Ой, аладачкі, бліны-ладачкі
12.03.2013
—
Новости Общества
|
Зараз амаль у кожным перыядычным выданні можна сустрэць кулінарную падборку. Нядзіва, што і чытачы нашай газеты падказваюць: трэба і «Р» абзавесціся нечым падобным. Падумалі мы: сапраўды, варта! Вось толькі хочацца нам зрабіць так, каб наша новая рубрыка была не проста капіраваннем інтэрнэт-рэцэптаў, а паслужыла яшчэ адной нітачкай сувязі з вамі, шаноўныя сябры. А першай вясновай ластаўкай чарговай рэдакцыйнай задумы можна лічыць пісьмо ад настаўніцы з Мсціслаўшчыны Вольгі Раманавай. У ім Вольга Анатольеўна ўзгадала народныя традыцыі вясёлага развітання з зімою. ...Круглы, жоўты, гарачы блін знешне нагадвае сонца, якому пакланяліся нашы далёкія продкі і лічылі крыніцай магутнасці. Свята Масленіца нарадзілася з узнікненнем хрысціянства — у царкоўным календары ў апошні тыдзень перад Вялікім постам дазвалялася ўжываць у асноўным малочныя прадукты, а масла і сыр — цудоўнае дапасаванне да бліноў і аладак. У народзе за кожным днём Масленічнага тыдня замацавалася адпаведная назва. Панядзелак — сустрэча (пачатак свята). Па традыцыі першы блін аддавалі жабракам ці на памін спачылых. Аўторак — зайгрыш. Моладзь каталася з горак і ласавалася блінамі. Серада — ласункі. У гэты дзень зяці да цешчаў на бліны збіраліся. Чацвер — разгул. З частаваннем, пацехамі і спаборніцтвамі зіму праводзілі — вясну сустракалі. Пятніцу называлі цешчынымі вячоркамі. На гэты раз ужо зяці ў госці сваіх цешч запрашалі і шчыра частавалі. Субота лічылася залвіцынымі вячоркамі. Маладыя нявесткі запрашалі да сябе ў госці сясцёр мужа і дарылі ім падарункі. А ў апошні дзень Масленіцы, у нядзелю, людзі прасілі адзін аднаго забыцца на нанесеныя калі-небудзь крыўды, урачыста спальвалі пудзіла Зімы і імкнуліся абавязкова пабываць у праваслаўных храмах на вячэрняй службе з асаблівым чынам — даравання… Ну а цяпер надышоў час павесці гаворку пра рэцэпты бліноў. Учора патрэніраваліся, сёння частавацца будзем. У каго смачнейшыя і прыгажэйшыя атрымаюцца? Існуе мноства варыянтаў гэтай мучной стравы — усе і не пералічыць: бліны карункавыя, з прыпёкам, грэцкія, аладкі з макам, блінцы з яблыкамі, нават блінныя торты... І ўсё ж, думаецца, беларусам без дранікаў ніякае свята не свята. Вось і наша чытачка Вольга Раманава піша, што абавязкова прыгатуе на гэтым тыдні свае любімыя «Дранікі старадаўнія» і прапануе іх рэцэпт. Каля кілаграма бульбы абабраць і надзерці. Дадаць 1—2 яйкі, 2—3 сталовыя лыжкі мукі, пасаліць на смак. Змесціва добра перамяшаць і выпякаць на гарачай патэльні, змазанай маслам, тлушчам альбо алеем. Гарачыя дранікі перасыпаць здробненым часнаком, прыкрыць накрыўкай, а потым падаваць са смятанай і зяленівам. А што любіце гатаваць вы, сябры, мы спадзяёмся даведацца з вашых лістоў у рэдакцыю. Асабліва будзем удзячныя за тыя допісы, дзе разам з лепшымі фамільнымі рэцэптамі вы накіруеце расповеды пра сваю сям’ю, падзеліцеся сакрэтамі дабрабыту, узаемаразумення і, магчыма, нават запросіце ў госці. З радасцю прымем запрашэнне! Фота: БЕЛТА Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Наша чытачка Вольга Раманава прапануе вам рэцэпт дранікаў |
|