Шлях пілігрымаў
09.07.2013
—
Новости Общества
|
Карэспандэнт “НГ” паспрабавала зразумець, чым прыцягвае людзей Будслаўская святыня, прайшоўшы з вернікамі за некалькі дзён не адзін дзясятак кіламетраў Больш за 40 тысяч чалавек прынялі ўдзел ва ўрачыстасцях, прысвечаных 400-годдзю з’яўлення цудатворнага абраза Маці Божай у Будславе. З іх амаль чатыры тысячы пілігрымаў прыйшлі пешшу з ўсіх куткоў Беларусі. Самаму малому ўдзельніку — год і месяц Карэспандэнт “Народнай газеты” рушыла ў пешы шлях ад Жодзіна да Будслава разам з пілігрымкай айцоў марыянаў пад кіраўніцтвам ксяндза-пробашча парафіі ў Жодзіна Міхаіла Цвячкоўскага. Пілігрымка з Жодзіна не была ні самай працяглай, ні самай вялікай. У ёй удзельнічалі прыкладна 150—170 чалавек. Шлях да санктуарыя мы адолелі за чатыры дні. Акрамя вернікаў з Жодзінскай парафіі рушылі некаторыя пілігрымы з Крупак, Барысава, Гродна, Наваполацка, Ліды, Мінска і Оршы. Самаму малому ўдзельніку ў нашай вандроўцы толькі споўніўся год і месяц, а старэйшаму — 65 гадоў. Самая працяглая пілігрымка, як даведаліся ў дарозе, рушыла з Баранавічаў. Яна ішла дзевяць дзён і налічвала 400 чалавек не толькі з саміх Баранавічаў, але яшчэ з Брэста (раней самыя трывалыя вернікі выходзілі ў Будслаў з гэтага горада), Пінска, Ліды, Івянца. Самая вялікая пілігрымка адпраўлялася з Маладзечна. Яна ішла чатыры дні і налічвала 405 чалавек. Прычым гэта былі не толькі беларусы, але і шматлікія паломнікі з Расіі і Украіны. Разам з пілігрымкай, што сабралася ў сталіцы, прыбылі ў Будслаў вернікі з Італіі. Былі сярод пілігрымаў і “нетыповыя”: на роварах (яны прыехалі з Барысава і Мінска) і на матацыклах (гэтак да Будслава дабіраліся пяць байкераў з Польшчы). А 46 чалавек, што ішлі ад Чырвонага касцёла ў Мінску, спажывалі ў дарозе толькі хлеб і ваду — гэта была так званая посная пілігрымка, якая лічыцца самай цяжкай. Кожны дзень на шляху да Будслава пачынаўся са святой імшы ў сем гадзін раніцы. У восем пачыналі вандроўку. Да наступнага начлегу дабіраліся звычайна ў восем гадзін вечара. Кожныя дзве гадзіны — перапынак, раз на дзень — абед. А ў астатні час — гарачы асфальт пад нагамі, пякучае сонейка над галавой, смага, мазалі і... песні. Спявалі пад гітару, славілі Бога ў вясёлых песнях, якія нават можна было замовіць на імправізаваным “Радыё пілігрым”. Што за песні? Напрыклад, “ Mama Maria “ — з іншымі словамі і, безумоўна, па-беларуску. Былі таксама і спеўныя малітвы. Апрача таго, “Радыё пілігрым” мела рубрыку “Сустрэча з цікавай асобай”, дзе некаторыя з вернікаў, сясцёр законных і святароў расказвалі, як яны прыйшлі да веры. Дзякуючы падобным гісторыям прасцей зразумець, чаму людзі накіроўваюцца ў нялёгкі шлях да святыні. Валерый СТАНЬЧЫК, 51 год, Жодзіна, чацвёртая пілігрымка: — Іду да Будслава кожны раз, калі ёсць магчымасць, і планую гэта загадзя. Таму што, вяртаючыся дахаты, я ўжо ведаю, што ў наступным годзе адпраўлюся туды зноў. Калі я першы раз прыйшоў з Будслава, гэта былі такія ўражанні!.. Мора слёз, акіян радасці! І таму, каб перажыць яшчэ і яшчэ ўсе гэтыя пачуцці, я заўсёды іду ў Будслаў. Насця, 16 год, Барысаў, другая пілігрымка: — У пілігрымцы адчуваеш сябе па-іншаму. Няхай табе цяжка, ногі баляць, але ты шчаслівы, бо побач з табою людзі, якія цябе разумеюць і падтрымліваюць. Ты набліжаешся да Бога, і калі просіш Яго аб нечым, — верыш, што Ён абавязкова пачуе твае малітвы. Ала ГАЙСЁНАК, Крупкі, чацвёртая пілігрымка: — Упершыню я адправілася пешшу ў Будслаў з цікаўнасці — ішлі іншыя вернікі з маёй парафіі і мне захацелася паспрабаваць. Але аднойчы адчуўшы прахалоду Будслаўскіх муроў, я ўжо не магу не ісці да іх зноў. Гэтая прахалода быццам дотык Маці Божай падтрымлівае мяне, дае сілы перажываць любыя нягоды ў штодзённым жыцці. Хадакоў на начлег прымалі з радасцю Сапраўды, і ў Будславе, і ў самой пілігрымцы пануе незвычайная атмасфера. Быццам вяртаешся ў дзяцінства, калі здавалася, што ўсе людзі вакол спагадлівыя, адкрытыя, гатовыя дапамагчы. Так яно і ёсць насамрэч. Няма саперніцтва, бо ва ўсіх адна мэта — пакланіцца Маці Божай Будслаўскай, якая з радасцю, як родных, прымае ўсіх вернікаў, што да яе імкнуцца. Пілігрымы ўсміхаюцца нават тады, калі ўжо шэсць гадзін крочаць пад гарачым сонцам, калі кожны рух адклікаецца болем у нагах. Яны дзеляцца вадой, лякарствам, ежай. Яны вітаюць тых, каго сустракаюць па дарозе. Пілігрымы нясуць вестку пра дабро, цярплівасць і веру. Мы спыняліся на начлег у Лагойску, вёсках Акцябр і Даўгінава. У Лагойску парафіяне хуценька разабралі стомленых хадакоў па хатах — некаторым нават не хапіла пілігрымаў. Калі сардэчна прымаеш такога падарожніка, Бог абавязкова табе аддзячыць, — кажуць, такая прыкмета. — Я адчуваю, што калі мы дапамагаем іншым, атрымліваем падтрымку для нашай сям’і, для нашых дзяцей, — гаворыць Уладзімір Паплёўка з Лагойска. — Мы з жонкай Валянцінай даём прытулак пілігрымам кожны год. Ёсць нават знаёмыя людзі, якіх чакаем з асаблівай радасцю. Праўда, сёлета мы прымаем усяго 10 чалавек... “Усяго дзесяць чалавек! І кожнага накармілі і знайшлі ложак, дзе можна з камфортам адпачыць, — прыйшлося адвезці хлопцаў у суседнюю вёску, а раніцай забраць да імшы ў сем гадзін. На другі дзень у вёсцы Корань, што непадалёк ад Лагойска, нас накармілі абедам мясцовыя жанчыны. І гэта не адзінае месца, дзе нас чакаў пачастунак. Калі не стол, то сцюдзёная вада ці бярозавы сок. І нават Маці Божая Будслаўская сустрэла пілігрымаў падарункам — дажджом і прахалодай пасля доўгага шляху пад пякучым сонцам...
Новы змест У апошні дзень урачыстасцей, 6 ліпеня, Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Беларусі Леанід Гуляка агучыў віншаванне ад імя Прэзідэнта Беларусі. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Маці Божая Будслаўская “нясе спрадвечную праўду дабрыні, міласэрнасці і любові, дапамагае аб’яднаць прадстаўнікоў розных пакаленняў, моладзь і дарослых, будучыню і мінулае, каб узбагачаць новым зместам сучаснасць”. Дзяржаўныя ўлады шмат зрабілі для арганізацыі мерапрыемства. Мінскі абласны выканаўчы камітэт у 2011—2012 гадах выдаткаваў амаль мільярд рублёў на рамонт Будслаўскага касцёла і тэрыторыі каля яго. Быў арганізаваны палявы лагер, дзяжурыла міліцыя, “хуткая дапамога”, МНС. Нацыянальны банк Беларусі 12 чэрвеня ўвядзе ў абарот памятныя манеты “400 гадоў прабывання цудатворнага абраза Маці Божай у Будславе”: срэбную і медна-нікелевую. Таксама 6 ліпеня адбылося ўрачыстае гашэнне паштовай маркі ў гонар юбілею. ...Цяпер, калі свята скончылася, для тых, хто ішоў да яго, галоўнае — захаваць свята веры ў сваёй душы. Застацца такімі ж спагадлівымі, мужнымі і адкрытымі, якімі яны былі напрацягу свайго цяжкага шляху да Маці Божай. Гэта не так проста, але сапраўдны хрысціянін ніколі не застанецца без падтрымкі. Бо на Беларусі Бог жыве. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Карэспандэнт “НГ” паспрабавала зразумець, чым прыцягвае людзей Будслаўская святыня, прайшоўшы з вернікамі за некалькі дзён не адзін дзясятак кіламетраў
|
|