла шмат непрыемных момантаў. Гэта і японская акупацыя, калі карэйцам адмаўлялі ў роўнасці з акупантамі і бязлітасна эксплуатавалі іх эканоміку на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў, і братазабойчая вайна з Паўночнай Карэяй, якая пакінула эканоміку ў руінах. Пры гэтым значныя поспехі (узровень ВУП на душу ў Паўднёвай Карэі супастаўны з італьянскім) дасягнуты пры вялікай перанаселенасці. Пры тым, што тэрыторыя Паўднёвай Карэі ў два разы меншая за беларускую, насельніцтва перавышае беларускае ў пяць з лішнім разоў. Толькі ў карэйскай сталіцы, Сеуле, пражывае больш людзей, чым ва ўсёй Беларусі. Самымі важнымі аспектамі ашаламляльнага эканамічнага росту карэйскай эканомікі сталі: прывілеяваны доступ тавараў на заходнія рынкі; апора на інавацыі ў рэфармаванні ўсіх бакоў грамадскага жыцця; стварэнне экспартна арыентаванай эканомікі; вялікія інвестыцыі. Прывілеі ў доступе паўднёвакарэйскіх тавараў на заходнія рынкі былі атрыманы ва ўмовах супрацьстаяння СССР і ЗША ў час халоднай вайны. ЗША і краіны Заходняй Еўропы імкнуліся дапамагчы Паўднёвай Карэі адбудаваць сучасную эканоміку, здольную фінансаваць утрыманне магутнай арміі, якая ўзмацняе іх пазіцыі ў рэгіёне, супраць Паўночнай Карэі, якую падтрымлівалі СССР і Кітай. Апора на інавацыі стала своеасаблівай "фірменнай рысай" рэформаў, якія праводзяцца ў Паўднёвай Карэі. Характэрнай з'яўляецца сітуацыя з электронным урадам, які, згодна з ацэнкай ААН, па ступені развіцця выйшаў на першае месца ў свеце. Жыхары Паўднёвай Карэі змаглі амаль цалкам адмовіцца ад папяровага дакументаабароту, што дазваляе паскараць прыняцце рашэнняў, шырока інфармаваць грамадскасць і раіцца з ёй, эканоміць штогод вялізныя сумы як на кошце папяровых дакументаў, так і на паслугах тых, хто раней развозіў усе гэтыя дакументы, а цяпер прыцягнуты да вытворчасці сапраўды неабходных для краіны тавараў і паслуг. Інавацыйнасць паўднёвакарэйскай эканомікі можна паказаць і на прыкладзе развіцця ядзерных тэхналогій. Параўнальна невялікая па насельніцтве краіна, якая зусім нядаўна ўзнялася з абсалютнай галечы, цяпер будуе ядзерныя рэактары як для сябе, так і на экспарт. Прычым па многіх параметрах яны апярэджваюць рэактары, якія канструююць у заходніх краінах. Важным адрозненнем Паўднёвай Карэі з'яўляецца таксама гатоўнасць адносна свабодна пастаўляць новыя тэхналогіі на экспарт у краіны, якія развіваюцца, у адрозненне ад большасці заходніх эканомік. Вялізных поспехаў удалося дабіцца ў развіцці экспарту, які стаў у выніку самай магутнай апорай для росту ўзроўню жыцця ў краіне. Калі ў 1970 годзе экспарт ледзь перавышаў мільярд долараў (0,31% ад сусветнага экспарту), то ў 2011 годзе ён склаў 627 мільярдаў (2,79% ад сусветнага экспарту). Важнай асновай для такіх паспяховых паказчыкаў экспарту Паўднёвай Карэі з'яўляецца клопат пра вялікія інвесціраванні ў нацыянальную эканоміку. Калі ў 1970 годзе валавыя інвестыцыі склалі 2,3 мільярда долараў, то ў 2011 годзе яны ўзраслі да 329 мільярдаў. У 2012 годзе ад замежных інвестараў было атрымана 16 млрд 260 млн долараў прамых замежных інвестыцый, што стала рэкордам за ўсю гісторыю краіны. Асноўным замежным інвестарам стала Японія. Следам за ёй ідуць ЗША, Ганконг, Сінгапур і мацерыковы Кітай. Па прыведзеных лічбах няцяжка заўважыць, што асноўныя інвестыцыі ў эканоміку робяцца айчынным бізнэсам, што таксама з'яўляецца фірменнай рысай карэйскай эканомікі. Нягледзячы на тое, што замежныя інвестыцыі афіцыйна вітаюцца, урад усё ж лічыць больш надзейным абапірацца на зберажэнні ўласных бізнэсменаў і дзяржаўных фондаў. Гэтаму вучыць і вопыт азіяцкага крызісу канца 1990-х, які вельмі цяжка адбіўся на карэйскай эканоміцы. Аб'ём валавых інвестыцый у 1998 годзе скараціўся больш чым удвая, у параўнанні з 1997 годам, прычыніўшы вялізны ўрон краіне. Выйсці на дакрызісны ўзровень інвесціравання ўдалося толькі ў 2003 годзе. Вывад вялізных сродкаў напужанымі крызісам заходнімі інвестарамі навучыў таму, што апора на ўласныя сілы больш надзейная. У выніку Паўднёвая Карэя змагла адносна лёгка перажыць і сусветны крызіс, які пачаўся ў 2008 годзе. Падзенне валавых інвестыцый у 2009 годзе ў параўнанні з 2008 годам не было такім драматычным, як дзесяцігоддзе раней, і іх узровень быў перавышаны ўжо ў 2011 годзе. Адпаведна, і Паўднёвая Карэя стала адной з нямногіх краін свету, якія перажылі гэты крызіс без падзення эканомікі, што радніць яе з Беларуссю. Важным адрозненнем з'яўляецца тое, што беларуская эканоміка сёння не можа цалкам абысціся ўласнымі інвестыцыямі. Перспектыўным відам інвестыцый для Беларусі з'яўляецца асвоенае карэйцамі прыцягненне сродкаў іншаземцаў у каштоўных паперах на карэйскай фондавай біржы. У паўднёвакарэйскі рынак каштоўных папер імі ўкладзена ўжо 470 млрд долараў. Зразумела, калі спытацца ў саміх карэйцаў, што яны лічаць асновай поспеху сваіх эканамічных рэформаў, яны адкажуць, што ўся справа ў менталітэце насельніцтва — дысцыплінаванасці, патрыятызме, педантычнасці. І гэтыя якасці, сапраўды, таксама важныя. Сяргей КІЗІМА, загадчык кафедры міжнародных адносін Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, доктар палітычных навук Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Паўднёвая Карэя з'яўляецца адной з нямногіх краін свету, якія прадэманстравалі здольнасць дасягнуць высокага ўзроўню развіцця эканомікі за некалькі дзясяткаў... |
|