Францішак Скарына ў пачатку XVI века быў сакратаром дацкага караля. 21.by

Францішак Скарына ў пачатку XVI века быў сакратаром дацкага караля

30.06.2016 14:08 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


Новыя звесткі пра біяграфію і постаць беларускага першадрукара Францішка Скарыну адшукаў, старэйшы навуковы супрацоўнік Інстытуту гісторыі Беларусі Алесь Жлутка, паведамляе Белсат. Падчас апошняй камандзіроўкі ў Ватыкан даследнік удакладніў сувязь першадрукара з V Латэранскім саборам, які адбыўся ў 1512-1517 гадах.




На гэты сабор прыбыла дэлегацыя дацкага караля, у складзе якой быў нейкі Скарына. А праз тры месяцы ўжо дакладна Францішка Скарыну пры абароне доктарскай працы ў Падуі называюць сакратаром дацкага караля Ганса. Ці пра адну і тую ж асобу ідзе гаворка ў розных крыніцах, задаўся пытаннем навуковец.

Падчас працы ў Ватыканскім архіве Алесь Жлутка знайшоў цікавыя дакументы, у якіх сакратар дацкага караля паведамляе пра тое, што да V Латэранскага сабору жадаў далучыцца маскоўскі цар.

Даследнік адзначыў, што падчас працы з дакументамі высвятляюцца надзвычай цікавыя рэчы: перад 1508 годам дацкі кароль Ганс прымаў у сябе дэлегацыю ад маскоўскага цара Васіля ІІІ. Паслы прасілі караля дамовіцца з Папам Рымскім Юліем ІІ аб доступе маскоўскага пасольства да Ватыканскага двара. Вядома, што дацкі манарх стараўся праз французскага караля паспрыяць уладкаванню маскоўскіх паслоў у Ватыкане. Падчас гэтых і наступных перамоў дацкі кароль спрабаваў дамовіцца з Васілём ІІІ аб паяднанні Цэркваў.

«У 1509 годзе да дацкага двара прыбыла таксама дэлегацыя польскага караля і Вялікага князя Жыгімонта, у падданстве якога на землях Беларусі і Украіны таксама былі праваслаўныя і дзе дакументацыя вялася на лаціне і старабеларускай мове. Узнікае пытанне: дзеля чаго патрэбны быў Скарына дацкаму каралю ў якасці сакратара? Адказ напрошваецца сам сабой: для дыпламатычных зносінаў з Жыгімонтам і Васілём ІІІ; Скарына выконваў экуменічную місію ў справе паяднання двух галінаў хрысціянства. Вельмі верагодна, што ў Даніі ён і атрымаў медычную адукацыю, каб пасля абараніць дактарат па медыцыне ў Падуі», — адзначае даследнік, аднаўляючы храналогію падзей, якія адбыліся больш за пяць стагоддзяў таму.

Тое, што Скарына мог быць непасрэдным удзельнікам дацкай дэлегацыі на V Латэранскі сабор — вельмі важная акалічнасць, лічыць Алесь Жлутка.

«Пашыраецца дыяпазон ягонай асобы, пашыраецца дыяпазон перамяшчэнняў Скарыны па Еўропе. Гэта кажа пра тое, што ён быў асобай рэнесанснага тыпу. А як вядома, дзеячы Адраджэння ў той час даволі шмат падарожнічалі па Еўропе, набываючы веды і працуючы ў розных галінах. А яго дзейнасць у экуменічным кірунку сведчыць аб шырыні светапогляду, аб яго адкрытасці. Тое, што ён мог удзельнічаць у справе паяднання падзеленых частак хрысціянства напярэдадні новага падзелу, які несла блізкая Рэфармацыя, надае яшчэ большую веліч ягонай постаці», — упэўнены навуковец.

Усе новыя звесткі абавязкова будуць апублікаваныя: навукоўцы плануюць выдаць новы зборнік дакументаў аб жыцці і дзейнасці Скарыны, і, магчыма, ён убачыць свет ужо ў 2017 годзе.



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Новыя звесткі пра біяграфію і постаць беларускага першадрукара Францішка Скарыну адшукаў, старэйшы навуковы супрацоўнік Інстытуту гісторыі Беларусі Алесь...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика