"Занятак, падуладны толькі людзям цярплівым і ўседлівым". У Шарашова жыве майстар лазапляцення. 21.by

"Занятак, падуладны толькі людзям цярплівым і ўседлівым". У Шарашова жыве майстар лазапляцення

11.12.2013 13:18 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


Пра тое, што ў сям"і Хеншаляў ёсць майстар лазапляцення, можна здагадацца, яшчэ толькі пераступіўшы парог іхняй хаты. Утульнасці ўнутранаму ўбранню дома ў першую чаргу надаюць самабытныя вырабы: вышыўка, чучалы птушак. Але асабліва многа плеценых абажураў, кашолак, рамак для люстэркаў і фота, вазачак, пано - усё гэта вынік карпатлівай працы галавы сям"і

Лазапляценнем, як прызнаецца сам Валерый Станіслававіч, ён займаецца каля 15 гадоў. А пачынаў асвойваць справу па кніжках і часопісах.

- Усё жыццё працаваў пчаляром, - расказвае майстар, - і толькі тры гады давялося быць загадчыкам школьнай гаспадаркі. Але менавіта ў гэты перыяд па іроніі лёсу я атрымаў штуршок да занятку лазапляценнем: кіраўніцтва школы папрасіла на мітынг да 9 Мая знайсці кашолку для кветак. Вырашыў зрабіць яе сам. Праўда, як у прыказцы, першы блін выйшаў камяком. Каб людзі не засмяялі, кашолку тую спаліў.

Затым была другая, трэцяя… У выніку сёння Валерый Станіслававіч ужо і збіўся з ліку сваіх плеценых работ. Калі кашолкі толькі ўвайшлі ў моду, Хеншаль, які ўжо па-майстарску сплятаў лазу да лазы, толькі за адну зіму зрабіў іх амаль 20 штук.

Хочацца адзначыць, што лазапляценне - занятак, падуладны толькі людзям цярплівым і ўседлівым. Валерый Станіслававіч з веданнем расказвае пра нюансы. Нарыхтоўваць лазу, напрыклад, трэба позняй восенню - зімой, калі кусты ўжо скінулі лісце і яшчэ не пачаўся рух соку ў расліне: лаза вышэйшай якасці толькі з добра выспелай драўніны. Затым пруткі неабходна як след выварыць, пакуль не пачне злазіць кара. Са шматгадовым вопытам Хеншалем былі назапашаны і некаторыя хітрасці. Так, Валерый Станіслававіч раіць навічкам варыць лазу ў чыгуне пад гнётам - больш зручна: туды і пруткоў больш улазіць, і, дзякуючы круглай форме посуду, яны не "вылазяць". Затым вывараную і пакараваную лазу сартуюць і добра высушваюць. Дарэчы, для пляцення могуць аказацца прыдатнымі не ўсе пруткі: кожны неабходна праверыць на ломкасць.

- Каб лаза была аднаго гатунку, справа ішла б спарней, - гаворыць мужчына. - Я нават спрабаваў сам вырошчваць лазу, але, відаць, глеба не падышла: культура не стала развівацца і ў рэшце рэшт загінула.

У дзень, калі збіраешся сядаць за справу, лазу ізноў трэба добра намочваць, каб яна набыла неабходную гнуткасць. Яшчэ немалаважны нюанс, які і вылучае лазапляценне з ліку іншых майстэрстваў, - калі пачаў работу, яе трэба закончыць у той жа дзень. Таму іншы раз работу над сваімі вырабамі Валерый Станіслававіч заканчвае ў дзве-тры гадзіны ночы.

- Увогуле, не люблю плесці адное і тое ж. Куды больш цікавей рабіць адну рэч, але па-рознаму: калі гэта кашолкі, то, напрыклад, рознай формы, з загібкамі.

Між іншым, не магу не адзначыць, што Валерый Станіслававіч - чалавек з рознабаковымі захапленнямі. Пра адно з іх нескладана здагадацца, зайшоўшы на падворак і ўбачыўшы галубятню.

- Люблю разнастайнасць, таму ўсе пароды галубоў, што трымаю, толькі па пары, - паказвае пярнатых гадаванцаў мужчына.

А дзіцячае непадробнае захапленне прыгажосцю сіваваронак, якіх плойма гняздзілася непадалёку бацькоўскай хаты, з часам перарасло ва ўменне рабіць чучалы птушак. Сам Валерый Станіслававіч успамінае:

- На палях патраву рабілі, дык птушкі загінулі і цалкам вывеліся. Я, хлапчук, знайшоў адну, але спроба зрабіць яе чучала не ўдалася. Крыху пазней дапамагчы ў гэтым па-прасіў знаёмы. Паступова атрымаў пэўны вопыт…

У хаце ў палёце, расправіўшы крылы, застылі ястрабы. Некалькі птушак сёння знаходзяцца ў кабінеце біялогіі мясцовай Шарашоўскай школы.

А вось захапленне пчалярствам у свой час перерасло ў прафесійны занятак, які яго корміць вось ужо каля 30 гадоў.

- У нас дома кніга была накшталт кіраўніцтва па пчалярстве. Дык я яе так зачытаў, што родзіч мой вырашыў мне адзін вулей падарыць. Праўда, атрымалася гэта вельмі знянацку: прыехаў, вулей выгрузіў і, не папярэдзіўшы, развітаўся. Толькі на наступны дзень я заўважыў "падарунак". Варта прызнацца, што пчалярствам я цікавіўся, але пчол баяўся, як агню. Але што заставалася рабіць у гэтай сітуацыі? Захапіўшыся, вырашыў нават паступаць у вучылішча на пчаляра.

Цяпер у Хеншаля больш сотні вулляў: 12 - сваіх, 90 - "Райаграсэрвіса", дзе ён працуе пчаляром трэць стагоддзя.

Валерый Станіслававіч падводзіць вынік нашай сустрэчы:

- Цікаўнаму чалавеку ніколі не будзе сумна: галоўнае - знайсці занятак па душы.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Лазапляценнем ён займаецца каля 15 гадоў.
 
 
Главные новости сегодня
 

Новости Вашего города
ТОП-новости Беларуси
Прислать новость
Лента новостей
РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика