Дзе ў старым Віцебску знаходзілася вуліца з млынам?
22.04.2014 06:32
—
Новости Общества
|
Знаходзячыся сёння на скрыжаванні вуліц Чэхава і Суворава цяжка здагадацца, што шмат гадоў таму тут віравала зусім іншае жыццё.
Ветраныя вуліцы Павольна і важна круціліся крылы млына, рыпелі жорны, мука напаўняла мяхі. Млын "быў каменным нязграбным будынкам усечана-канічнай формы з драўляным каўпаком, адкуль яшчэ тырчалі напаўразбураныя млынавыя крылы, а ў падножжа яго шатром трымаліся драўляныя пры вежы млынавыя службы". Ад наяўнасці тут ветрака і атрымалі назву бліжэйшыя вуліцы - Ветраныя.Належаў гэты хутар мяшчанам Баруновым. Уладальнікі хутара былі знакамітымі грамадзянамі Віцебска: па плане 1797 года ім належаў уласны пляц у 1 дзесяціну і 2165 квадратных сажняў; звыш таго яны з'яўляліся ўласнікамі зямельнага ўчастка ў 1 дзесяціну і 1210 квадратных сажняў, які знаходзіўся пад дамамі 22 жыхароў горада, і 745 квадратных сажняў пад 4 парожнімі плошчамі. Яшчэ арандавалі ў купца Шавярноўскага 1381 квадратны сажань гарадской зямлі. Падчас вайны 1812 года Баруноў ахвяраваў на ваенныя патрэбы 60 пудоў рыштунку, 4 бочкі смалы, каля 500 пудоў пакулля і правіянту для патрэб рускай арміі. Пры вызваленні Віцебска ад французаў вызначыўся Сяргей Баруноў, які ўзяў у палон 30 узброеных ворагаў. Плошча ўладанняў Баруновых была досыць вялікай і складала каля чатырох дзесяцін. Акрамя млына сярод пабудоў былі і вялікі жылы дом, і пуні са свірнамі, некалькі флігеляў. Вялікі фруктовы сад акружалі кляновыя і ліпавыя алеі. Гаспадары выкапалі ў садзе невялікую сажалку, у якую запусцілі карасёў і лінёў. Аднак хлебны гандаль і мукамольны промысел перасталі прыносіць даход Баруновым, і яны былі вымушаныя прадаць свой хутар новым уладальнікам. Падсобныя службы былі перабудаваныя пад патрэбы бавоўначасальнай фабрыкі. У год тут апрацоўвалася да 600 пудоў ліставой ваты з ачоскаў. Вытворчасць была вельмі пыльнай, што не спрыяла прыцягненню сюды аматараў прагулак і свежага паветра. Толькі ў садзе, пераўтвораным у месца для грамадскіх прагулак, можна было схавацца ад пылу і адпачыць на лаўках сярод клумбаў з кветкамі і дрэў. З часам і сад, і род Баруновых забыліся жыхарамі. Іншым разам, праўда, на вуліцах Віцебска можна было сустрэць апошняга з Баруновых. Але гэта было так рэдка, што многія і не ведалі пра яго існаванне. Глыбокі стары з густой, лапацістай барадой, у сіняй світцы рускага пакрою, шыракаполым капелюшы, абапіраючыся на высокую палку, павольна і паважна ішоў у напрамку, вядомым толькі яму. ![]()
Будаўніцтва працягвалася да 1892 года. 25 верасня 1892 года адбыўся ўрачысты малебен з нагоды адкрыцця новага будынка мужчынскага духоўнага вучылішча. Выгляд гэтай двухпавярховай пабудовы змешчаны на паштоўцы пачатку 1910‑х гадоў. Можна выказаць здагадку, што пазней, прыкладна ў 20‑х гадах ХХ стагоддзя, быў надбудаваны трэці паверх. Падчас Першай сусветнай вайны ў будынку вучылішча размяшчаўся ваенны шпіталь. ![]() У 1918 годзе будынак быў муніцыпалізаваны. У 1922 годзе памяшканне былога мужчынскага духоўнага вучылішча было занята саўпартшколай імя Энгельса, якая раней знаходзілася ў былым гатэлі Бразі на цяперашняй ратушнай плошчы. Акрамя губсаўпартшколы ў будынку размяшчалася педвучылішча. Тут таксама знаходзіўся Рабфак і 2‑месячныя педагагічныя курсы. Падчас Вялікай Айчыннай вайны будынак быў пашкоджаны пажарам. У 1947 годзе рашэннем выканкама Віцебскага гарадскога Савета дэпутатаў працоўных за № 277 памяшканне і ўчастак былі перададзеныя для аднаўлення Віцебскаму мастацка-графічнаму педагагічнаму вучылішчу. Было прынята рашэнне аб правядзенні рамонтных работ на працягу 1952-1953 гадоў. Праект быў распрацаваны Віцебскім філіялам Белдзяржпраекта і зацверджаны Саветам Міністраў БССР 25 студзеня 1951 года. Рамонтна-будаўнічыя работы выконвала БМУ № 1 трэста № 8 Міністэрства жылграмадзянбуда БССР. У пачатку 1960-х гадоў мастацка-графічнае педвучылішча было ператворана ў мастацка-графічны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута імя С.М. Кірава. Будынак быў перададзены гэтай вышэйшай навучальнай установе Віцебска. ![]()
У дадзеным будынку ў адпаведнасці з традыцыяй, што складваецца ў гэты час, спрошчанаму двароваму фасаду супрацьстаяў вулічны фасад, упрыгожаны порцікамі, франтонамі, аркамі, шматлікімі цягамі і інш. Гэтая пабудова - тып даходнага купецкага дома, які складаўся з некалькіх самастойных кватэр. Першы паверх адводзіўся пад крамы і меў уваход з вуліцы, другі і трэці - пад жыллё. Уваход у кватэры быў з двара або з боку праезду ў двор. ![]() Будынак выкананы па індывідуальным праекце. Жылы дом меў ярка выражаны гарадскі характар: паверхавасцю і памерамі адпавядаў патрабаванням буйнога горада і быў разлічаны на заможныя колы насельніцтва. Такі тып дома ў далейшым атрымлівае ўсё большае распаўсюджванне. Ён характарызуе карэнныя змены, якія адбыліся ў структуры гарадскога жылля. Індывідуальны дом, дзе жыве адна сям'я, пачынае саступаць месца шматкватэрнаму будынку, які становіцца важным элементам забудовы гарадскога цэнтра. Апошнім уладальнікам жылога будынка на перасячэнні вуліц Суворава і Чэхава была Дабравольская. Ужо пасля 1917 года будынак быў абвешчаны безгаспадарным. У 1923 годзе была аформлена муніцыпалізацыя. І з таго часу былы "даходны" дом быў перададзены камунальным службам і прадастаўлены жыхарам. Тут пасяліліся рабочыя і служачыя Віцебска. ![]() Прытулак для састарэлых чыноўнікаў Тут жа, па адрасе вул. Чэхава, 4, знаходзіцца будынак з вельмі цікавай гісторыяй. У 1902 годзе памёр наглядчык першай акцызнай акругі Кузьма Давыдавіч Галембіёўскі. У духоўным завяшчанні ён наступным чынам распарадзіўся сваім капіталам: 3000 рублёў павінны былі заставацца непарушным капіталам, працэнты з якога ў роўных частках павінны былі паступаць на карысць прычтаў: могілкавай Спаса-Праабражэнскай царквы ў г. Суражы, віцебскай царквы Узвіжанскіх могілак і царквы ў с. Казакова пры маёнтку Дручалукі Веліжскага павета на вечнае памінанне. Па 2 тысячы рублёў нябожчык завяшчаў у мужчынскую і жаночую гімназіі для заснавання імянных стыпендый, па 1 тысячы рублёў ён ахвяраваў на прытулак віцебскага дабрачыннага таварыства і прытулак ведамства Імператрыцы Марыі. Усе астатнія свае грошы нябожчык Галембіёўскі завяшчаў для арганізацыі прытулку для састарэлых і збяднелых віцебскіх чыноўнікаў. Уладкаванне чыноўнікаў у прытулак і іх утрыманне вызначалі наступныя правілы. Кожны пансіянер атрымліваў асобны пакой, а таксама грашовую дапамогу ў памеры 15 рублёў у месяц. Правам паступлення ў прытулак маглі карыстацца незаможныя або няздольныя да працы чыноўнікі, адзінокія ці сямейныя, якія не атрымлівалі пенсію альбо атрымлівалі недастаткова. Пансіянеры незалежна ад ведамства абавязкова павінны былі быць праваслаўнымі хрысціянамі. ![]() Душапрыказчыкамі за 44 тысячы рублёў было набыта домаўладанне па 1‑й Ветранай вуліцы. Яно складалася з каменнага дома і служб. У перабудаваным памяшканні размясцілася каля 40 пансіянераў. Пасля 1917 года пачалася новая старонка ў гісторыі гэтай пабудовы. У сценах будынка размясціўся першапачаткова 3-ці інвалідны дом, ператвораны пазней у 2-гі інвалідны дом. У 1926 годзе ў сувязі з вялікай колькасцю інвалідаў, якія размяшчаліся ў доме па вуліцы 1‑й Ветранай, было прынята рашэнне аб пераводзе іх у былое памешчыцкае ўладанне ў Сялютах, што недалёка ад Віцебска. Будынак на Ветранай быў перададзены пад інтэрнат студэнтаў ветэрынарнага інстытута. Падчас акупацыі Віцебска фашысцкімі захопнікамі ён не пацярпеў. 1 лютага 1967 года Саветам Міністраў БССР было выдадзена распараджэнне за № 116‑Р аб адкрыцці ў Віцебску мемарыяльнага музея М.П. Шмырова. У сувязі з гэтым Віцебскі гарсавет прыняў рашэнне "Аб перадачы дома № 4 па вуліцы Чэхава пад мемарыяльны музей М.П. Шмырова". На будаўніцтва музея абласному ўпраўленню культуры было выдаткавана 15 000 рублёў. У 1967 годзе архітэктар горада З. І. Озерава на грамадскіх пачатках сумесна з работнікамі будаўнічых арганізацый Віцебска распрацавала план рэканструкцыі выдзеленага для музея будынка, пасля чаго адначасова пачаліся будаўніцтва і рэканструкцыя пабудовы. Да адкрыцця музея было сабрана 806 экспанатаў. Аўтарам мастацкага афармлення быў сябра Саюза мастакоў БССР Б.М. Кузьмічоў, мастацкія работы выканалі Л.Я. Дзягілеў і І.П. Хіцько. Да 25-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў 5 ліпеня 1969 года музей быў адкрыты. Побач з будынкам музея быў створаны мемарыяльны комплекс-парк, дзе ўсталявалі скульптурны партрэт М.П. Шмырова (аўтар З. Азгур), размясцілі буйныя экспанаты (гарматы, мінамёты) і арганізавалі зямлянку 1-й Беларускай партызанскай брыгады. Будынак музея партызанскага руху імя М.П. Шмырова быў узяты пад ахову рашэннем Віцебскага аблвыканкама за № 46 ад 29.01.1988 года. Так перапляліся найцікавейшыя старонкі далёкага мінулага і сучаснай гісторыі нашага Віцебска літаральна на адным скрыжаванні. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Млын "быў каменным нязграбным будынкам усечана-канічнай формы з драўляным каўпаком, адкуль яшчэ тырчалі напаўразбураныя млынавыя крылы, а ў падножжа яго шатром... |
|