Аўцюкоўскія прысмакі ад Калінкі
20.07.2013
—
Новости Общества
|
Кажуць, каб атрымаць уяўленне пра сутнасць гумару, трэба пабываць на Гомельшчыне, пад Калінкавічамі, у палескіх вёсках Малыя і Вялікія Аўцюкі. Чым той край Аўцюкоўскі славіцца, добра ведаюць землякі. Там жанчыны ўсе Калінкі, а мужчыны — Каласкі... Ну а каб даведацца пра любімыя стравы тамтэйшых гаспадынь, варта пазнаёміцца з Нінай ЛЕШЧАНКА, кіраўніком народнага тэатра гумару «Вясёлыя аўцюкоўцы». Сёння Ніна Васільеўна — госць нашай кулінарнай рубрыкі і ахвотна дзеліцца арыгінальнымі рэцэптамі. Кіслыя аладкі ад бабкі Агапкі Спатрэбіцца 0,5 літра цёплай вады, 20 г дражджэй, дробка цукру і мука — столькі, каб замясіць цеста, падобнае на смятану. Накрыем цеста сурвэткай і пакінем адстойвацца на суткі — суткі з паловай... Потым натром на дробнай тарцы 2—3 бульбіны, пасолім, дабавім крышку соды, змяшаем з цестам і пачнём пячы аладачкі. На стол такія аладкі лепш за ўсё падаваць са скваркамі. Вельмі смачна! Аўцюкоўскія балабэнікі Раскатайце дражджавое цеста і парэжце на квадрацікі. У кожны пакладзіце лыжку начынкі, прыгатаванай з 200 г тварагу, 2 яек, солі і цукру па смаку. Згарніце ражком і выпякайце. Да стала падавайце са смятанай. Сыроватка У літры малочнай сыроваткі зварыць 0,5 шклянкі прамытага проса. Дадаць крыху солі і цукру. Заправіць смятанай. Замест проса можна выкарыстоўваць рыс альбо грэчку. Аўцюкоўскі квас асабіста для вас Папярэдне замачыце на 4 гадзіны шклянку фасолі, а пасля змяшайце яе з 1,5 літра кіслага бярозавага соку. Дадайце 2 —3 сярэднія бульбіны, сушаныя грыбы, соль, перац і варыце на малым полымі. Пад канец варкі запраўце квасок кропам. Ужывайце халодным альбо гарачым. «Вып’еце гэтага кваску — і забудзеце пра таску», — упэўнена сцвярджае Ніна Лешчанка, якая ад усёй душы жадае чытачам газеты «Рэспубліка» не губляць пачуцця гумару і прапануе некалькі каларытных мясцовых жартаў: Каласок: — Каліначка, хутчэй збірайся, паедзем у Гомель на кірмаш. Калінка: — А што мне, Каласок, збірацца? Рот закрыла дый паехала… * * * Калінка: — Каласок, ты чуў, што мяне на кірмашы абазвалі дурніцаю? Каласок: — А я табе колькі разоў казаў: не хадзі туды, дзе цябе знаюць! Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Чатыры рэцэпты ад кіраўніка тэатра гумару «Вясёлыя аўцюкоўцы» |
|