Слабодскі салавей
13.06.2013
—
Новости Общества
|
Даяр са Шклоўшчыны спявае ў час працы і адпачынку Віктар Пятакоў кажа: «Колькі памятаю сябе, столькі з песняй і сябрую». — Калі яшчэ дашкалятамі збіраліся за нашай вёскай Слабодка, то я спяваў. Лічы, з паўвека — на «сцэне», — удакладніў ён. Так, спяваючы, з ранняга дзяцінства ўзяўся і за нялёгкую працу — дойку кароў. Спачатку маці на ферме дапамагаў. А ў сярэдзіне сямідзясятых гадоў мінулага стагоддзя яна пайшла на пенсію і сваю групу перадала сыну. Каровак, прызнаўся, глядзеў лепш, чым сябе. І саломкі своечасова пасцеліць, і пакорміць уволю. А калі даіў, то яшчэ і спяваў, бо душа патрабавала, а вольнага часу заставалася няшмат. — Аднойчы прыйшоў новы заатэхнік і вельмі здзівіўся такому канцэрту. Запытаў у даярак, ці не выпіў я, — успамінае Пятакоў. — Тыя толькі пасмяяліся — маўляў, цяпер на ферме заўсёды музыка. Знаходзіліся і такія, хто наогул пасмейваўся з таго, што мужчына жаночай справай займаецца. Ды Віктар на злыя языкі ўвагі не звяртаў, а знай сабе працаваў. І кароўкі — ці дзякуючы песні, ці добраму догляду — яго не падводзілі, малака давалі шмат. А выдатнага даяра ўзнагародзілі ордэнам Працоўнай Славы ІІІ ступені! Калі настаў час ісці ў армію, то і там служыў сумленна. «Прызвалі, — гаворыць, — у дваццать гадоў. Каб крыху раней, то ў Афганістан бы не патрапіў. Але ж лёс свой не абыдзеш». Пра тое, што давялося перажыць у час выканання інтэрнацыянальнага абавязку, Пятакоў расказвае не вельмі ахвотна. Напачатку — таму, что клятву даваў. Потым — проста не хацелася ўспамінаць пра вайну. Забыць жа тыя жахі дапамаглі самая мірная з прафесій і... песня. А яшчэ Любоў — менавіта так звалі дзяўчыну, з якой знайшоў сваё шчасце. Маладая жонка таксама прыйшла працаваць на ферму прадпрыемства «ААБ Гарадзец». Так і сапернічалі адно з адным: калі Віктар займаў першае месца ў спаборніцтве, то яго палавінцы даставалася другое. Але галоўным у іх жыцці было каханне. Пятаковы вырасцілі пяцярых дачок, чатырох ужо аддалі замуж. Галоўным спеваком на вяселлях быў, зразумела, бацька. — Сватам вельмі падабаюцца мой голас і мае песні, — расказаў Віктар Аляксеевіч. Пятакоў — жаданы госць і на другіх сялянскіх пагулянках. Мо, дзе-небудзь у пашане запісаныя на дыск песні Стаса Міхайлава ці Веркі Сярдзючкі, а жыхарам Слабодкі падабаюцца жывы меладычны голас земляка і народныя песні ў яго выкананні. Да таго ж мясцовы артыст цану не набівае, у просьбах людзям не адмаўляе. А нядаўна адкрыў у сабе і новы талент — пачаў частушкі складаць. У іх прызнаўся: «А мне мама гаварыла, каб Радзіму я любіў. І Радзіму я люблю — сорак год кароў даю!» Другі куплет прысвечаны, вядома, Любові, якую, адзначыў Віктар Аляксеевіч, ён не заменіць нават на «горы залатыя»! Песні і прыпеўкі Пятакова спачатку разляцеліся па шклоўскай зямлі. Потым — па ўсёй Магілёўшчыне: даяра пачалі запрашаць на абласныя агляды-конкурсы народных талентаў, іншыя канцэрты. У мінулым годзе спяваў нават на рэспубліканскіх «Дажынках» у Горках, і аказалася, што прыхільнікаў яго творчасці куды больш, чым можна было падумаць! У чым сакрэт такога прызнання таленту селяніна? Вядома, у яго шчырасці і адкрытасці. Светлых адносінах да людзей. І — апантанасці да песні, якую ён нясе праз усё жыццё. На жаль, праз газетныя радкі нельга перадаць прыцягальнасць яго голасу. Але ў век Інтэрнэту гэта выправіць вельмі лёгка. Трэба толькі задаць імя і прозвішча слабодскага салаўя і можна цешыцца народнымі мелодыямі ў выкананні Віктара Пятакова. Бо ён сёння ў дадатак да ўсяго — зорка глабальнай сеткі. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Даяр са Шклоўскага раёна спявае ў час працы і адпачынку |
|