У Гродна на вяселлі замест кветак прымалі дапамогу для сабачага прытулку
22.08.2014 18:07
—
Новости Общества
|
Маладая пара з Гродна вырашыла адмовіцца ад кветак на сваім вяселлі. Замест гэтага яны папрасілі гасцей ахвяраваць грошы на дапамогу жывёлам, што жывуць у прытулку арганізацыі "Адданае сэрца".
![]() Калі нашая машына, багажнік якой быў цалкам забіты сабачай ежай і крупамі, пад'ехала да сабачага прытулку, і мы сталі разгружаць прывезеныя прадукты, валанцёрка, якая сустракала нас, не магла ўстрымаць слёз. Прадукты для жывёл былі набытыя за грошы, што ахвяравалі вясельныя госці. Распавядае Юля, якая са сваім мужам Барысам у мінулыя выходныя звязалі сябе шлюбам: "Ідэя ўзнікла з праблемы. Праз дзень пасля вяселля мы з мужам з'язджаем у вясельнае падарожжа. Дома застаецца мая мама, якая працуе ў навучальнай установе і прывыкла да кветак, але яна пераборлівая - ёй падабаюцца дызайнерскія кампазіцыі, а не букеты ў цалафане. Не хацелася пакідаць на яе гэты цяжар", - смяецца Юля. Як пазбавіцца ад кветак? Калі загадзя сказаць, каб не прыносілі - усё роўна прынясуць. Юля пачала шукаць на форумах альтэрнатывы кветкам. На адным польскім форуме прачытала, што людзі дораць і цукеркі, і віно, і кнігі, і нават перадаюць рэчы для дзяцей-сіратаў. "Я валанцёрка ініцыятывы "Ружовы слон" - мы дапамагаем гарадзенскаму дзіцячаму дому. Я запытала ў дырэктара, што ім неабходна, а ён адказаў, што зараз у іх няма вялікай патрэбы ў нечым, і што ёсць тыя, каму нашая дапамога зараз патрэбна болей. І тады я ўзгадала пра прытулкі для жывёлаў. Менавіта яны - самы неабаронены слой нашага грамадства! І гэта вельмі цяжкая праца - дапамога ім. Тады мы вырашылі сабраць для іх грошы". ![]() У запрашэнні на вяселле Юлі і Барыса адразу было прапісана, каб грошы, якія госці планавалі выдаць на букет, ахвяравалі на сабачы прытулак. У сведкі была адмысловая скрыня, куды клалі грошы. Госці адрэагавалі на незвычайную ідэю спакойна. Некаторыя падыходзілі і дзякавалі за цудоўную ідэю, іншыя зусім нічога не клалі, але абурэння не выказываў ніхто. Адзін хлопчык нават спецыяльна прынес з гэтай нагоды малюнак. ![]() "У нас было каля 45 гасцей, і яны змаглі сабраць 995 тысяч рублёў, 10 долараў і 1000 расійскіх рублёў. Мы купілі велізарны мех сабачага корму, больш за 30 кг розных крупаў і чатыры каробкі з вітамінамі". У прытулку "Адданага сэрца", які знаходзіцца ў Лапенках, зараз жыве 27 сабак і некалькі катоў. Калі мы туды прыехалі, там працавалі дзве дзяўчыны і два хлопцы: варылі ежу, фарбавалі і будавалі новыя вальеры для наступных пастаяльцаў - чакалі 11 шчанюкоў. ![]() Некаторыя сабакі жывуць групамі і ўжо навучыліся ладзіць між сабой, але большасці, а тым больш новым, патрэбныя асобныя апартаменты. Таму валанцёры адзначылі, што апроч ежы яны з радасцю прымаюць і будаўнічыя матэрыялы ў любым аб'ёме - шыфер, дошкі, цвікі, металапакрыццё, металічныя сеткі, будаўнічыя паддоны. Набліжаецца зіма і жывёлам патрэбна не толькі ежа, але і, літаральна, дах над галавой. ![]() Размаўляем з Ганнай Фалькоўскай, валанцёркай Гродзенскага грамадскага аб'яднання аховы жывёл "Адданае сэрца". "Мы падбіраем усіх сабак - нічыйных, збітых машынамі, шчанюкоў, і шукаем ім новы дом - даем аб'явы ў газеты, ва ўсе сацсеткі, на поштах і ў банках ёсць нашыя праспекты. У нас ёсць рахунак, куды стала паступаюць грошы - бывае і па пяць тысяч рублёў, але мы радыя любой дапамозе", - кажа Ганна. Гэтых грошай "Адданаму сэрцу" хапае на арэнду дому ў Лапенках і памяшкання на вуліцы Гая, дзе жывуць каты. У Лапенкі часта прыязджаюць зусім незнаёмыя людзі, прывозяць ежу, "Бобік", ашыйнікі, павадкі, тазікі, коўдры, дыванкі - тут прымаюць усё. "Калі ў нас гэта ёсць, мы перадаем іншым - катам на Гая, або ў "Спецаўтагаспадарку" на Дамброўскага, дзе сабак нават не кормяць", - тлумачыць Ганна. Арганізацыі дапамагаюць школьнікі, якія расклейваюць аб'явы. А таксама фатографы, напрыклад, Наталля Бакей, якая фатаграфуе жывёлаў і робіць плакаты. Жывёлаў аддаюць не адразу - юрыст склаў дамову аддачы жывёлы пад пашпартныя дадзеныя, бо ёсць людзі, якія бяруць катоў і сабак на дрэнныя мэты. Праз месяц-два валанцёры наведваюцца да "ўсынавіцеляў", фатаграфуюць жывёлу. У групах у сацсетках выкладаюцца фота вясёлых сабак, якія жывуць у новых умовах. За апошнія пяць месяцаў новы дом знайшлі каля 30 сабак.
"Усіх жывёлаў, як толькі дазваляе ўзрост, мы стэрылізуем. Ветэрынары ідуць нам насустрач і робяць зніжкі, бо гэтая аперацыя не з танных - 600 тысяч за сабаку. Таксама і тых, хто жыве на вуліцы, калі нам паведамляюць пра іх, - мы стэрылізуем і вяртаем назад. Гэта самы правільны падыход, так жыве Еўропа. Таксама і з катамі - ловяць бяспрытульных, стэрылізуюць і вяртаюць у той жа двор", - працягвае Ганна. ![]() Акцыя, якую прыдумалі Юля і Барыс, уразіла ўсіх у "Адданым сэрцы". "Гэта проста нейкі цуд! Я пра такое нават ніколі не чула! - радасна кажа Ганна і дадае: - Больш бы такіх людзей і ідэй!" Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Маладая пара з Гродна вырашыла адмовіцца ад кветак на сваім вяселлі. Замест гэтага яны папрасілі гасцей ахвяраваць грошы на дапамогу жывёлам, што жывуць у...
|
|