"Кінуць 200 тысяч адчэпных". Працаўнiкi будаўнічай арганізацыi ў Маладзечне незадаволеныя заробкам. 21.by

"Кінуць 200 тысяч адчэпных". Працаўнiкi будаўнічай арганізацыi ў Маладзечне незадаволеныя заробкам

09.02.2016 12:40 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

На прадпрыемстве «Будаўнік-169» цяпер працуе 86 чалавек, але на працу выйшлі 27.


У сераду, 27 студзеня, работнікі «Будаўніка-169» і іншых будаўнічых арганізацый занятыя на рамонце інтэрната па вуліцы Францішка Скарыны. Фота Наталлі Тур.

— Набалела! — кажуць людзі. — Распусціце вы гэту кантору. Што гэта за работа, калі на ёй трымаецца адзін інтэрнат.

А дырэктар «Будаўніка-169» Аляксандр Карнейчык скардзіцца на тое, што ў горадзе ім не даюць аб’екты для будаўніцтва.

"З прадпрыемства татальна выжываюць людзей"

З такімі словамі ў рэдакцыю прыйшоў муляр, работнік «Будаўніка-169» Даніла Нужын. Мужчына, бацька траіх дзяцей, скардзіцца на тое, што не памятае, калі апошні раз атрымоўваў заробак цалкам.

— Кінуць 200−500 тысяч адчэпных, а потым здзіўляюцца, чаму мы не плацім за камунальныя паслугі, за інтэрнат. Адказваю так: «Няма заробку, няма аплаты». А цяпер кіраўніцтва абавязала яшчэ рамонт у інтэрнаце за свой кошт рабіць.



Пражыванне ў блоку інтэрната на сям’ю абыходзіцца ў 480 тысяч рублёў у месяц.

Многія рабочыя пад­працоўваюць па дагаворы падраду, шукаюць нешта на баку.

— Людзі трымаюцца толькі за інтэрнат. Пры спробе пагутарыць з кіраўніцтвам, чуем толькі адно: «Не падабаецца, ніхто вас не трымае. Вызваляйце інтэрнат».

Пры гэтым, прызнаецца Даніла, праца ў іх ёсць. Перад Новым годам усе супрацоўнікі «Будаўніка-169» працавалі на будаўніцтве жылога дома ў Мінску. Аднак за гэту работу не атрымалі нічога.

— Мы спраўна атрымоўваем толькі разліковыя лісты.

Данілу падтрымалі і іншыя работнікі. Людзі скардзяцца на тое, што не атрымалі заробак за снежань, што многім адпускныя так і не выплацілі. На прадпрыемстве нармальная сітуацыя, калі чалавек выходзіць з адпачынку, а яго заварочваюць дадому ў адпачынак за свой кошт.

На пытанне, ці спрабуе хто ўладкавацца на іншую работу, людзі абураюцца:

— А як гэта зрабіць? Многія фірмы не хочуць браць без працоўнай кніжкі. А звольніцца адсюль — значыць, згубіць інтэрнат. А ва ўнівермагу палаткі не прадаюцца, — дзе тады жыць?

Інтэрнат па вуліцы Францішка Скарыны — для работнікаў «Будаўніка-169» сапраўдны боль.


Многія не могуць выплаціць запазычанасць за пражыванне, таму што няма чым плаціць.

— Я дзесяць гадоў адпрацаваў у «Камунальніку», каб атрымаць блок у інэрнаце, — кажа адзін з работнікаў, — а цяпер мне пагражаюць высяленнем. А як мне разлічыцца з даўгамі, бутэлькі пайсці збіраць?

Выйсце з сітуацыі работнікі бачаць толькі ў тым, каб іх інтэрнат перадалі «Камунальніку», як і многія іншыя інтэрнаты прадпрыемстваў у горадзе.


Дырэктар «Будаўніка-169»: хочуць працаваць у іншых месцах — калі ласка

Кіраўніцтва «Будаўнік-169» змянілася ў верасні 2015 года. Цяпер прадпрыемства ўзначальвае Аляксандр Карнейчык.

— Калі я прыйшоў сюды, у работнікаў была запазычанасць па заробках ад мая. На сённяшні ж дзень мы не разлічыліся толькі за снежань.

Сітуацыю з тым, што за лістапад работнікі атрымалі толькі частку зар­платы, Аляксандр Карнейчык патлумачыў, што гэта было толькі адзін раз. На рахунак паступіла 30 мільёнаў рублёў:

— Нашто нам было трымаць гэтыя грошы і чакаць пералічэння астатніх? Мы вырашылі даць людзям хаця б драбязу. Усе ж лепш, чым нічога.

Аляксандр Леанідавіч разумее, што становішча на прадпрыемстве не простае. Таму і ідзе насустрач людзям, калі яны просяць адпусціць іх працаваць у іншыя арганізацыі. Кіраўніцтва «Будаўніка-169» атрымоўвае хадайніцтва ад той установы, што прымае на работу спецыяліста, і па законе адпускае свайго работніка.

— Я толькі не разумею, чаму нам ўлады не даюць будаваць аб’екты ў Мала­дзечне.

«Будаўнік-169» уваходзіць у асацыяцыю «Маладзечнабуд». У склад гэтай асацыяцыі акрамя «Будаўніка-169» уваходзяць яшчэ чатыры прадпрыемствы: «Будаўнік-197», «Спецбудмеханізацыя», «Мала­дзечнажалезабетон» і «Аддзелачнік-198».

У тэндары на будаўніцтва жылых дамоў ­удзельнічала «Спецбудмеханізацыя», таму што ў іх колькасць работнікаў дазваляла гэта рабіць. Па ўмовах тэндару, у ім маглі прымаць ­удзел арганізацыі, у якіх больш за 200 рабочых. А «Будаўнік-169» павінны быў быць у якасці субпадрадчыка. Аднак дазволу на ўдзел у тэндары яны не атрымалі.

Каментуе дырэктар «Спецбудмеханізацыі» Канстанцін Манюк:

— Няправільна гаварыць, што ўлады не даюць будаваць дамы. Іншая справа, што ўмовы тэндараў выстаўленыя такім чынам, што выйграваць іх у Маладзечне могуць толькі два прадпрыемствы: «Забудова-буд» і «ПМК-212». У заканадаўстве ёсць пункт «і іншае». І пад гэта «іншае» кожны заказчык прапісвае свае ўмовы, якія мы выканаць не можам. Рабочыя не вінаватыя, што мы трапілі ў абцугі.


У пачатку 2015 года ў «Будаўніку-169» працавала каля 200 чалавек, сёння іх засталося 86.

А між тым, праца ёсць. «Будаўнік-169» будуе жылы комплекс «Маяк Мінска», у Вілейскім раёне будуюць завод фарбаў. Выйгралі тэндар на будаўніцтва ЗАГСа ў Ваўкавыску. Яно павінна пачацца ў сакавіку.

«Будаўнік-169» аказвае паслугі прыватным асобам. У арганізацыі можна замовіць муляра, тынкоўшчыка, аддзелачніка, каб зрабілі рамонт у доме ці кватэры.

Прадпрыемству «Будаўнік-169» розныя арганізацыі вінаватыя паўтара мільярда рублёў.

— Не разлічыліся мінчане, вінаватыя нам грошы Асіповічы. Мы там будавалі аб’ект, аднак грошы за гэта не атрымалі. Вілейка за будаўніцтва малочнатаварнай фермы ў Сцешыцах павінна нам 700 мільёнаў рублёў.

У самога ж «Будаўніка-169» запазычанасць перад іншымі - мільярд 100 мільёнаў рублёў.


— Мы не адмаўляемся ад таго, што сітуацыя няпростая. Але варта было б запытацца ў некаторых работнікаў, чаму яны не хочуць ездзіць у камандзіроўку далей Мінскай вобласці. А скардзіцца ўмеюць усе, — падсумаваў Аляксандр Карнейчык.

Рабочыя «Будаўніка» на словы кіраўніцтва адказваюць так:

— А як без грошай ехаць у камандзіроўку? Там траву есці? Камандзіровачныя ж не плацяць.

Вадзім Цар: тэндары праводзяцца на агульных умовах

Намеснік старшыні Маладзечанскага райвыканкама Вадзім Цар на пытанне аб тым, чаму «Будаўніку-169» не даюць выйграваць тэндар, быў катэгарычны:

— Што значыць не даём будаваць? У тэндарах усе ўдзельнічаюць на агульных умовах, якія прапісаныя ў тэндары. Рашэнне прымае камісія. На трох дамах, якія цяпер будуюцца па вуліцы Снежнай, працуюць маладзечанскія арганізацыі: «Забудова-буд» і «ПМК-212», якія выйгралі тэндар.

На планёрцы ў райвыканкаме старшыня Маладзечанскага райвыканкама Аляксандр Яхнавец сказаў:

— Будаўнічых арганізацый у Маладзечне многа, і, вядома, працы хапае не ўсім. Тэндары выйграваюць правераныя арганізацыі, якія не дапусцяць здачы аб’ектаў не ў тэрмін.

А што рабіць з астатнімі будаўнічымі фірмамі - аб’ядноўваць іх ці ліквідоўваць, Аляксандр Яхнавец папрасіў сваіх намеснікаў падрыхтаваць яму прапановы.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
"Набалела! - кажуць людзі. - Распусціце вы гэту кантору. Што гэта за работа, калі на ёй трымаецца адзін інтэрнат". А дырэктар "Будаўніка-169" скардзіцца, што ў горадзе ім...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика