Універсітэты скарачаюць і нават спыняюць набор на беларускую філалогію
13.02.2014 17:42
—
Новости Общества
|
|
У Беларускім педагагічным універсітэце імя Танка пару гадоў таму аб'ядналі беларускі і расейскі філфакі, бо ні там, ні там не было набору. І прычына ня толькі ў беларускай мове, кажа дацэнт БДПУ Ўладзімер Васілевіч. Прычына ў школе: ніхто ня хоча ісці ў педунівэрсытэты у прынцыпе:
"22 гады назад я перайшоў на педагагічную работу на філфак. Тады ў нас было два патокі на 100 чалавек на беларускім і расейскім аддзяленнях, 50 чалавек - вячэрнікаў, вялізны паток за 100 чалавек завочнікаў. А зараз - адна група 25 чалавек. Уяўляеце, да чаго скукожылася гэта ўсё? Проста як шагрэневая скура. І тут прычын некалькі. Канечне, непавага да школы. Непавага да мовы. Ну і дэмаграфічная яма.
Больш таго, закрылася некалькі факультэтаў. Закрыўся цалкам факультэт народнай культуры, ня стала музычна-педагагічнага. Таму што з праграм школы выкінулі прадмет "Усясветная мастацкая культура".
Прычым, гэтак ня толькі ў сталічным педунівэрсітэце імя Танка. Гэта па ўсёй Беларусі: што ў Куляшоўскім у Магілёве, што ў імя Пушкіна ў Берасці... Паўсюль адна і тая ж карціна. Фактычна, адукацыя разбураная".
Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Аркадзя Куляшова нядаўна абвясціў, што збіраецца адмовіцца ад прыёму студэнтаў на шэраг гуманітарных спецыяльнасцяў, у тым ліку і на беларускую мову. Давучацца тыя, каго прынялі, і ўсё.
У Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Скарыны яшчэ нядаўна на беларускую філалогію набралі 90 чалавек, было 3 групы, распавёў Свабодзе дэкан філалагічнага факультэта дацэнт Уладзімер Бобрык:
"На наступны год плануецца набор 30 студэнтаў на беларускую філалогію на бюджэтную форму навучання, і 30 студэнтаў - на платную форму. Але на платную мы іх не набярэм. Ведаеце, там смешныя зарплаты ў гэтых настаўнікаў. Сорамна сказаць... Прыносяць запыт з аддзелаў адукацыі, а там стаўка - 1 мільён 200 тысяч. Што гэта за стаўка? Хто на яе пойдзе? Летась на дзённае аддзяленне быў конкурс, было 40 месцаў, але на платнае ніхто не пайшоў. Аплата за год больш за 11 мільёнаў, яна пастаянна расце. Дык гэтая дзяўчына-платніца разам з бацькамі за ўсё жыццё не разлічыцца, калі будзе вучыцца платна..."
У некаторых рэгіянальных вну і на бюджэтныя месцы на педагагічныя спецыяльнасці - недабор.