ІХ НАРЭШЦЕ ВІТАЕ ЗЯМЛЯ!..
19.03.2013
—
Новости Общества
|
Экіпаж транспартнага пілатуемага карабля "Саюз ТМА-06М" у складзе камандзіра, трэцяга беларускага касманаўта Алега Навіцкага (Раскосмас), бортінжынераў Яўгена Тарэлкіна (Раскосмас) і Кевіна Форда (НАСА) паспяхова вярнуўся на Зямлю. ...Мы з нецярплівасцю чакалі гэтага дня — 15 сакавіка, на які было прызначана іх прызямленне. Зазначу, што загадзя афіцыйнай інфармацыі да гэтай падзеі з'яўлялася ў сеціве не шмат. Але што-нішто падалося цікавым. Напрыклад, паведамленні карэспандэнтаў ІТАР-ТАСС са спасылкай на прэс-службу Цэнтральнай ваеннай акругі, з якіх я даведалася: у аперацыі па эвакуацыі экіпажа касмічнага карабля "Саюз ТМА-06М" з казахстанскага стэпу мяркуецца задзейнічаць больш за 250 вайскоўцаў, 14 верталётаў Мі-8, 4 самалёты Ан-26 і 6 спецыялізаваных пошукава-выратавальных машын. Асобна паведамлялася, што ўдзел у пошукава-выратавальным забеспячэнні прызямлення спускальнага апарата павінны ўзяць... тры жанчыны-парашутысткі — Юнона Сачава, Ганна Канарская і Галіна Паўлава. Яны — вайскоўцы па кантракце, малодшыя сяржанты. Як паведаміў карэспандэнту ІТАР-ТАСС начальнік пошукава-выратавальнай і парашутна-дэсантнай службы другога камандавання Ваенна-паветраных сіл і супрацьпаветранай абароны Цэнтральнай ваеннай акругі Рыгор Мелехаў, "спуск капсулы займае 10-12 хвілін. Да вышыні 3,5 кіламетра яе "вядуць" самалёты, а затым суправаджаюць верталёты. Дзякуючы сучасным сродкам сувязі месца прызямлення капсулы разлічваецца з высокай дакладнасцю. Памылка можа быць у 200-300 метраў. Пры пазаштатнай сітуацыі радыус пошуку пашыраецца да 450 кіламетраў".
...Дзень напярэдадні меркаванага прызямлення Алега Навіцкага з калегамі прынёс абсалютна нечаканую інфармацыю: іх пасадку могуць перанесці на суткі, бо ў разліковым раёне Казахстана — складаныя ўмовы надвор'я. Гэта, паводле паведамленняў інфармацыйных агенцтваў, — 100-працэнтная вільготнасць, тэмпература паветра — 0 градусаў Цэльсія, дождж, які не спыняецца і не замярзае, хуткасць ветру 5-7 метраў у секунду. Усё разам, вядома, ускладняе работу авіяцыі. Але 14 сакавіка канчатковае рашэнне не прымалася, на Зямлі праводзіліся ўсе штатныя аперацыі. Усе рыхтаваліся да сустрэчы экіпажа. Паставіўшы будзільнік на ранні пад'ём, а дзясятай гадзіне вечара дасылаю паведамленне ў сацыяльнай сетцы жонцы Алега Юліі: "Што чуваць? Адкладваецца прызямленне ці не?" Яе адказ — рашэнне будзе прымаць камісія пасля апоўначы па маскоўскім часе. Прашу напісаць пра яго мне і кладуся спаць. Раніцаю кідаюся да камп'ютара, уключаю і... чытаю паведамленне ад Юліі Навіцкай: "Пасадка адкладзена на суткі". Сапраўды, космас чалавек скарыў, а вось над надвор'ем — не ўладар. Не можа яго змяніць па ўласным жаданні. Зрэшты, у гэтым пераканаліся не толькі касманаўты і іх родныя, але і мы, жыхары Чэрвеня Мінскай вобласці, толькі крыху па іншай прычыне. Так. Цыклон Хаўер. І гэтым, здаецца, сказана ўсё. Тое, што ён тварыў у пятніцу, немагчыма апісаць словамі. Думкі былі скіраваны толькі на жахлівае надвор'е. У тым ліку і на тое, як дабрысці дадому па калена ў снезе па замеценых (дзесьці — амаль упоравень з плотам) тратуарах. Давялося пахвалявацца і за малодшую пляменніцу, якая ажно да 23 гадзін знаходзілася ў машыне, што стаяла спачатку каля Мінска, а потым і ў Мінску ў страшэнных пробках (вярталася з Нясвіжа — з урачыстага ўручэння пашпартоў у Дзень Канстытуцыі, у сталіцы павінна была пераначаваць)... Таму доўгія для касманаўтаў "лішнія" суткі для нас былі запоўнены трывогай за блізкіх, знаёмых і зусім незнаёмых — за ўсіх, хто апынуўся ў снежным палоне, пра што аператыўна паведамлялася ў сеціве... Так неўпрыкмет надышла і раніца суботы, 16 сакавіка. Да прамой трансляцыі спуску падключаюся ў 5.30. Даведваюся, што прыкладна ў 23.32 па беларускім часе зачынілі пераходныя люкі паміж караблём "Саюз ТМА-06М" і Міжнароднай касмічнай станцыяй, у 2.43 ночы адбылася адстыкоўка. І амаль тры гадзіны спускальны апарат быў у вольным палёце. На пачатку шостай спрацавалі тармазныя ўстаноўкі. Планава ад карабля аддзяліліся бытавы і прыборна-агрэгатны адсекі. Спускальны апарат увайшоў у шчыльныя слаі атмасферы. ...Надыходзіць самы складаны этап для экіпажа. Яны адчуваюць вялізныя перагрузкі (у чатыры ўласныя вагі), а вакол спускальнай капсулы ўтвараецца плазма тэмпературай да дзвюх тысяч градусаў! Менавіта на гэтым этапе губляецца сувязь з Зямлёй. Таму мы адчувалі сябе ніякавата, калі некалькі разоў запар гучалі выклікі "Казбекі" — ЦУПу Масквы...", а ў адказ... цішыня. Шчыра скажу: было даволі страшна. Хвіліны, хвіліны, хвіліны чакання... Яны, здавалася, цягнуліся і цягнуліся. У 5.52, калі капсула прайшла плазму, над ёй раскрыўся выцяжны парашут, а затым — і асноўны. Адлік заканчваецца. 6 гадзін 06 хвілін па беларускім часе. Абнуленне. Цішыня. І, нарэшце, такі чаканы надпіс на вялікім экране Цэнтра кіравання палётамі: "Ёсць пасадка!". Там — апладысменты родных, блізкіх, гасцей, карэспандэнтаў. Ну, а нам каля манітораў можна выдыхнуць... Крыху цярпення — і вось мы ўжо назіраем, як да капсулы, якая стаіць на днішчы (а па словах спецыялістаў — на ім ляжыць), набліжаюцца выратавальнікі, ставяць над ёй зборную канструкцыю і пачынаюць адчыняць люк, а затым — падымаць адтуль экіпаж. І калі першы касманаўт паварочваецца тварам на камеру, бачу фірменную ўсмешку Алега Навіцкага. Жывы!!! Ад пачуцця палёгкі проста плачу... Яго ўсаджваюць у спецыяльнае крэсла, ухутваюць. У месцы прызямлення, за некалькі дзясяткаў кіламетраў на паўночны ўсход ад казахстанскага горада Аркалык, па словах карэспандэнта, — мінус 7 і... туман, які, на шчасце, не вельмі замінаў знаходжанню капсулы выратавальнікамі. Праз некалькі хвілін з двух бакоў ад Алега размяшчаюць Кевіна Форда і Яўгена Тарэлкіна, у якога з твару не сыходзіць усмешка. Бадзёрацца, стараюцца ўсміхацца і Алег з Кевінам, што імкнуцца "занатаваць" фатографы. Неабходныя медыцынскія замеры, зусім кароткая фотасесія... Чую, як карэспандэнт прапаноўвае: "Зараз у Цэнтры кіравання палётамі ў прамым эфіры вас бачаць родныя. Скажыце пару слоў, каб яны пачулі..." — "Усё цудоўна! Гарым жаданнем паўтарыць!" — бадзёра вымаўляе Алег Навіцкі. Літаральна пасля гэтага экіпаж на крэслах нясуць у спецтэхніку. Далей па плане — эвакуацыя са стэпу. Дасылаю віншавальнае SMS Юліі Навіцкай — і атрымліваю ў адказ: "Дзякуй!". Праз некалькі гадзін тэлефаную маме Алега Валянціне Эдуардаўне, таксама сардэчна віншую, пытаюся пра адчуванні. Яна не ўтойвае сваёй радасці. Па прапанове стрыечнага брата Алега Ігара Навіцкага яна ўсю ноч назірала за важным этапам у жыцці свайго старэйшага сына. Бачыла ўсё — ад пераходу экіпажа ў карабель і закрыцця люкаў, што аддзяляюць яго ад МКС, да самога прызямлення. Сказала, што вельмі задаволена гэтым. І, вядома, крыху супакоілася. Пасля заканчэння каранціну для касманаўтаў (а можа, нават і раней, калі не вытрывае доўгага чакання) Валянціна Эдуардаўна паедзе да Алега. І, нарэшце, зможа абняць яго — пасля некалькіх месяцаў стасункаў толькі па тэлефоне ды на трох прыватных сеансах сувязі ў падмаскоўным Каралёве. Гляджу ў запісе каментарый спецыялістаў. Кіраўнік Федэральнага касмічнага агенцтва Уладзімір Папоўкін заўважае: — Усё ў гэтым палёце было штатна. Двое касманаўтаў з экіпажа ўвогуле першы раз ляцелі (Алег Навіцкі і Яўген Тарэлкін. — С.А.). Але ўнутраная аўра ў іх такая... Гэта сапраўды дружная каманда. Вы бачылі, з якім задавальненнем яны вярнуліся і колькі жыццёвай энергіі ў кожнага з іх. Я думаю, іх яшчэ чакае вялікая будучыня — касмічная! ...Наступныя чаканыя кадры — прызямленне экіпажа на аэрадроме Чкалаўскі і іх сустрэча з роднымі і блізкімі. Знайшоўшы не надта выразны сюжэт у інтэрнэце, гляджу больш поўны ўвечары ў беларускіх навінах. Назіраю, як Алегу Навіцкаму з самалёта (спецборт з Казахстана!) дапамагае спускацца, моцна трымаючы пад руку, Генадзь Падалка — камандзір экіпажа, якога дубліраваў Алег Навіцкі. І бачу, як майму аднакласніку ніякавата пакуль адчуваць на сабе зямную гравітацыю. Таму ізноў не магу стрымаць слёз — другі раз за дзень. Думаю, жанчыне гэта даравальна... ...Напісаўшы Алегу некалькі SMS, рызыкую патэлефанаваць у нядзелю ўвечары. Не для эксклюзіўнага інтэрв'ю, вядома. Для мяне больш важныя сяброўскія стасункі. Няхай мой аднакласнік набіраецца сіл. Проста вельмі захацелася пачуць яго голас, пераканацца ў тым, што ўсё ў адносным парадку. І як гэта прыемна, што ён такі бадзёры! Не ўтойваю радасных эмоцый! Як сапраўдны мужчына — мужны, стойкі і трывалы — Алег практычна на ўсе мае пытанні адказвае: "Нармальна!" Нармальнае самаадчуванне (як добра, што спецыялісты даўно ўжо адпрацавалі сістэму рэабілітацыі і дакладна могуць сказаць касманаўтам, што менавіта і колькі па часе яны будуць адчуваць!), больш-менш нармальна адпачылі ў першую ноч на Зямлі. Рэжым, зразумела, пасцельны (ці, як сказаў Алег, — ляжачы). Размову перапыняе званок яму ад доктара. Таропка жадаю хутчэйшага аднаўлення, моцнага здароўя і развітваюся... Яшчэ пагаворым, і не раз. Наперадзе ў Алега Навіцкага і Яўгена Тарэлкіна (іх калега амерыканец Кевін Форд паляцеў у Х'юстан) — доўгі перыяд пасляпалётнай рэабілітацыі. Спачатку — у Зорным гарадку, потым — у санаторыі. Шчыра жадаем нашаму трэцяму беларускаму касманаўту і яго экіпажу хутчэйшай адаптацыі да зямных рэалій, упэўненага адчування зямлі пад нагамі і, безумоўна, моцнага здароўя, радасці і гонару за зробленае, бадзёрасці, мужнасці і ўдачы. А мы, у сваю чаргу, вельмі ганарымся табою, Алег, і чакаем у Чэрвені! Святлана АДАМОВІЧ. Фота з сайта Цэнтра кіравання палётамі і інфармацыйных агенцтваў Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Экіпаж транспартнага пілатуемага карабля "Саюз ТМА-06М" у складзе камандзіра, трэцяга беларускага касманаўта Алега Навіцкага (Раскосмас), бортінжынераў... |
|