Незвычайныя госці закінутых вёсак: як мядзведзі, лосі ды барсукі кормяцца ў яблыневых садах
09.01.2017 14:26
—
Новости Общества
|
Хто прыходзіць ў бязлюдныя вёскі ды на закінутыя хутары? Лосі, барсукі, мядзведзі, лісы ды ваўкі. Вучоны распавёў TUT.BY, як слівы ды яблыкі прывабліваюць дзікіх жывёл туды, адкуль сышоў ці збіраецца сысці чалавек.
На жаль, на Беларусі закінутыя вёскі сустракаюцца ня толькі там, адкуль людзей выгнала Чарнобыльская навала. Шмат вясковых людзей, асабліва маладзёны, пацягнуліся за лепшым, цывілізацыйна пасунутым жыццём — у Мінск і іншыя месцы. А нашы прыгожыя і шматпакутныя вёсачкі пусцеюць. Амаль што заўжды ў былых вёсках застаюцца раскошныя сады, нават калі ўвогулле знікаюць хаты. Пераважна там растуць яблыні ды слівы. Напрыканцы лета і ў першую палову восені ў садах — напружнае спажыванне садавіны. Людзі-збіральнікі годных яблыкаў, бурыя мядзведзі, дзікі, барсукі, лосі, казулі, янотападобныя сабакі, лясныя куны, — ўсе тут. Усё гэта жыццёвае мроіва было цікава пабачыць. Шэраг гадоў мы з маёй радзінай праводзілі аматарскае адаследаванне з дапамогай фотапастак на паўночным усходзе Беларусі. З восені 2016 года асабліва прыгадваем дзень, калі ўжо мелі шмат гожых і заалагічна інфарматыўных фотаздымкаў і збіралі свае фотапасткі. Хацелі толькі агледзець тыя фотапасткі, што пакінулі ў садах зніклай вёскі Немцава (ў Гарадоцкім раёне Віцебскай вобласці). Часу да змяркання было няшмат, а сыны, пяцігадовы Вінцэсь і десяцігадовы Болесь, ня гэткія ўжо і спраўныя хадакі. Пад’ехалі «Нівай» да вёскі Кавалёва, у якой засталіся толькі тры жылыя хаты. Я пашыбаваў у шмат гадоў знаёмую хату, каб папрасіць немаладога ўжо гаспадара падвезці нас у Немцава на конным возе. Гэта было б надта цікава маім сынам, бо на конным возе яны дагэтуль ня ездзілі. Гаспадара не было дома, але адазваўся ягоны сын — спагадлівы дзяцюк гадоў дваццаці. Надта ўразіўся, як ён цягам пятнаццаці хвілін спрытна закілзаў каня, і мы шпарка ехалі па закінутай, напаўзарослай і некалі моцна разбітай дарозе на Немцава. Неўзабаве ня будзе на нашых вёсках ані конных вазоў, ані маладзёнаў, што яшчэ здольныя апрануць збрую на каня. Гэтыя і іншыя смутныя думкі прыводзілі да высновы, што нарадзіўся я занадта позна. Узгадаўся барсучы даследчык з Галандыі, які прыязджаў да нас гадоў ужо дзесяць таму. Ён быў апантаны фільмаваннем, як сяляне працуюць з коньмі - гэта прыгожа, захапляе, але ў Галандыі ўсё гэта знікла дазвання. Праз тры кілометры мы апынуліся ў Немцава, якое поўнілася яблыкамі ды мядзведзямі. Часам бываюць нісчымныя аб’езды ды абыходы фотапастак. Другім разам, наадварот, надта шанцуе. Аднаго разу ў закінутай, некалі немалой вёсцы Карнілы, што на Гарадоччыне, цягам двух тыдняў мы зафільмавалі аж сем розных мядзведзяў: матку з трыма мядзведзянятамі, вялікага дарослага самца, ды два напаўдарослых. Гэтым разам у Немцава цягам месяца на трох фотапастках былі шматлікія фотаздымкі аднаго, але немалога мядзьведзя, а таксама фотаздымкі Руднянскага жыхара Мядзведзя Міхала Міхалавіча за сборам яблык пры тых жа самых дрэвах. Гэтае ягонае прозвішча і імя не мянушка і ня жарт, але забаўнае супадзенне — ён і сам з гэтага часам пацяшаецца. Вось і думай пасля гэтага на агульнафіласофскія тэмы аб нашым жыцці. Былі зафіксаваныя і іншыя людзі, збіральнікі яблык ды сліў. У Немцава былі і сотні фотаздымкаў янотападобных сабак і дзікоў, гэтыя звяры — аматары пад’есці дармавой садавіны; дзясяткі фотаздымкаў барсукоў, лясных кун, ласёў і казуль, тысячы фотаздымкаў драздоў і дробных грызуноў (таксама ахвотнікаў да яблыкаў і іхніх семянак); зафільмаваўся нават воўк, што яблыкаў ня есць, але зайшоў пацікавіца зверыной. Што тычыцца мядзведзяў, убачыць іх таксама тамака ня надта лёгка. Але мядзведзі пакідаюць пасля сябе адзнакі дзейнасці. Ламаюць слівы і галіны яблынь, пакідаюць адзнакі кіпцюроў, калі лезуць на дрэва за яблыкамі, ці адмыслова знакуюць месцы свайго харчавання. Пасля візітаў мядзведзяў застаюцца мядзвежыя лёжкі, сцежкі дый проста адбіткі лап, а таксама шматлікія вялікія апраўкі, большасць якіх утрымлівае нястраўныя рэшты яблык ды сліў. Па восені ў садах трапляюцца цецерукі — прычым відавочна часцей, чым па-за межамі закінутых вёсак. У Немцава стала зразумела, чаму так. Трапіліся на вока парэшткі цецерука, з’едзенага лісам, або янотападобным сабакам. Ня з’едзены, але разарваны быў цецеруковы страўнік, які дазвання быў набіты яблычнымі семкамі. Пры гэтым разламаных цецерукамі яблыкаў нідзе не было відаць, затое досыць вялікія мядзвежыя апраўкі шмат былі расцярушаныя — там і збіралі гэтыя семачкі цецерукі. Увосень мінулага году ў малой вёсцы Ляхоўцы, што ледзь трымаецца сярод лясоў у Гарадоцкім раёне, мы размаўлялі аб мядзведзях з дзядзькам у гадох. На пытанне, ці прыходзяць мядзведзі ў Ляхоўку, каб пад’есці яблыкаў, ён упэўнена адмаўляў гэтую мажлівасць. Але вакол месца, дзе мы стаялі, я бачыў не адну мядзвежую апраўку. Зараз мядзведзі ўжо спяць у бярлогах, а мы вышыхтоўваем адпаведныя аматарскія планы на наступную восень. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Хто прыходзіць ў бязлюдныя вёскі ды на закінутыя хутары? Лосі, барсукі, мядзведзі, лісы ды ваўкі. Вучоны распавёў TUT.BY, як слівы ды яблыкі прывабліваюць дзікіх жывёл... |
|