Начны сянаж
07.06.2014
—
Новости Общества
|
У ВОСЕМ раніцы старшыня Верхнядзвінскага райвыканкама Ігар МАРКОВІЧ сабраў у сваім кабінеце спецыялістаў райсельгасхарчу і прадстаўнікоў некаторых раённых службаў, своеасаблівы штаб па корманарыхтоўцы, каб абмеркаваць ход работ на сенажацях. А перад гэтым ноччу кіраўнік раёна аб’ехаў некалькі гаспадарак, праверыў, як выконваецца ўстаноўка аб кругласутачным трамбаванні зялёнай масы. І цяпер на аператыўнай нарадзе ён адкрыта гаварыў аб тым, што ўбачыў, сумесна вырашалі, як пры вызначаных даволі напружаных тэрмінах касавіцы не згубіць якасць корму. А яна якраз пераважна і залежыць ад таго, як будзе спарадкавана зялёная маса ў траншэі.
У ААТ «Верхнядзвінскі» зялёную масу трамбаваў на «Кіраўцы» Валянцін Пірог. — Мая змена пачалася ў шэсць раніцы і закончыцца ў восем вечара, — расказаў ён. — Потым месца ў кабіне зойме Уладзімір Габрусёнак. Ноччу трамбоўшчыкі не застаюцца адны: па графіку ля траншэі дзяжураць спецыялісты. Пакуль што ўвесь закладзены сянаж у гаспадарках раёна адпавядае першаму класу. У многім садзейнічае гэтаму і выкарыстанне кансервантаў, асабліва пры не надта спрыяльным надвор’і. Адбіваецца і сама падрыхтоўка да касавіцы. У гаспадарках адрамантаваны траншэі, а ў КУПСГП «Дрысенскі», ААТ «Сакалоўшчына», «Нурава», «Антонава-Агра», «Шайцерава» пабудаваны новыя. Усяго ў раёне 104 траншэі, 13 з іх яшчэ з кармамі мінулага года. Па меры таго як яны будуць вызваляцца, сюды закладуць сянаж са свежых траў. Дарэчы, Верхнядзвінскі раён не толькі забяспечвае якаснымі кармамі сваю жывёлу на зімоўку, але і прадае іх іншым. Таму залішне задаваць пытанне, чаму верхнядзвінцы маюць самы высокі надой у вобласці ад каровы. Напрыклад, у ААТ «Шайцерава» ён дасягнуў 7,5 тысячы кілаграмаў за год, а ў «Дрысенскім» дояць у гэтыя дні звыш дваццаці кілаграмаў у суткі. Стаўку на якасць кармоў робяць і ў Шаркаўшчынскім раёне. Улічваючы, што мясцовы агратэхсэрвіс мае самы большы дойны статак — 1700 кароў, прычым трэць з іх знаходзіцца на новай МТФ, — прадбачлівы дырэктар Аляксандр Варона вырашыў пабольш нарыхтаваць вітамінных кармоў, багатых карацінам. Для гэтага за паўтара мільярда рублёў набыты агрэгат для прасавання зялёнай масы ў рулоны. Малады механізатар Сяргей Балай, які працаваў на ім, не хаваў свайго задавальнення: — Вось гэта тэхніка! Два камп’ютары. Адзін у мяне ў трактары з экранам, другі — на прэсе. Закладзена праграма. Тут не «схі- мічыш». У дзень Сяргей выдае да двухсот рулонаў корму па сямсот кілаграмаў кожны. Усе палеткі па дарозе ад Шаркаўшчыны і амаль да мяжы Міёрскага раёна пакрыты беласнежнымі цыліндрамі. У аграсэрвісе разлічваюць нарыхтаваць не менш чым 1700 тон сенажу, зарулоненага ў плёнку. Такім жа чынам другі год запар нарыхтоўваюць кармы і ў ААТ «Даватарскі». Начальнік Шаркаўшчынскага райсельгасхарчу Дзмітрый Ламака праінфармаваў, што ў раёне 80 працэнтаў сенажацей займае канюшына і люцэрна. Задача — нарыхтаваць 30 цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы — рэальная. Уладзімір САУЛІЧ, «СГ» Фота аўтара Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У ВОСЕМ раніцы старшыня Верхнядзвінскага райвыканкама Ігар МАРКОВІЧ сабраў у сваім кабінеце спецыялістаў райсельгасхарчу і прадстаўнікоў некаторых раённых... |
|