У Мінску вызначылі лепшых жанчын краіны
19.03.2013
—
Новости Общества
|
Ужо ў пяты раз у Беларусі прайшоў конкурс "Жанчына года". Яго мэта — ацэнка ролі жанчын у развіцці сучаснага грамадства. Ідэя правядзення належыць Беларускаму саюзу жанчын, прычым яна атрымала падтрымку і Прэзідэнта краіны. Сёлета лепшых прадстаўніц прыгожага полу спецыяльнае журы выбірала ў 11 намінацыях. А ўрачыстая цырымонія ўзнагароджвання адбылася ў "Мінск-Арэне". — Беларускі саюз жанчын аб'ядноўвае 192 тысячы ўдзельніц. Але да рэспубліканскага этапу конкурсу дабралася толькі 61 з іх, прайшоўшы праз раённы, гарадскі і абласны этапы, — паведаміла старшыня гэтай арганізацыі Надзея Ермакова. — Адбор вёўся па трох крытэрыях. Канкурсанты павінны дасягнуць пэўных вышынь у грамадскім жыцці і прафесійнай дзейнасці. І, вядома ж, мець шчаслівую сям'ю. І толькі лепшых з лепшых чакалі галоўныя ўзнагароды пераможцаў конкурсу — хрустальныя статуэткі, а таксама падарункі. ![]() У намінацыі «За ўдалы дэбют у бізнэсе» ўзнагароду атрымала Вольга Авер’янава. Цяжка знайсці той бок паўсядзённага жыцця, дзе б не вызначыліся нашы жанчыны. Гэта і кіраўніцтва працоўнымі калектывамі, і грамадская дзейнасць, і дабрачыннасць, і паспяховы дэбют у бізнэсе... Але самая незвычайная намінацыя — "Жанчына-легенда". — Сёлета былі абраны адразу чатыры пераможцы ў вышэйзгаданай намінацыі. Гэта жанчыны, якія прайшлі доўгі працоўны шлях і якіх сёння ведаюць ва ўсёй краіне, — лічыць сустаршыня Беларускага саюза жанчын Антаніна Морава. — Таму было б не зусім карэктна дзяліць такія заслугі на нейкія асобныя часткі. Таму і з'явіліся адразу чатыры намінанткі. Адной з пераможцаў стала народная артыстка Беларусі Таццяна Мархель. Зараз яна працуе вядучым майстарам сцэны ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі. Мяркуе, што лянота для жанчыны — найгоршы вораг: — Шмат розных людзей сустрэла я на сваім акцёрскім вяку. І зрабіла для сябе выснову, што дзяўчына, якая не працуе над сабой і паблажліва адносіцца да сям'і, губляе сваю жаноцкасць, — сказала народная артыстка. Пачэсным званнем "Легенды" таксама былі ўдастоены старшыня Праўлення Мінскай гарадской арганізацыі грамадскага аб'яднання "Беларускае таварыства інвалідаў" Людміла Калмыкова і дырэктар — мастацкі кіраўнік дзяржаўнай установы культуры "Ансамбль танца, музыкі і песні "Белыя росы", заслужаная артыстка краіны Вера Чычына. У гэтай намінацыі адзначылі і намесніка генеральнага дырэктара па развіцці магілёўскага адкрытага акцыянернага таварыства "Стужка" Ніну Пятрову. Самай мужнай жанчынай Беларусі журы абрала оперупаўнаважанага аддзялення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі ўпраўлення ўнутраных спраў Бабруйскага гарвыканкама Алену Ладзееву. Грамадскай дзейнасцю асабліва вызначылася старшыня прафкама ўнітарнага прадпрыемства "Віцебскаблгаз" Фрыда Талан. Між іншым, пераможцу ў гэтай намінацыі журы давялося выбіраць ажно з сямі кандыдатур. Выхавацель дзіцячага дома сямейнага тыпу Першамайскага раёна Бабруйска Наталля Салодкая была прызнана лепшай у сваёй дабрачыннай дзейнасці. Жанчынай, найбольш адданай сваёй прафесіі, стала дырэктар сталічнай дзіцячай музычнай школы мастацтваў №10 імя Яўгена Глебава, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Тамара Куніцкая. А найбольшы ўклад у духоўнае адраджэнне нацыі, на думку журы, зрабіла мастацкі кіраўнік Нацыянальнага цэнтра музычнага мастацтва імя Уладзіміра Мулявіна, заслужаны дзеяч культуры краіны Святлана Стацэнка. Сярод жанчын, намінаваных па адзінаццаці катэгорыях, можна было сустрэць не толькі дзеячаў культуры, але і прадстаўнікоў улады, кіраўнікоў арганізацый, прадпрымальнікаў, вучоных. Усе яны, нягледзячы на занятае ў гэтым конкурсе выніковае месца, паспяхова нясуць высокую працоўную і духоўную місію на карысць свайго народа, сваёй Айчыны. Валяр'ян ШКЛЕННІК Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ужо ў пяты раз у Беларусі прайшоў конкурс "Жанчына года". Яго мэта — ацэнка ролі жанчын у развіцці сучаснага грамадства. Ідэя правядзення належыць Беларускаму... |
|