"Мы можам з сябе пасмяяцца...". 21.by

"Мы можам з сябе пасмяяцца..."

03.04.2013 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Вы помніце, вы ўсё, магчыма, помніце...

У тым ліку — здымак у газеце "Звязда" (тры кабеты на гармаце), да якога чытачы з такім імпэтам прыдумвалі подпісы... У пераможцы выйшла тады спадарыня Тамара Века з вёскі Малыя Аўцюкі, што на Калінкавіччыне, з радкамі:

Тры кабеты ў задуменні —

Вырашаецца задача:

Ці з гарматы біць па цэнах,

Ці цягнуць у лом — на здачу.

А яшчэ не так даўно быў здымак мужыка ў "адным ручніку", якога жонка гнала па снезе, двух мужыкоў з гарбузом, злодзея, што лез у акно кватэры, сабакі, якога з будкі выгнала курыца, нявесты...

Зрэшты, выстава "Першакрасавіцкі мікс", адкрытая, як і належыць, 1 красавіка пры падтрымцы (і ў будынку) Міністэрства інфармацыі, дае падставы не столькі азірацца на тое, што змешчана і зроблена, колькі на тое, што яшчэ будзе, бо, як высветлілася, вартых смеху здымкаў у фотакарэспандэнта "Звязды" Анатоля Клешчука больш чым дастаткова.

— Для мне запрашэнне на гэтую выставу было досыць нечаканым, — прызнаўся наш фотакарэспандэнт (ён жа — аўтар і ўдзельнік шматлікіх персанальных і калектыўных фотавыстаў у Беларусі і за яе межамі, лаўрэат Нацыянальнага конкурсу "Мастацтва кнігі", аўтар і сааўтар некалькіх фотаальбомаў). — Падчас журналісцкай працы, звязанай з камандзіроўкамі ды раз'ездамі, у аб'ектыў, вядома ж, траплялася і нешта смешнае. Я здымаў і потым, шчыра кажучы, не заўсёды ведаў, дзе той ці іншы здымак можа спатрэбіцца... Многае ўдалося "выцягнуць" на свет дзякуючы рубрыцы "Хто каго?". А шмат што "ўсплыло", так бы мовіць, падчас "ператрусу", які ўчынілі вожыкаўцы.


Так, выстава "Першакрасавіцкі мікс" — гэта сумесны праект газеты "Звязда" і часопіса "Вожык", сярод аўтараў якога вядомыя мастакі-карыкатурысты: заслужаны дзеяч мастацтваў БССР Сяргей Волкаў, Мікола Гіргель (газета "Рэспубліка"), Алег Карповіч ("Советская Белоруссия"), Алег Папоў ("Народная газета"), Аляксандр Каршакевіч, Аркадзь Гурскі, Алег Гуцол, Пётр Козіч, Вікенцій Пузанкевіч, Уладзімір Чуглазаў, Міхась Даніленка, Павел Гарадцоў і многія іншыя.

— За межамі без карыкатуры не абыходзіцца ніводзін часопіс, — падкрэсліў ці не самы старэйшы з прысутных майстроў — спадар Сяргей Волкаў. — А між тым, гэтаму мастацтву, мастацтву карыкатуры, навучыцца нельга: такім мастаком можна толькі нарадзіцца. У нас, у Беларусі, ёсць таленты, і дзякуючы ім "Вожык", з'явіўшыся на свет у 1941 годзе, не толькі дагэтуль жыве — у адрозненне ад таго ж "Крокодила", — але і мае вялікі патэнцыял...

Мастак узгадаў свой даўні малюнак нядбайніцы сакратаркі, на стале ў якой некалі была пішучая машынка, тэлефон з круглым дыскам, плойка для завівання валасоў... Тэхніка зрабіла вялікі крок наперад, але ж засталіся вельмі многія з'явы. Ну вось да прыкладу: на малюнку (мастак Мікола Гіргель) пакупнік, які пытае ў краме: "У вас ёсць каўбаса без сала?". І чуе ў адказ: "У нас ёсць каўбаса без мяса". Альбо — цёмная постаць жанчыны... з качалкай у праёме акна. Гэта жонка (паводле Аляксандра Пятрова) чакае свайго чалавека...

А колькі новых тэм падказала жыццё! Лыжнік на чарговым малюнку таго ж Аляксандра Пятрова — на спіне лёгка чытаецца надпіс: "Прадаю бульбу" і нумар тэлефона. Альбо (мастак Уладзімір Чуглазаў) — два каты.... Адзін з іх — увесь забінтаваны. Знізу подпіс: "Ніколі не перабягай дарогу перад маршруткай". Ці вось яшчэ двое (мастак Міхась Даніленка): "Чаго равеш? — пытаецца мужык у жонкі. "Мыла ў вочы трапіла" — на экране тэлевізара серыя таго мыла... 279.

Сышліся малюнкі на выставе. Адпаведна, на адкрыццё яе, што не часта бывае, сышліся мастакі, паэты-гумарысты, пісьменнікі. Так што гумару было шмат — у гэтай зале.

А бліжэй да вечара (дзень смеху — гэта ж свята!) расчыніла дзверы яшчэ адна — у Цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, куды, зноў жа па традыцыі, прыехалі найлепшыя калектывы гумарыстаў з вёсак Дубіна Валожынскага і Баянічы Любанскага раёнаў... А таксама — вясёлыя аўцюкоўцы. Як і варта было чакаць, навезлі яны "сала, што ўчора са свінні звісала", пірагоў, агурочкаў, грыбочкаў і іншай смакаты, а ўжо музыкі, прыпевак, анекдотаў... Тут і цяпер — хіба што жменьку.

"Учора вадзіў цешчу ў заапарк". — "І што?" — "Не прынялі" — "От і ў мяне такая ж бяда!"...

"Як цябе завуць?"— "Іван". "А па бацьку?" "З такой зарплатай хутка і па імені зваць перастануць".

"Прыйшоў нейкі мужык і сказаў, што заб'е, калі буду хадзіць да ягонай жонкі". — "Дык ты б і не хадзіў"... — "А да каторай?!"

"Няма з кім выпіць". "Што — і люстэрка ўжо не хоча?"...

А потым і наогул цырк распачаўся: адна, досыць сур'ёзнага ўзросту аўцючка з двума клункамі цераз плячо, пераблытаўшы тэлестудыі, трапіла ў эфір праграмы "Пра гэта" — стала распавядаць пра сваю гаспадарку... Прычым так... Глядач, што называецца, пакаціўся... Ці нават лёг!

І гэта ж глядач, можна сказаць, падрыхтаваны: у зале былі заўважаны бацькі-заснавальнікі фестывалю народнага гумару, пісьменнікі Уладзімір Сцяпанавіч Ліпскі і Анатоль Іванавіч Бутэвіч, прафесары Міхась Паўлавіч Дрынеўскі і Пётр Адамавіч Гуд, паэты Уладзімір Ермалаеў і Мікола Шабовіч, украінскі бізнесмен і аўцюк па паходжанні Аляксандр Драгун, які пабудаваў у Аўцюках музей народнага гумару, і цяпер там можна не толькі добра пасмяяцца, але яшчэ і пад'есці...

— У агульнай вялікай палітры нашых фестываляў, — падкрэсліў напрыканцы сустрэчы намеснік міністра культуры краіны Тадэвуш Іванавіч Стружэцкі, — абавязкова павінен быць фестываль народнага гумару. Фестываль, які на адной вялікай сцэне будзе зноў і зноў збіраць найлепшых анекдотчыкаў, прыпевачнікаў, гарманістаў, які будзе паказваць свету, наколькі мы багаты народ — яшчэ і на гумар. Мы, беларусы, можам з сябе пасмяяцца — значыць, у нас ёсць будучыня.

"Смех — Божы дар" — яшчэ раз нагадаў пісьменнік Уладзімір Ліпскі. — Дык давайце ж ім карыстацца!

Хто б быў супраць, мы — ніколі!

Валянціна Доўнар.

Фота Анатоля Клешчука

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Вы помніце, вы ўсё, магчыма, помніце... У тым ліку — здымак у газеце "Звязда" (тры кабеты на гармаце), да якога чытачы з такім імпэтам прыдумвалі подпісы... У...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика