ЦІ ЛЮБІЦЕ ВЫ ПЕРАЧЫТВАЦЬ КНІГІ?
05.04.2013
—
Новости Общества
|
Вольга ДЗЕНІСЮК, урач анестэзіёлаг-рэаніматолаг рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра "Маці і дзіця":
— Перачытваць кнігі адназначна варта. Мяне перыядычна цягне гэта рабіць — у залежнасці ад настрою, жыццёвай сітуацыі або часовых інтарэсаў. Звычайна перачытванне кніг — гэта настальгія па тых пачуццях і эмоцыях, якія я перажывала, калі чытала твор упершыню. Аднак кніга набывае ўжо іншую афарбоўку, з'яўляецца нешта новае, і ўспрымаеш яе ўжо значна глыбей. Падлеткам я перачытвала казкі Андэрсена, потым, памятаю, — "Кансуэла" Жорж Санд, творы Жуля Верна, Рэмарка. Апошняе — "Ганна Карэніна", у сувязі з экранізацыяй гэтага рамана. Прычым ад кнігі я атрымала большае задавальненне. Але, калі шчыра казаць, я ўсё ж такі аддаю перавагу чаму-небудзь новаму. Сяргей ЗЕЛЯНКО, выкладчык Інстытута журналістыкі БДУ:— Так, я вельмі люблю перачытваць кнігі, але не маю на гэта часу. Зусім. Калі б быў час — абавязкова прачытаў бы раманы "Каласы пад сярпом тваім" Караткевіча, "Імя ружы" Умберта Эка і абавязкова Альбера Камю "Час чумы", каб пазнаць той сэнсавы пласт, які я не здолеў зразумець, калі быў студэнтам. Калі ўсе мае аднагрупнікі ўцямілі, што пацукі — гэта сімвал фашысцкай навалы, а я — не. Крытыкай я не карыстаўся, а таму проста "счытаў" сюжэт. А тое, што па-за тэкстам, да мяне не дайшло. Трэба расці над сабой, а таму, калі б хапала часу, я з задавальненнем перачытаў бы менавіта гэтыя кнігі. Калі лічыць слоўнікі за літаратуру — тады можна сказаць, што я іх перачытваю. Мне гэта даспадобы, таму што немагчыма ведаць сусвет, калі ты не ведаеш слова, яго ўвасабленне. І яшчэ дзіцячую літаратуру — сваёй дачушцы. Летам, напрыклад, разоў пятнаццаць "Канька-Гарбунка" Яршова. Аляксандра КОРХАВА, студэнтка ІІІ курса Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта:— Мне здаецца, яшчэ ні разу такога не было. Я часам перачытваю любімыя апавяданні, але яны звычайна зусім невялікія. Што тычыцца паўнавартасных кніг, мне можа ўспомніцца які-небудзь момант, і я спрабую знайсці яго ў кнізе, але ў мяне гэта рэдка атрымліваецца. Я вельмі павольна чытаю, і таму, пакуль я прачытаю адну кнігу, у мяне можа назапасіцца з дзясятак іншых, якія вельмі хацелася б прачытаць. Так што ў гэтым пытанні я імкнуся ісці наперад і толькі зрэдку азірацца на тое, што ўжо было. Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
— Перачытваць кнігі адназначна варта. Мяне перыядычна цягне гэта рабіць — у залежнасці ад настрою, жыццёвай сітуацыі або часовых інтарэсаў. Звычайна перачытванне...
|
|