Тры тыдні без даху і святла: жыхары Мядзела пацярпелі ад навальніцы
19.08.2016 12:56
—
Новости Общества
|
Дом № 2 па вуліцы Юбілейнай — самы вялікі ў горадзе. У ім — восем пад’ездаў. 28 ліпеня ў час навальніцы вецер сарваў дах з паловы шматкватэрнага дома. Стыхія знесла шыфер, кроквы, цэглу, Пяты паверх заліло вадой. На калідоры загарэліся электралічыльнікі. Пажарныя іх патушылі. Але кватэры ў першым пад’ездзе засталіся без святла. Назаўтра лічыльнікі ўспыхнулі яшчэ раз, бо ў іх засталася вада. Пра гэта расказала Вікторыя Тарасевіч, якая жыве ў кватэры на пятым паверсе разам з мужам і маленькай дачкой. Графік працы ў жанчыны такі, што некалькі дзён на тыдзень магла б пакідаць дачку дома. Але заводзіць у садок, бо там, у адрозненні ад кватэры, цёпла, светла і суха. Па словах Вікторыі, рамонтныя работы актыўна вяліся два дні пасля навальніцы. Потым, кажа жанчына, засталася працаваць брыгада з трох-чатырох чалавек. Будаўнікі не паспелі зрабіць нічога істотнага. Таму ў ноч з 9 на 10 жніўня моцны дождж зноў заліў кватэры на пятым паверсе. У прыхожай у Вікторыі мокрыя столь і сцены. У спальні вада ліецца з люстры. Ложак таксама мокры. Усюды пах цвілі. Сапсаванае адзенне і іншыя рэчы. Жанчына неаднаразова звярталася ў аддзел жыллёва-камунальнай гаспадаркі раёна. Паводзіны супрацоўнікаў яе не задавальнялі: — У нас праблема, а яны то жартуюць, то абражаюць, то перакладаюць адказнасць адзін на аднаго. Як кажа Вікторыя, пасля такіх адносін яна пачала грукаць ва ўсе дзверы, тэлефанаваць на тэлебачанне. Вельмі хочацца, каб пра бяду жыхароў даведалася больш людзей. І каб праблема нарэшце вырашылася. Жанчына абышла ўсе кватэры на пятым паверсе. Заўважыла, што ў некаторых суседзяў сітуацыя яшчэ горшая. Сярод сямей, якія церпяць невыносныя ўмовы, ёсць шматдзетныя. Людзі вымушаныя прадаваць рэчы, бо няма як іх захоўваць. А зусім сапсаваныя выкідаюць. Усім без выключэння жыхарам апошняга паверха трэба клеіць новыя шпалеры. Паступова вада пачынае цячы на чацвёрты паверх. Кватэра пенсіянеркі Тэрэсы Петруковіч на пятым паверсе таксама моцна пацярпела ад стыхіі. Вада ў спальні, прыхожай. Пацякло ўжо і ў зале, бо надвор’е даждлівае, а маленькая брыгада не можа хутка зрабіць дах. Жанчына не разумее, чаму нельга накіраваць на такі тэрміновы рамонт больш будаўнікоў. Абяцалі, што прыедзе брыгада з васьмі чалавек, але жыхары пакуль яе не дачакаліся Пенсіянерка цікавілася ў супрацоўнікаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі, ці кампенсуюць ёй выдаткі хаця б за залітыя шпалеры. Аднак дакладнага адказу так і не атрымала. Супрацоўнікі ЖКГ: Мы не сядзім без справыПа словах дыспетчара жыллёва-камунальнай гаспадаркі, які працаваў 13 жніўня, яны не разумеюць абурэння грамадзян. Кажуць, што людзей не кінулі. Работнікі пачалі працаваць на даху адразу пасля стыхійнага бедства. У той самы дзень дацямна чысцілі дах ад смецця. Пасля закаталі яго спецыяльным мяккім пакрыццём. У кватэры, дзе няма электрычнасці, правялі дзве часовыя разеткі. Знайшлі падрадчыка, распрацавалі базавы праект. Усё гэта справа не аднаго дня. На частцы дома ўжо паставілі кроквы. Сіламі жыллёвы-камунальнай гаспадаркі ладзілі суботнікі. Чакалі, што да працы далучыцца нехта з жыхароў. Але ніхто не выйшаў. Два пад’езды накрылі плёнкай. На пытанне пра большую колькасць будаўнікоў, адказваюць, што брыгада ў 7−8 чалавек на даху не патрэбная. Святло падключылі 15 жніўня. Дах абяцаюць зрабіць на працягу месяца. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Людзі вымушаныя прадаваць рэчы, бо няма як іх захоўваць. А зусім сапсаваныя выкідаюць.
|
|