У віцебскіх "Курапатах" новыя страшныя знаходкі - вандалы раскапалі 7 брацкіх магіл. 21.by

У віцебскіх "Курапатах" новыя страшныя знаходкі - вандалы раскапалі 7 брацкіх магіл

07.04.2017 13:15 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Віцебскімі «Курапатамі» — недаследаваным месцам масавых пахаванняў, тры гады таму пачалі называць вёску Хайсы недалёка ад абласнога цэнтра. Увосень 2014 года вяскоўцы знайшлі ў суседнім лесе паўдзесятка раскапаных ям з чалавечымі парэшткамі, а дзе-нідзе косткі і чарапы былі і ўвогуле раскіданыя пад нагамі.


«Ямы, косці, чарапы»

Сёлета ўвесну жахлівая гісторыя паўтарылася, але ў іншым месцы. Мясцовы жыхар Юрый Садкоў знайшоў каля 7 вялікіх раскопаў. Акрамя таго, ён заўважыў каля 10 маленькіх ям.


— Як толькі растаў снег, мы з жонкай пайшлі ў лес — прагуляцца і назбіраць марожаных ягад. Лес тут блізка, ад ускрайку Хайсоў кіламетры 3−4 праз поле. У лесе балота, там і журавіны растуць, і буякі, а яны смачныя з-пад снегу. Я часта хаджу ў гэты лес, апошні раз быў тут у пачатку снежня. І ўсё было звычайна.

А ў мінулую пятніцу гляджу: жоўты жвір, нешта раскапана… Падыходжу і бачу — жах! Ямы, а каля іх раскіданыя чалавечыя косці, чарапы, у іх дзіркі на патыліцы. У некаторых захаваліся зубы, нават скура! І нейкія рэчы — грабеньчыкі, акуляры, вельмі шмат гумавага абутку. Я нават разглядаць дужа не стаў, бо гэта страшна: такое ўражанне, што ідзеш па разрабаваных могілках! — кажа Юрый Садкоў.


Юрый Садкоў

Спадар Юрый паклікаў жонку, паказаў ёй страшныя знаходкі. Кажа, што думка была адна: тут пабывалі «чорныя капальнікі». Пра іх «дзейнасць» у наваколлі чулі даўно: нехта прыяжджае шукаць каштоўныя рэчы, нехта — зброю. Чалавечыя парэшткі для капальнікаў каштоўнасці не ўяўляюць, і яны пакідаюць іх на ўскрайках раскопаў, а закапаць ямы не рупяцца.


«Не звяроў трэба баяцца»

Параіўшыся са сваякамі, Юрый Садкоў вырашыў: трэба звяртацца ў міліцыю. Па-першае, каб неадкладна навялі парадак і чалавечыя парэшткі не валяліся па лесе. Па-другое, каб не падумалі на мясцовых жыхароў, а шукалі тых, хто насамрэч вінаваты.

— Патэлефанавалі. Увечары прыехала міліцыя. Цёмна, а яны нават без ліхтарыкаў. Падсвечвалі сабе тэлефонамі. Жанчына, мабыць, следчая, усё мяне распытвала, якія звяры тут водзяцца. Ёй, напэўна, было страшнавата ісці ў лес. Але не звяроў трэба баяцца, а вось такіх «чорных капальнікаў».

Міліцыянты паглядзелі, забралі некалькі костак і чарапоў ды паехалі. З тае пары прайшоў тыдзень, косці як ляжалі, так і ляжаць. Ямы не закапаныя. Прычым я бачу, у лесе ёсць не толькі раскапаныя месцы, а нібыта проста пазначаныя. Быццам нехта капнуў ды пакінуў. Ці то металашукальнік нічога не паказаў, ці наадварот, паказаў, і гэтае месца пазначылі, каб пасля прыехаць, — разважае Юрый Садкоў.


Спадар Садкоў ведае, што ў гэтым самым лесе тры гады таму знаходзілі чалавечыя косткі. Гісторыя прыцягнула ўвагу віцебскіх актывістаў, якія пачалі збіраць сведчанні мясцовых жыхароў. Старажылы расказалі, што ў гэтым лесе ў 1938−1939 гадах расстрэльвалі людзей.

Парэшткі пахавалі як ахвяраў вайны

Аднак сведчанні мясцовых жыхароў ігнаруюць, гаворыць віцебскі актывіст, стваральнік грамадскай ініцыятывы «Хайсы» Ян Дзяржаўцаў:

— Мы хацелі ўзяць удзел ва ўшанаванні памяці загінулых, а іх цішком пахавалі пад выглядам ахвяраў Вялікай Айчыннай вайны! Мы стваралі ініцыятыву «Хайсы», каб займацца ўшанаваннем памяці мірных людзей, загубленых у гэтым лесе. Спадзяваліся і на ўдзел дзяржаўных органаў, бо гэта ж нашы грамадзяне тут ляжаць… Аднак нашы звароты ў розныя структуры прывялі толькі да таго, што ад удзельнікаў ініцыятывы пачалі скрываць вынікі даследаванняў.


Ян Дзяржаўцаў

Актывісты пісалі звароты ў міліцыю, Следчы камітэт, але дагэтуль не ведаюць, куды падзелі некалькі костак і чарапоў, якія забралі з гэтага лесу.

— Мы настойвалі на выкліканні спецыяльнага батальёну для эксгумацыі і даследаванняў, аднак не ведаем усіх высноў, зробленых вайсковым археолагам, бо нам паказалі толькі некалькі старонак, — працягвае Ян Дзяржаўцаў.

Абыякавасць уладаў, на думку актывіста, і прывяла да наяўных наступстваў. Знойдзеныя раней за пару кіламетраў адсюль парэшткі летась перазахавалі на брацкіх могілках каля чыгуначнай станцыі Лужасна. І больш у гэтым лесе ніякіх даследаванняў не праводзілі.


Ян Дзяржаўцаў прыгадвае словы археолага Мікалая Крывальцэвіча, якога пару гадоў таму ён запрашаў паглядзець на раскапаныя ямы з чалавечымі парэшткамі. Навуковец, які быў экспертам эксгумацыі курапацкіх пахаванняў, тады зазначыў: «Гэта вельмі падобна на тое, што мы бачылі ў Курапатах».

Аднак для мясцовых уладаў усе паралелі з Курапатамі гучаць як пагроза: яшчэ ў 2015 годзе старшыня Мазалаўскага сельсавета Леанід Дубіна сказаў, што ў яго няма грошай на помнікі загінулым у часы cталінскіх рэпрэсій. Які лёс чакае знойдзеныя цяпер парэшткі, пакуль няясна. Чалавечыя косткі ляжаць на жвіры каля раскапаных вандаламі ямін, і колькі яшчэ такіх раскопаў у лесе пад Хайсамі, дакладна не ведае ніхто.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Віцебскімі "Курапатамі" - недаследаваным месцам масавых пахаванняў, тры гады таму пачалі называць вёску Хайсы недалёка ад абласнога цэнтра. Увосень 2014 года...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика