"Papa call me". Гарадзенка на Днях моладзі ў Польшчы напісала свой нумар на плакаце для Францішка
03.08.2016 06:04
—
Новости Общества
|
Гарадзенка Яна Шостак у час сустрэчы Папы Рымскага Францішка з валанцёрамі Сусветных Дзён Моладзі ў Кракаве узняла транспарант з надпісам «Papa call me» і сваім нумарам тэлефона. Папа пакуль не пазваніў, затое дзясяткі людзей з усяго свету павіншавалі за смеласць і арыгінальнасць. Беларуская мастачка Яна пяць год жыве ў Кракаве, дзе навучаецца ў Акадэміі мастацтваў. На Сусветных Днях Моладзі яна была валанцёркай. Яе нумар тэлефона на банеры, што дзяўчына ўзняла ў нядзелю, 31 ліпеня, паказалі тэлеканалы па ўсім свеце. «Да Папы — як да таты»— Гэтым жэстам, сваёй просьбай, я хацела падкрэсліць яго цёплае стаўленне да людзей. І што да яго можна звярнуцца таксама проста, як да таты, — распавядае Яна. — Хацела падкрэсліць яго прастату, адкрытасць і сучасную камунікацыю з вернікамі. Папа пакуль не патэлефанаваў да Яны, але з медый, блізкіх да Ватыкана, дзяўчына атрымала звестку, што гэта цалкам верагодна. — Праз пару тыдняў, калі трохі супакоіцца ажыятаж вакол акцыі, ён можа патэлефанаваць, — абнадзеілі мастачку. — Чакаю гэтага з нецярпеннем, — кажа Яна. — Хацела б паразважаць з ім пра сучаснае мастацтва, пра тое, што яно ўсё часцей любіць выходзіць па-за межы «белага куба» і пачынае супрацоўнічаць з рэкламай, навукай, псіхалогіяй і іншымі бакамі рэчаіснасці, — тлумачыць мастачка сваё жаданне. — Мастацтва робіцца быццам прапаведнікам, то чаму б сучаснаму мастацтву не пачаць супрацоўнічаць і з рэлігіяй? Бо ў гэтай сферы пакуль што мастацтва прадстаўлена роспісам касцёлаў, іконамі і карцінамі на рэлігійныя сюжэты. Аднак сучасныя формы мастацтва — інсталяцыі, відэа ці сучасная графіка — там пакуль адсутнічаюць. Вітанні з усяго светуПакуль жа Яна атрымлівае мноства паведамленняў з усяго свету. Ёй пішуць з Англіі, Індыі, Германіі, Швейцарыі, Польшчы ды іншых краін: «Я не Францішак з Ватыкану, а Дарэк з Радомя. Але перадаю табе свае сардэчныя вітанні!» «Шыкоўная ідэя! Не ведаю, хто ты, але я ўражана тваёй задумкай з нумарам тэлефона! Ганаруся табой! Шчыра захапляюся і зычу поспеху! Лаўра з Сасноўца» «Убачыла твой нумар па тэлевізары і ад усяго сэрца жадаю, каб Папа табе патэліў! Сардэчныя вітанні ад Евы з Ёрку, што ў Англіі.» «Хэй! Твой мэсэдж да Папы гэта крута! Прывітанні са Швейцарыі!» «Віншую, што адважылася паказаць той банер і шлю прывітанні з Пнева каля Познані! Д.» Што да адвагі, то, паводле Яны, гэты ўчынак вельмі адпавядае і словам самога Папы Францішка пра адвагу, якія прагучалі ў яго звароце да моладзі: «Быць надзеяй будучыні - гэта адвага. Будзьце адважнымі, не бойцеся!» Акцыя з нумарам тэлефона — не адзіная, якую Яна зладзіла ў Кракаве ў час Сусветных Дзён Моладзі. Разам з іншай студэнткай Акадэміі мастацтваў Марыяй Альбрыхтовіч яна зладзіла праект «Хто твой Папа?» Дзяўчаты падмянілі адзін са сцягоў з сімволікай свята на галоўнай плошчы горада. Гэтак побач са сцягамі з партрэтамі Яна Паўла ІІ і святой Фаўстыны з’явіўся сцяг з партрэтам Папы Францішка. Такі сцяг не быў запланаваны арганізатарамі, але падмены не заўважылі адразу — сцяг правісеў да канца тыдня. — Пачалося з таго, — распавядае дзяўчына, — што пад час прыгатаванняў да імпрэзы і візіта Францішка нідзе не было візуальнай рэкламы яго асобы. А ён, паводле мастачкі, з’яўляецца сімвалам перамен у каталіцкім касцёле і ў іншых галінах сучаснага жыцця. У Кракаве паўсюль былі толькі выявы Яна Паўла ІІ і сястры Фаўстыны. — Трэба прызнаць, што вялікая колькасць палякаў шануе Папу Яна Паўла найперш таму, што ён быў палякам. Па-за ўвагай часта застаецца тое, што ён напісаў шмат добрых кніг і многа чаго зрабіў для аб’яднання прыхільнікаў касцёла ў цэлым свеце. Што да Папы Францішка, то нават сярод валанцёраў Дзён моладзі былі тыя, хто не надта шанаваў яго за змены, якія ён нясе. — Было дзіўна для мяне, што на такіх спатканнях, дзе свет ідзе да таго, каб не звяртаць увагі на нацыянальнасць, дзе ўсе ведалі, што прыязджаюць людзі з цэлага свету, так шануюць менавіта нацыянальнасць. Я хацела выкарыстаць «тэрыторыю сцяга» для ўласнага паведамлення. Так дзяўчаты вырашылі стварыць партрэт Папы Францішка на сцягу, падобны па стылю і колерах да афіцыйных выяваў імпрэзы і павесіць той сцяг на галоўнай плошчы Кракава. — Спачатку, каб вывесіць сцяг, вышлі а чацвёртай раніцы — баяліся, што паліцыя перашкодзіць, бо акцыя была ўсё ж нелегальнай, — распавядае Яна. Але зрабіць задуманае не атрымалася. Сцягі былі замацаваны так высока, што нават з дапамогай высокай лесвіцы не ўдалося да іх дабрацца. Паўтарыць спрабу вырашылі ўжо ў час самой імпрэзы. Яны спрабавалі замацаваць новы сцяг на тым, што ўжо вісеў. Гэта заўважылі тэлевізійшчыкі з Ватыкану і паклікалі паліцыю. — Яны папрасілі паліцэйскіх дапамагчы нам зняць стары сцяг і павесіць новы. І тыя згадзіліся. Калі ўсведамляю, што здзейсніла акцыю такога масштабу, калі мяне, нікому невядомую, пабачыў амаль увесь свет — аж мову адымае, — кажа Яна. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Папа пакуль не пазваніў, затое дзясяткі людзей з усяго свету павіншавалі за смеласць і арыгінальнасць.
|
|