Такое рашэнне прыняла адміністратыўная камісія Бярозаўскага райвыканкама. Раней гэтая камісія разглядала пратакол, складзены на Аліхвера, але той указаў на хібы ў ім, і дакумент адправілі на "работу над памылкамі".
Прынятае рашэнне ўладальнік вьетнамскіх свінак таксама лічыць памылковым:
"Я пакараны за тое, што тры месяцы таму назад запатрабаваў прад'явіць дакумент, на падставе якога павінен згарнуць свой бізнес. Дакумента не было. А калі ён 29 жніўня з'явіўся (пастанова ўрада аб мерах па барацьбе з афрыканскай чумой свіней, -Я.Б.), мясцовая ўлада, замест таго, каб забраць у мяне свіней на мяса, пачала помсціць".
З адказу, дасланага на імя Аліхвера з райвыканкама, вынікае, што афрыканскай чумы свіней у Бярозаўскім раёне няма.
"Дык на пачатку жніўня мне паказвалі мясцовае прадпісанне, не апублікаванае нідзе, што чума ёсць, і дабіваліся, каб даў згоду на забой свіней, - кажа Аляксандр. - А цяпер на падставе таго, што чумы няма, але трэба прафілактыка, адмаўляюцца рэзаць свіней - патрабуюць проста вывезці. У нікуды. Або спажыць уласнымі сіламі".
Нагадаем, Аляксандр Аліхвер каля месяца таму назад страціў права камерцыйнага продажу мяса: у яго забралі даведку аб тым, што ён мае прысядзібную гаспадарку, бо паводле цяперашніх законаў патрэбная рэгістрацыя па месцы яе вядзення (Аліхвер жыве ў Бярозе, а ў Сошыцу ездзіць, як на працу).
"Спажыць столькі свініны ні я, ні родзічы не можам. Але ёсць жа яшчэ парасяты: як прадаць, калі іх каля 70? І свінаматку прадаць цяжка. Таму жадаюць, напэўна, што здам свіней на завод SARIA, што займаецца ўтылізацыяй адходаў жывёлагадоўлі каля Бярозы, і пытанне будзе закрытае. Але яшчэ пазмагаемся", - паабяцаў прадпрымальны бярозаўчанін.
1 мільён 300 тысяч рублёў Аляксандр Аліхвер павінен заплаціць за тое, што не прыбраў свіней з пяцікіламетровай буфернай зоны вакол дзяржаўнай свінафермы.