Паўстанне Каліноўскага стала настольнай гульнёй. 21.by

Паўстанне Каліноўскага стала настольнай гульнёй

26.02.2013 17:14 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


У Мінску і Гродна прэзентуюць настольную гульню “Паўстанцы” — першую беларускую настольную гульню, заснаваную на гістарычных падзеях 1863 года.




“Паўстанцы” — гульня, пад час якой вы можаце паглыбіцца ў атмасферу 1863 года і стаць знакамітай гістарычнай асобай альбо простым беларусам і уплываць на сыход паўстання, — паведамляюць яе аўтары. — Гульня “Паўстанцы” пабудавана найперш на зносінах паміж людзьмі, абмеркаванні і выказванні сваёй пазіцыі. Падманваць, хлусіць, майстэрскі блытаць прысутных і бязлітасна забіваць суперніка — права кожнага ўдзельніка”.

Гульня мае падабенства да знакамітай “Мафіі”. У беларускай гульні можа ўдзельнічаць ад 6 да 20 чалавек, існуе тры калоды карт (“Персанаж”, “Выбар”, “Лёс”). Сярод персанажаў — 10 найбольш знакамітых паўстанцаў, 10 царскіх службоўцаў, якія уплывалі на паўстанне, а таксама 20 звычайных беларусаў, якім прыдумалі розныя біяграфіі, звязаныя з паўстаннем.

Ініцыятыва стварэння гульні належыць пісьменніку і выкладчыку Антону Янкоўскаму і дызайнеру Анастасіі Лукашковай.

А пачалося ўсё з таго, што сябрам, якія любяць разам гуляць у настолкі, захацелася чагосьці з беларускім каларытам.

“Вырашылі знайсці якую-небудзь беларускую настолку. Але праглядзелі ўвесь інтэрнэт і нічога не знайшлі, — распавёў Антон Naviny.by. — Здзівіла, што ў нас няма менавіта сваіх, беларускіх гульняў. Паразважалі і вырашылі, што было б прыкольна зрабіць штосьці такое. Потым знянацку нарадзілася думка зрабіць гульню менавіта пра паўстанне 1863 года. І толькі пасля гэтага мы зразумелі, што як раз 2013 год будзе юбілейным для паўстання…”.




На сёння гэта першая беларуская настольная гульня, заснаваная на гістарычных падзеях.

“Гэта першая гульня на беларускай мове і першая гістарычная, характэрная для Беларусі гульня, — кажа аўтар. — Можа, хтосьці яшчэ выпускае штосьці такое, але добрай інфармацыі пра гэта мы не знайшлі. Даведаліся толькі, што дзяржава выпускае беларускі аналаг гульні “Манаполія”, але мы хадзілі па крамах і так і не знайшлі яе, і наколькі яна беларуская, мы не ведаем”.

Праца над “Паўстанцамі” заняла больш за паўгода: “Адразу мы пачалі складаць правілы, і калі, на наш густ, атрымалася вельмі нядрэнная гульня, пачаўся сур’ёзны падрыхтоўчы працэс ужо дзеля таго, каб яе выпусціць”.

Пэўны час гульня “тэставалася” на сябрах Антона. “Усім яна падабалася. І гэта дало нам штуршок, каб выпусціць яе большым накладам для усіх жадаючых. Былі і такія людзі, якія казалі, што пакуль “не дараслі”, каб весці гульню на беларускай мове, і хоць калода была на беларускай мове, размова падчас гульні вялася на рускай”, — прызнаецца ён. Але што тычыцца беларускай мовы для гэтай гульні, то гэта пытанне прынцыповае.

Антон выпускае гульню за свой кошт: “Гульню рабіў я са сваёй дзяўчынай. Яна была была дызайнерам, а я распрацоўваў правілы. Выпускаю гульню за свой кошт, ніякага спонсарства няма. Але я думаю, усе ўкладзеныя грошы мы вернем, а калі гульня будзе мець поспех, то, можа, і заробім крыху. Словам, вырашылі рызыкнуць”.




Падрабязней даведацца пра гульню і пагуляць у “Паўстанцаў” можна будзе на прэзентацыях — 28 лютага ў Гародні ў 18.00 у мастацкай галерэі “Крыга” і 2 сакавіка ў Мінску ў 18.00 у кнігарні “ЛогвінаЎ”. Пераможца адмысловай віктарыны, які да прэзентацыі адгадае 10 паўстанцаў, што сталі героямі гульні, атрымае калоду у падарунак. 

“Гульню можна будзе набыць на прэзентацыях, а таксама праз нашу суполку”, — дадае Антон. Кошт гульні складзе 100 тысяч рублёў у наборы з ільняным чахлом і 150 тысяч — у наборы са скураным чахлом. 

Калі “Паўстанцы” спадабаюцца аматарам настольных гульняў, аўтары абяцаюць працягнуць выпуск настолак: “Ужо зараз ёсць пэўныя ідэі. Ёсць напрацоўкі па моладзевай і сямейная гульням. Хочацца рабіць не толькі гістарычныя настолкі, але і “кампанейскія”, для развіцця дзяцей. Але выкарыстанне беларускай мовы будзе прынцыповым момантам. Калі ўсё будзе добра з гульнёй “Паўстанцы”, то праз якіх паўгода можа з’явіцца яшчэ адна”.



Вольга ПРУДНІКАВА

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ці павесіць Каліноўскі Мураўёва?..
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика