Барыс Кіт: "Маё пажаданьне адзінае: каб Беларусь была свабоднай"
06.04.2016 11:50
—
Новости Общества
|
6 красавіка 106-ты дзень народзінаў сустракае славуты беларус, асьветнік, навуковец, дасьледчык у галіне астранаўтыкі Барыс Кіт. Некалькі апошніх гадоў Барыс Кіт жыве ў доме састарэлых у нямецкім Франкфурце-на-Майне. Пасьля пералому шыйкі бядра ён перанёс апэрацыю, здольнасьць хадзіць не вярнулася, ён езьдзіць на інвалідзкім вазку. Напярэдадні 106-га дня народзінаў карэспандэнту Свабоды ўдалося пагутарыць з Барысам Кітом праз тэлефон. — Барыс Уладзімеравіч, найперш скажыце, як вы сябе пачуваеце, як здароўе? — Здароўе моцна пагоршылася, але яшчэ ёсьць трохі. Я асабліва ня рухаюся, сяджу ў хаце. Не магу хадзіць, карыстаюся возікам. А апекуюцца мною тут нармальна… — Умовы ў вашым доме-інтэрнаце вам падабаюцца? — Ужо цяжка сказаць, што мне нешта падабаецца, бо я ўжо стаю на канцы свайго жыцьця і хутка мяне ўжо ня будзе… — Як будзеце адзначаць 106 гадоў? — Людзі будуць званіць, можа, хто-небудзь зойдзе, як заўсёды, буду вельмі рады, калі я яшчэ каго-небудзь цікаўлю… 106 гадоў - гэта вялікі ўзрост. У мінулым я шмат разоў думаў, што памру ўжо. Але не памёр… Я сядзеў у страшэннай нямецкай турме і паміраў штодня, 30 дзён сядзеў у турме ў Глыбокім. Кожны дзень паліцыя забірала ад нас з такой ямы на расстрэл 25 чалавек, 5 заставалася, і я сярод іх. І так 30 дзён, 30 разоў чакаў сьмерці. Але Бог, відаць, не хацеў маёй сьмерці. Трэба сказаць, што мяне тады выратаваў Кастусь Касяк, які пайшоў да нямецкага гэбітскамісара і дамогся майго вызваленьня праз 30 дзён у турме. Ён быў маім вучнем у Наваградзкай беларускай гімназіі, добрым вучнем. І многім беларусам ён тады дапамог вызваліцца зь нямецкіх турмаў. Але калі прыйшлі бальшавікі, то першым яго павесілі… — Барыс Уладзіміравіч, якія маеце навіны ад вашай сям'і? — Ёсьць навіны. У маёй унучкі месяц таму нарадзілася другое дзіця, хлопчык. Яшчэ адзін праўнук. Гэта прыемная навіна. Уся мая сям’я жыве ў Амэрыцы, раскіданая па ўсіх канцах… А нядаўна памерла мая былая жонка Ніна Корсак, пахаваная ў Вашынгтоне. Такія навіны. — Якія маеце кантакты зь Беларусьсю, зь беларусамі? Землякі звоняць, заходзяць? — Ціха звычайна, ніхто не прыходзіць. Можа, заўтра, у дзень майго нараджэньня, будуць тэлефанаваньні. Апошніх навінаў зь Беларусі Барыс Кіт ня ведае, ня мае магчымасьці сачыць. Але ён пазытыўна ацаніў, што летась у Беларусі выпусьцілі палітвязьняў, што ў грамадзтве стала больш запатрабаваная беларуская мова: «Цешуся гэтаму, бо Беларусі належыць свабода». У чаканьні віншаваньняў і зычэньняў з нагоды 106-годзьдзя Барыс Кіт выказаў і сваё пажаданьне беларускім прыяцелям: «Маё пажаданьне адзінае: каб Беларусь стала свабоднай ад усялякіх непатрэбных рэчаў, якія апошнім часам былі».
Барыс Кіт дасьледаваў вадкі вадарод і распрацаваў формулу паліва, якое зрабіла магчымым гістарычны запуск Apollo-11 і высадку чалавека на Месяц. Ён аўтар манаграфіі пра ракетнае паліва, якая лічыцца ў адмыслоўцаў кананічнай, выкладчык, чые вучні пазасноўвалі ўласныя дасьледчыя школы, ганаровы доктар шэрагу амэрыканскіх і эўрапейскіх унівэрсытэтаў. Барыс Кіт быў арганізатарам беларускага школьніцтва, дырэктарам легендарнай Віленскай беларускай гімназіі, арганізоўваў настаўніцкія сэмінарыі ў Маладэчне і Паставах, заснаваў Адміністрацыйна-гандлёвы інстытут у Маладэчне. Кіта двойчы арыштоўвалі польскія ўлады, ён быў вязьнем цэнтралі СД у Вілейцы. Ягоны лёс Васіль Быкаў вызначыў як «Цярновы шлях» — менавіта так пісьменьнік назваў кнігу сваіх гутарак з Барысам Кітом, якія запісаў у 2001 годзе, калі жыў у Франкфурце. «Як вядома, пра Кіта напісана ўжо некалькі кніжак, у тым ліку і на беларускай мове, і ў Беларусі яны выдадзеныя. Але ўсё ж быў вельмі важны яго суб’ектыўны погляд на многія рэчы. І каб найбольш наблізіцца да гэтай ісьціны яго жыцьця, я падумаў, што патрэбна, каб загучаў яго голас — менавіта зь яго інтанацыямі, зь яго ацэнкамі, асабліва што датычыць іншых людзей, гістарычных постацяў, якія не знайшлі справядлівай ацэнкі ў гісторыі Беларусі, у мінулым Беларусі. А Кіт быў апошнім або ёсьць апошнім, хто можа засьведчыць праўду на гэты конт. І вось, калі вы чыталі яго ўспаміны, там ёсьць шмат пэрсанажаў, і ацэнка, якая даецца ім, яна абсалютна іншая, чым ужо ўсталяваная ў беларускай нацыянальнай гісторыі», — сказаў Быкаў у інтэрвію Аляксандру Лукашуку для Радыё Свабода. У гутарках з Быкавым Барыс Кіт прыгадвае пра Браніслава Тарашкевіча, Францішка Аляхновіча, Натальлю Арсеньеву, Вінцэнта Гадлеўскага, Радаслава Астроўскага.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
6 красавіка 106-ты дзень народзінаў сустракае славуты беларус, асьветнік, навуковец, дасьледчык у галіне астранаўтыкі Барыс Кіт.
|
|