Загадчык сельскага ДК ў Слуцкім раёне звольніўся, не вытрымаўшы ідэалагічнага ціску. 21.by

Загадчык сельскага ДК ў Слуцкім раёне звольніўся, не вытрымаўшы ідэалагічнага ціску

25.11.2013 19:58 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


Аляксандр Туміловіч, загадчык Дома культуры вёскі Казловічы, у якім вечарам 23 лістапада міліцыянты разагналі гледачоў фільма пра Слуцкі збройны чын, напісаў заяву пра звальненне.

"Не хачу пад такой ідэалогіяй працаваць,- кажа Аляксандр Туміловіч.- Я сам напісаў заяву. Ніхто мяне не звальняў. Калі людзям не дазваляюць сабрацца для нечага свайго, то не хачу!"

Здарэнне, якое адбылося ў суботу, стала для яго толькі штуршком, каб адважыцца на такі ўчынак.

"Кіраўніцтва яшчэ як было рада,- кажа Аляксандр Туміловіч.- Мяне з рэжысёраў здымалі, нават не пытаючыся ў мяне. Я быў рэжысёрам тэатра. Спэктакль мне забаранялі паказваць!"

Аляксандр тры гады ўзначальваў дом культуры вёскі Казловічы. Ягоны заробак складаў 2 мільёны 400 тысяч беларускіх рублёў.

"Вы ж разумееце, што мужчыну ў 42 гады немагчыма з такім заробкам без падпрацовак", - распавядае Аляксандр пра сваё жыцьцё.

Да таго яшчэ два гады працаваў у аддзеле культуры ў гарадзкім Доме культуры Слуцку.

Аляксандр кажа, што мае аўтарытэт і павагу з боку жыхароў і кіраўніцтва мясцовай гаспадаркі, дасягнуў поспехаў у працы. Ягоны спэктакль па п'есе Сяргея Кавалёва "Стомлены д'ябал" быў уганараваны гран-пры фэстывалю "Бярэзінская рампа".

"А ў Слуцку пасля фэстываля мне яго не дазволілі паказваць! Вы разумееце, што гэта такое? - усхвалявана пытаецца Аляксандр. - Калі забараняюць, значыць, ім ня хочацца. "Мудрамера", класыка беларускай драматургіі, я паказаў у 2012 годзе. І за яго мяне па поўнай праграме, як ката: "Ты ніхто, казалі!" Ну і вось так... А пасля "Стомленага д'ябла" гэта быў проста шок! Я прыяжджаю пасля фестываля, радасны, з узнагародамі, з велізарным дыпломам, які цяпер вісіць у кабінеце дырэктара Дома культуры, і на дзень тэатра хачу паказаць гэты спектакль, а мне кажуць: "Нет!"

З працай у культуры,- кажа Аляксандр,- давядзецца развітацца:

"Але я не перажываю,- працягвае ён.- Шмат каму з работнікаў культуры няма куды пайсьці. А я кіроўца першага клясу, у мяне ўсе катэгорыі. Я мэханік па аўтатранспарце. Маю вышэйшую адукацыю, хай сабе і тэатральную, што дазволіць мне дзе-нідзе ўладкавацца. Плюс таксістаў у нас ніхто не адмяняў!"

23 лістапада людзі сабраліся ў Доме культуры ў Казловічах на прагляд фільма пра Слуцкі збройны чын. Гэта выклікала ўвагу з боку мясцовай міліцыі.

Кіраўнік міліцыянтаў Дзмітры Шклярэўскі патлумачыў, што ў арганізатаркі імпрэзы Зінаіды Цімошак "няма санкцыі на сустрэчу".

Міліцыянты "больш за дзьве гадзіны вялі допыты, разбіўшыся на "тройкі" у 4-5 памяшканнях Дома культуры. Адны з іх стаялі пры дзвярах залі, каб суправаджаць на допыты і не даць нікому збегчы", паведаміла Зінаіда Цімошак Радыё Свабода.

Цімошак кажа, што супрацоўнікі МУС высвятлялі ў прысутных - а сярод іх было шмат людзей сталага веку - ці ёсць у гэтай сустрэчы палітычны аспэкт.

На імпрэзу Цімошак запрасіла менскага гісторыка Ніну Стужынскую.

Стужынская планавала паказаць фільм "40 дзён сялянскай рэспублікі". Стужынская спрычынілася да стварэння гэтага фільма, які ўжо быў паказаны ў эфіры АНТ.

"Сорамна за невуцтва ўладаў", - пракамэнтавала Стужынская дзеянні слуцкай міліцыі.

На Цімошак міліцыянты склалі пратакол паводле адміністрацыйнага артыкулу за "парушэнне парадку арганізацыі і правядзення сходаў". Яе папярэдзілі, што справа будзе перададзеная ў суд.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Гэта здарылася пасля таго, як у ягоным клубе міліцыя сарвала паказ фільма пра Слуцкі збройны чын.
 
 
Главные новости сегодня
 

Новости Вашего города
ТОП-новости Беларуси
Прислать новость
Лента новостей
РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика