Чаму можна павучыцца ў нарвежцаў?
08.01.2014
—
Новости Общества
|
Нават улетку нарвежскія горы ля Паўночна-Ледавітага акіяна пакрытыя снегам. Некаторыя дробязі з паўсядзённага жыцця скандынаўскай краіны варта было б пераняць у Беларусі.Нарвегія – гэта не толькі ф’ёрды і палярная ноч. Няхай краіна і прымацавалася тоненькім ланцужком уздоўж Скандынаўскага паўвострава, але цікавых рэчаў у сабе хавае безліч. Пабываць там варта хаця б для таго, каб пабачыць горы ля Нарвежскага мора, пакаштаваць мясцовыя стравы і паслухаць такую дзіўную для славяніна нарвежскую мову. Разлічваюцца там нарвежскімі кронамі (1 крона – каля 1500 рублёў) і размаўляюць па-нарвежску. Але з веданнем англійскай мовы можна адчуваць сябе ўпэўнена – ёй валодаюць нават у невялікіх мястэчках. Невысокія бярозы з неймавернымі выгібамі - звычайныя для халодных скандынаўскіх краявідаў. Пачытаць газету і пагуляць з дзіцем, не трацячы грошы У Нарвегіі можна не баяцца што-небудзь згубіць. У большасці выпадкаў мясцовыя людзі вельмі сумленныя і дапамагаюць, як могуць. Ва ўсіх крамах на ўваходзе ёсць адмысловая сцяна для бясплатных аб’яў. Там можна не толькі даведацца, хто ў горадзе арандуе ці шукае кватэру, але хто і дзе знайшоў ці згубіў што-небудзь. Аб’явы кшталту “знойдзена дзіцячая рукавіца” там не рэдкасць. Цікавую дэталь можна назіраць і на дзіцячых пляцоўках. Ля пясочніц абавязкова будзе стаяць невялікая скрыня. Але ў ёй знаходзіцца не пясок, а… дзіцячыя цацкі. Таксама ў нарвежцаў існуе добрая традыцыя: прачытаў газету – перадай іншаму. Справа ў тым, што агульнанацыянальныя газеты каштуюць каля 5 еўра. Гэта не танна нават для Нарвегіі. Таму мясцовыя жыхары робяць наступнае: набыўшы і прачытаўшы газету, яны пакідаюць яе ў людным месцы. Для гэтага пасуюць столікі кафэ і кавярняў, лавачкі ў парках, аўтобусныя прыпынкі. Як у іх вучацца ў школе? Варта сказаць яшчэ колькі слоў пра нарвежскія ўстановы адукацыі. Мне пашчасціла пабываць як у звычайнай мясцовай школе горада Тромсё, так і ва ўніверсітэце. Першае, што кідаецца ў вочы – шматлікія лавачкі ва ўсіх калідорах. У школах паміж лавачкамі стаяць спецыяльныя палічкі з мясцовымі газетамі, ва ўніверсітэтах – яшчэ і невялічкія столікі, на якіх вельмі зручна арганізоўваць кава-паўзы паміж лекцыямі. У школах ёсць асобны пакой, у якім месціцца літаральна склад канцылярскіх рэчаў. Тут можна знайсці самыя розныя сшыткі, каляровыя алоўкі, лінейкі, паперу, кардон, папкі, нажніцы. Так выглядае пакой у звычайнай школе, для кожны вучань можа атрымаць неабходныя канцалярскія прыналежнасці. Самы цікавы момант: усё гэта – для агульнага карыстання. Калі ў вучня скончыцца сшытак ці яму спатрэбіцца цыркуль, ён можа проста звярнуцца да настаўніка, які мусіць схадзіць на “склад” і прынесці вучню ўсё неабходнае. Прычым колькасць узятага неабмежаваная, а грошы вяртаць не трэба. “Гэта ж такія дробязі, за што тут вяртаць?” – здзіўляюцца нарвежцы. Вядома, школьнай формы і партфеляў на “складзе” не знойдзеш, але ў нечым ён і сапраўды нагадвае наш тыповы школьны базар. – Магчыма, гэта і кепска, – гаворыць мясцовы настаўнік. – Не ўсе дзеці цэняць тое, што ім даюць. Могуць за ўрок, гуляючыся, зламаць дзесятак алоўкаў. Але такіх дзяцей няшмат. Ва ўніверсітэце таксама ёсць цікавы кабінет – пакой для адпачынку студэнтаў. Як расказалі мясцовыя знаёмыя, часцей за ўсё гэта нават не пакой, а 4-5 пакояў, злучаных разам. У адным знаходзіцца вялікі тэлевізар з мяккімі канапамі, у другім – настольны футбол, дартс, твістэр і іншыя гульні. У трэцім – своеасаблівая кухня з халадзільнікам, мікрахвалевай печкай, электрычным чайнікам, кававаркай. Такі вось “дамашні куточак” унутры ўніверсітэта. Да таго ж у Нарвегіі ў кожнай навучальнай установе абавязкова будзе прынтар і ксеракс, карыстанне якімі таксама заўсёды бясплатнае. А каля прынтара – шафа са стосамі рознакаляровай паперы. Выбіраеш колер на свой густ – і друкуеш. Што ядуць у Нарвегіі? Асобная размова – пра нарвежскую кухню. Замарожаныя крэветкі, якія з’яўляюцца далікатэсам для многіх беларусаў, у Нарвегіі проста выкінуць у сметніцу. У марской краіне нельга дазволіць сабе есці замарожанае! Марскія прадукты, асабліва рыба, падаюцца на стол кожны дзень. Да таго ж рыба ў Нарвегіі адносна танная. Адна знаёмая фінская сям’я, якая жыве на мяжы з Нарвегіяй, ездзіць у суседнюю краіну закупляць танную і свежую рыбу. У асаблівай пашане ў нарвежцаў траска. Спосабаў яе прыгатавання хіба не меней, чым у беларусаў – рэцэптаў з бульбай. Існуе ў Нарвегіі і свая сетка мясцовых кавярняў хуткага харчавання. Там таксама падаюць гамбургеры і смажаную бульбу. Але замест звычайнай булкі ў гамбургеры вотруб’евы хлеб, а бульба толькі крыху падсмажаная і падаецца ў смятане. Знайсці тут тыповы амерыканскі гамбургер трэба пастарацца. Калі вы ясце на вуліцы, то варта быць пільнымі, каб не патрапіць пад нападзенне… птушак. Мясцовыя чайкі рады паласавацца хоць чым, і для гэтага яны не пасаромеюцца вырываць ежу проста з рук. Чамусьці асабліва даспадобы марскім птушкам прыходзіцца марожанае. Таму каля шапікаў з марожаным абавязкова стаяць таблічкі, якія папярэджваюць пра магчымае птушынае зладзейства. Навошта хадзіць з лыжнымі палкамі летам? Калі ходзіш па вуліцах нарвежскіх гарадоў, кідаецца ў вочы, што многія людзі шпацыруюць па горадзе, трымаючы ў руках лыжныя палкі. І рухаюць імі так, быццам едуць на лыжах. Насамрэч нарвежцы займаюцца скандынаўскай хадзьбой. Гэты занятак даўно набраў папулярнасць ва ўсёй Еўропе і, вядома, на радзіме – у Скандынавіі. Тым больш займацца хадзьбой зручна паўсюль – з палкамі можна ісці і па цэнтры горада, нават дабіраючыся да працы, і на прыродзе. Аляксандра ПАРАХНЯ. Фота забяспечана аўтарам. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Некаторыя дробязі з паўсядзённага жыцця скандынаўскай краіны варта было б пераняць у Беларусі. |
|